Пра санітарную службу і не толькі

На прамой лініі «ЛВ» на гэты раз працавалі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій ЦІХАНАЎ і ўрач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін СКАРЫНА. Прапануем чытачам раёнкі адказы на шэраг актуальных пытанняў.

– У перыяд збору ягад-грыбоў заўсёды маецца верагоднасць «злавіць» кляшча. Што рабіць у такой сітуацыі?
                                    Марына, г. Ляхавічы.
– Канешне, лепш яе папярэдзіць: пры прагулках у лесе закрываць адкрытыя ўчасткі цела, карыстацца рэпелентамі, абкошваць дачныя і прысядзібныя ўчасткі, каб не даць кляшчам магчымасці пасяліцца побач з вамі. Адзенне і цела неабходна перыядычна агля-даць.
Калі ж сустрэчы з кляшчом пазбегнуць не ўдалося, паспрабуйце яго выдаліць самастойна. Калі не атрымалася – звярніцеся ў медустанову. У першыя трое сутак пасля ўкусу, калі супрацьпаказанні адсутнічаюць, урач назначыць прафілактычнае лячэнне і вызначыць неабходнасць у даследаванні кляшча.
Штогод санітарная служба трымае пад кантролем сітуацыю з распаўсюджаннем кляшчоў. Вясной апрацоўвалі зоны адпачынку на Ведзьме і Шчары, у лагеры «Чайка», гарадскім парку.
– Купіў у магазіне сардэлькі, павячэраў, а раніцай адчуў сябе дрэнна. Пэўна, атруціўся пакупкай… Прыміце меры да такіх гандляроў!
                                       Аркадзій БАЎТРУКЕВІЧ,
                                      ляхавічанін.
– Адназначна сцвярджаць, што прычынай дрэннага самаадчування сталі менавіта сардэлькі, нельга – прайшло больш за паўсутак. Пры ўжыванні няякаснага прадукту атручэнне можа праявіцца праз 1-4 гадзіны. Самае правільнае ў вашай сітуацыі было звярнуцца за меддапамогай. А гандлёвую кропку, дзе вы рабілі пакупку, наведае супрацоўнік райЦГіЭ з мэтай ацэнкі ўмоў захоўвання прадуктаў і тэрмінаў прыгоднасці.
Дарэчы, за першае паўгоддзе спецыялісты раённай санітарна-эпідэміялагічнай службы правялі 141 кантрольнае мерапрыемства на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання і харчовай прамысловасці, у 131 выпадку выяўлены парушэнні. Забаронена рэалізацыя каля 95 кілаграмаў прадуктаў.
– У райцэнтры часта можна бачыць бадзяжных сабак і катоў. Яны жывуць у дварах жылых дамоў, падвалах. Як гэта ўплывае на санітарную абстаноўку?
І другое пытанне: падкажыце, куды звяртацца, калі ў памяшканні завяліся насякомыя-шкоднікі?
                                     Наталля, г. Ляхавічы.
– Санітарную службу пытанне, звязанае з бадзяжнай жывёлай, клапоціць, у першую чаргу, у сувязі з неабходнасцю папярэджання шаленства. Адлоў – кампетэнцыя камунальнікаў. Мы таксама ініцыюем адлоў, асабліва, калі паступаюць сігналы пра ўкусы. Шаленства ў нашым раёне сярод дзікіх жывёл не рэгістравалася, але быў выяўлены дамашні сабака з гэтым вострым інфекцыйным захворваннем.
41 чалавеку пасля ўкусаў дзікіх і дамашніх жывёл была аказана антырабічная дапамога.
Наконт другога пытання трэба звяртацца да нас, у санітарную службу. РайЦГіЭ праводзіць дэзынфекцыю па заяўках насельніцтва і юрыдычных асоб. Паслуга гэта платная. «Выводзім», напрыклад, тараканаў. Сёлета ў санслужбу для апрацоўкі памяшканняў ад блох звярталіся дзесяць арганізацый.
– Тэлефаную з Падлесся. Сцёкавыя воды з каналізацыйнай помпавай станцыі цякуць у мой агарод…
                                  Іван СМАРШЧОК,
                                  аг. Падлессе.
– Спецыялісты райЦГіЭ выехалі на месца і ацанілі сітуацыю. Гаспадар каналізацыйна-помпавай станцыі – жылкамунгас . Выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў узята на кантроль спецыялістамі райЦГіЭ.
                                   Пытанне ад «ЛВ»:
– Хутка пачнецца вакцынацыя супраць грыпу. Вірус грыпу пастаянна муціруе, прыстасоўваецца да знешніх уздзеянняў. Ці можна быць упэўненым, што прышчэпка засцеражэ ад захворвання?
– Безумоўна, прышчэплівацца трэба абавязкова. Гэта самы надзейны спосаб засцерагчыся ад хваробы, і нават калі прышчэплены чалавек захварэе, то ў яго грып будзе працякаць у больш лёгкай форме.
Штогод у раёне прышчэпліваецца каля 40 працэнтаў насельніцтва, што дазволіла значна знізіць узровень захворвання, эпідэмія грыпу не аб’яўляецца шмат гадоў запар. А гэта, акрамя іншага, і зніжэнне затрат на лячэнне.
На прамой лініі працавала
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *