«Лісты шчасця» паляцелі. Навучэнцамі ЛДАКа сталі 159 учарашніх школьнікаў

Ну як, можна ўздыхнуць павольна?
Напэўна, гэтыя словы напрыканцы ўступнай кампаніі чуе кожны абітурыент. Зусім хутка «лісты шчасця» (так празвалі абітурыенты паведамленні аб залічэнні ў навучальныя ўстановы ў сацыяльных сетках, дзе дзяліліся прыемнай навіной з іншымі) атрымаюць або ўжо атрымалі навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

План прыёму ў каледж перавыкананы: замест запланаваных 156 чалавек вучыцца за кошт дзяржавы на спецыялістаў сельскагаспадарчай сферы будуць 159 навучэнцаў. Конкурс пры паступленні быў невялікі, але быў – 1,05 чалавека на месца.
На аддзяленне ветэрынарнай медыцыны сёлета залічана 58 навучэнцаў (больш, чым на іншыя спецыяльнасці): 30 паступілі пасля 9 класаў, 28 – пасля 11). І, як заўсёды, на гэту спецыяльнасць самыя высокія прахадныя балы.
Важкае папаўненне і ў заатэхнікаў: залічана больш за паўсотні абітурыентаў.
Каб атрымаць прафесію агранома, адпаведнае аддзяленне ЛДАКа выбралі 25 дзевяцікласнікаў. Сярод лдакаўскіх спецыяльнасцяў не менш запатрабаваная – плодаагародніцтва. 25 учарашніх адзінаццацікласнікаў у хуткім часе стануць сапраўднымі сельскагаспадарчымі профі.
Сёлета за ходам прыёмнай кампаніі можна было сачыць у рэжыме анлайн – інфармацыя на сайце ўстановы аднаўлялася тройчы на дзень. А калі прыём дакументаў быў завершаны, хутка з’явіліся і імёны шчасліўчыкаў.
Патэнцыяльныя лдакаўцы яшчэ падчас падачы дакументаў цікавіліся ўмовамі пражывання ў інтэрнаце, многія нават выказалі жаданне прагуляцца па студэнцкім шматпавярховіку, зазірнуць у пакоі. Дарэчы, засяленне плануецца на 2 верасня.
Многія першакурснікі з нашага горада і раёна, шмат баранавіцкіх рабят, ёсць навучэнцы з Клецкага, Слуцкага, Нясвіжскага, Капыльскага раёнаў, трое – з Расіі і Казахстана.
Уразіла мэтанакіраванасць і ўпэўненасць сёлетняй лдакаўскай змены. Многія з выбарам навучальнай установы вызначыліся яшчэ за год да паступлення і неаднаразова прымалі ўдзел у днях прафарыентацыі. Канешне, адыгралі сваю ролю і прэзентацыі спецыяльнас-цяў падчас дзён адчыненых дзвярэй. А некаторыя пра агракаледж даведаліся з кірмашу прафесій «Абітурыент-2018», што праходзіў у Лядовым палацы ў Баранавічах.
Дарэчы, ёсць магчымасць пасля заканчэння каледжа працягваць вучобу па праграме бесперапыннай інтэграванай сістэмы пра-фесійнага навучання: выпускнікі каледжа могуць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па скарочанай праграме.
Адным словам, стаў лдакаўцам – карыстайся выдатнымі магчымасцямі для росту.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *