Глядзець у адным напрамку. Хочаш быць шчаслівым – будзь

Прызнаюся, няпроста было выбраць кадр з фотасесіі для сённяшняга «Сямейнага партрэта». А «няпростасць» заключалася ў тым, што літаральна ўсе фотаздымкі атрымаліся выдатнымі. І «вінаватыя» ў гэтым Людміла і Аркадзій Сакуны. Прыгожыя людзі, цікавыя суразмоўцы, яны, здаецца, выпраменьваюць добразычлівасць і нейкую асаблівую, заўсёдную, трываласць светлых пачуццяў – тых, што не сыграеш, не пазычыш. Проста яны ёсць, і ў даным выпадку гэта аксіёма, пацверджаная без году паўстагоддзем шчаслівага шлюбу Аркадзія Андрэевіча і Людмілы Фёдараўны.

Ён заўсёды быў у цэнтры падзей. Многія землякі пазнаёміліся з Аркадзіем Андрэевічам, пачулі пра Сакуна, калі ён працаваў у калгасе «Іскра» – паспяховы старшыня паспяховай гаспадаркі. Потым узначальваў раён.
Яна ж забяспечвала надвор’е ў доме і таксама працавала. Педагог па адукацыі, настаўніца рускай мовы і літаратуры, Людміла Фёдараўна і філосаф, і тактоўны чалавек, і ўмелая гаспадыня, і, зрэшты, абаяльная жанчына. Трапіць на першы план не імкнулася, але і ў цень ніколі не хавалася. У яе свой пункт гледжання на ўсё, і што зробіш, калі ён у абсалютнай большасці выпадкаў супадае з мужавым.
– І раней, і сёння мы раімся наконт усяго, што збіраемся зрабіць, абмяркоўваем, дапамагаем адзін аднаму, чуем адзін аднаго і глядзім у адным напрамку, – разважанні Людмілы Фёдараўны можна канспектаваць як лекцыю па жыццёвай дыпламатыі.
Ды і Аркадзій Андрэевіч ніколі не хаваў, як многа для яго значыць сям’я. Калі паўтара дзясятка гадоў таму рыхтавала да друку інтэрв’ю з Сакуном і задала яму пытанне наконт галоўных каштоўнасцей жыцця, у адказ пачула (цытую даслоўна):
– Мая сям’я. Прычым у гэтым быў перакананы замалада… Успамінаю час, калі дзеці былі маленькімі і бачыў я іх больш па вечарах. Аднак паспяваў і школьнымі адзнакамі пацікавіцца, і паглядзець, што яны чытаюць, і паслухаць пра іх што-дзённыя «адкрыцці». Я даволі строгі бацька, заўсёды імкнуўся выхаваць у сына і дачкі павагу да людзей… Мы з жонкай расцілі дзяцей у любві. Што тычыцца ўнукаў, то гэта любоў асаблівая. Ім аддаеш тое, што не дадаў уласным дзецям з-за пастаяннага недахопу часу, з-за маладосці.
Такая жыццёвая мудрасць. Без апломбу, без пазёрства. Шчыра, душэўна, сардэчна – з любоўю.
…Шмат чытаюць. Для кніг знаходзілі час заўсёды. Любяць прыроду. Цяпер, калі не трэба спяшацца на працу, практычна ўсе 24 гадзіны ў суткі яны разам. На пытанне пра самыя шчаслівыя імгненні жыцця Людміла Сакун успамінае, як усё пачыналася і «ах, якое было наша вяселле на радзіме мужа ў Сакунах і ў маёй вёсцы ў Клецкім раёне»…

Яны – і суаўтары, і галоўныя дзеючыя асобы сумеснажыццёвага сюжэта, у якім ні час, ні «стаж», ні будні, ні пасады, ні быт не здолелі прыменшыць гэта цудоўнае жаданне быць разам, скіроўваючы і погляды, і позіркі ў адным напрамку.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *