Тут ведаюць усё

 

Слова віншавальнае

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі – калектыву і ветэранам аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна.

Колькі насельніцтва жыве ў горадзе, а колькі – на вёсцы? З якой рэнтабельнасцю працуе тое ці іншае прадпрыемства? Колькі і якога тавару прададзена праз гандлёвыя сеткі? Дакладныя адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні ведаюць у аддзеле статыстыкі Ляхавіцкага раёна галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці.
Тутэйшы калектыў (а гэта ўсяго чатыры чалавекі) збірае і апрацоўвае інфармацыю па ўсіх накірунках жыццядзейнасці раёна. Статыстычныя звесткі – не толькі каштоўны матэрыял для аналізу ўзроўню развіцця рэгіёна, але і аснова для шматлікіх прагнозаў. Пераправерыць кожную лічбу, каб у агульную справа-здачу не трапіла памылка, – справа для кампетэнтных, дакладных, уседлівых – такіх як намеснік начальніка Іна Скопінцава і галоўны спецыяліст Ніна Гаспадарык. А, напрыклад, спецыяліст па правядзенні абследаванняў Ларыса Малочка – работнік не кабінетны, працуе, што называецца, на мясцовасці: у паддоследнай групе вывучае ўзровень і структуру даходаў-расходаў, склад падсобнай гаспадаркі і яе прыбытковасць. Дзённікі з мясцовым матэрыялам – таксама каштоўная інфармацыя ў межах краіны.
Вялікая ўвага сёння надаецца збору даных па занятасці насельніцтва. Сур’ёзны ўчастак работы – падрыхтоўка да перапісу, што пройдзе ў кастрычніку 2019 года.
На службу статыстыкам прыходзяць сучасныя тэхналогіі: перапіс – на планшэтах, анкетаванне рэспандэнтаў – анлайн. Наогул, сёлета 99,2 працэнта ад агульнай колькасці статыстычных справаздач з арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна было пададзена ў аддзел у электронным выглядзе.
Дарэчы, начальнік аддзела Вольга Вялічка расказвае, што зводныя статыстычныя даныя зусім не сакрэт і даступныя ўсім жадаючым: калі нечага не знайшлі на афіцыйным сайце Дзяржстата – калі ласка, у яго рэгіянальныя аддзелы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *