За тыдзень да школы

Школьныя зборы заканчваюцца. Для бацькоў гэта справа даволі затратная, асабліва калі вучняў у сям’і некалькі. Каб 1 верасня стала сапраўдным святам для рабят з малазабяспечаных сем’яў, паклапаціліся многія прадпрыемствы і арганізацыі. Не пакінулі без увагі такую значную падзею і грамадскія аб’яднанні – БРСМ, прафсаюзы, «Белая Русь», таварыства Чырвонага Крыжа, актыўна далучаюцца неабыякавыя землякі.Дарыць падарункі дзецям на новы навучальны год – традыцыя добрая, прыемная, якая набывае ўсё новых прыхільнікаў.
У Ляхавіцкім раёне аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку 728 хлопчыкаў і дзяўчынак да навучальнага года атрымалі пакуль 345 мнагадзетных сем’яў. На гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана амаль 25,5 тысячы рублёў – на кожнага вучня па 35 рублёў. Такія выплаты прадугледжаны ў межах рэалізацыі ў раёне дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады.
Выплата такой дапамогі праводзіцца ў асноўным па выяўляльным прынцыпе. Заява патрэбна толькі ў выпадках, калі мнагадзетная сям’я зарэгістравана ў нашым раёне, а дзеці вучацца па-за яго межамі.
Дарэчы, зараз удакладняюцца спісы. Па ўзнікшых пытаннях неабходна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Акрамя таго, прыняты рашэнні аб аказанні аднаразовай сацыяльнай дапамогі на 1075 рублёў і штомесячнай сацыяльнай дапамогі сем’ям на 18287 рублёў.
Калектыўныя даговоры ў многіх прадпрыемствах і арганізацыях прадугледжваюць матэрыяльную дапамогу сем’ям з дзецьмі школьнага ўзросту. Найбольш істотная такога кшталту падтрымка на кансервавым і торфабрыкетным заводах, ільнозаводзе, у ПМС, лясгасе, райбальніцы, ЦБП «Беларусбанк», ТЦСАН, аддзеле па адукацыі райвыканкама.
Райкам прафсаюза работнікаў АПК далучыўся да рэспубліканскай галіновай прафсаюзнай акцыі «Дзеці ідуць у школу»: дапамога на зборы ў школу васьмі мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям работнікаў АПК склала 400 рублёў.
Няма такой дабрачыннай акцыі, якая абышлася б без удзелу таварыства Чырвонага Крыжа. Школьная – не выключэнне. Якім будзе партфель, сабраны актывістамі БРСМ, пакажа акцыя «У школу з добрым сэрцам».
Рыхтуюцца да школы і «веснікаўцы». Вучнёўскія прыналежнасці з дня на дзень адправяцца па адным са школьных адрасоў.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *