На Ляхавіччыне адкрыта новая праваслаўная царква

Субота 14 ліпеня 2012 года, без перабольшвання, увойдзе ў гісторыю Ляхавіччыны як важная дата ў рэлігійным, культурным і гістарычным жыцці раёна. Гэты дзень стаў сапраўдным доўгачаканым святам для праваслаўных хрысціян не толькі Ляхавіцкай акругі, але і іншых прыходаў, свяшчэннаслужыцеляў, мясцовай улады, усіх неабыякавых людзей, якія берагуць, шчыра шануюць і прымнажаюць гісторыю роднай Беларусі. І нават надвор’е, якое дажджом спрабавала ўнесці свае карэктывы, не здолела сапсаваць той узнёслы, натхнёны і шчаслівы настрой усіх, хто суботняй раніцай, пакінуўшы дома ўсе справы, прыгожа ўбраўшыся, спяшаўся да святога месца. Туды, дзе велічна сустракаў шматлікіх гасцей новы, толькі пабудаваны права-слаўны храм — Свята-Троіцкая царква, што ў Дараўскім прыходзе. Залатыя купалы з асаблівым бляскам датыкаліся да ўсяго наваколля сонечнымі промнямі. Вочы мясцовых прыхаджан свяціліся радасцю і шчасцем, людзі віншавалі адзін аднаго са святам, і часта можна было пачуць: «Дзякуй Богу, дачакаліся. Як цудоўна, што такая прыгожая царква ў нас з’явілася». Няма сумненняў у тым, што ў новым храме будзе заўсёды мнагалюдна, сюды будуць спяшацца з навакольных вёсак дарослыя і дзеці, якім неабыякавы свой духоўны свет, — каб акунуцца ў атмасферу веры і любві да Бога і бліжняга, знайсці душэўны спакой, мір і гармонію, а, магчыма, і шлях да сябе. Сёння рэлігія — адзін з галоўных памочнікаў дзяржавы ў выхаванні сапраўднага патрыёта, грамадзяніна, чалавека.

…Па ўсыпанай кветкамі дарожцы паасобку, сем’ямі, спяшаліся ў храм людзі, каб разам, у адзіным памкненні, з верай і надзеяй акунуцца ў атмасферу свята, якое разам з прыхаджанамі і мясцовымі свяшчэннаслужыцелямі раздзялілі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцефан, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук і мецэнат, у многім дзякуючы якому і была пабудавана Свята-Троіцкая царква, — неабыякавы чалавек Валянцін Траско. Менавіта Валянцін Уладзіміравіч разам з Уладыкам Сцефанам, Благачынным цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгіем Жытко ініцыявалі будаўніцтва храма. А Валянцін Траско як прадстаўнік прадпрыемства «Электрабуд-Заходняя Сібір» (горад Ніжнявартаўск, Расія) стаў галоўным інвестарам. Фінансавую дапамогу ў будаўніцтве царквы аказвала таксама ЗАТ «Атлант» (горад Баранавічы), СВК «Дарава», шматлікія прыхаджане. Агульнымі намаганнямі храм узведзены на месцы, дзе калісьці размяшчаўся мужчынскі праваслаўны манастыр (арганізаваны тут у 16 стагоддзі). Недалёка знаходзіцца і Дараўская Свята-Мікалаеўская царква. Менавіта тут 64 гады верай і праўдай служыў Богу і людзям айцец Аляксандр Гагалушка.

Святочныя ўрачыстасці пачаў Уладыка Сцефан, які разам са свяшчэннаслужыцелямі правёў абрад асвячэння храма і адслужыў літургію. І ў адзіным памкненні свяшчэннаслужыцелі, прадстаўнікі ўлады, спонсары, шматлікія вернікі ў царкве маліліся за сябе, сваіх родных і блізкіх, за Радзіму, за тое, каб усе людзі жылі ў міры, ладзе і згодзе.

Пакарыў і здзівіў царкоўны хор, які прыехаў з Пінска, пеўчыя спявалі з душой і радасцю. А потым над акругай загучалі ва ўнісон царкоўныя званы — сімвал духоўнай радасці, ачышчэння і святла. Традыцыйна пасля асвячэння храма ўсе, хто прысутнічаў на святочнай службе, хрэсным ходам прайшлі вакол царквы. Святой вадой акрапілі не толькі храм, але і ўсіх прысутных.

Пасля богаслужэння архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцефан падзякаваў усім, хто мае дачыненне да добрай справы і зрабіў ўсё магчымае, каб такі цудоўны храм быў на ляхавіцкай зямлі, і благаславіў прысутных на далейшае служэнне Богу і людзям. Таксама Уладыка Сцефан ад імя Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі ўручыў праваслаўныя ўзнагароды тым, хто шчыра працаваў на будаўніцтве царквы і на яе добраўпарадкаванні. Удзельнікаў урачыстасцей вітаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Кіраўнік раёна перадаў у дар богаслужэбную кнігу «Апостал» у металічным пераплёце настаяцелю Свята-Троіцкага храма айцу Іаану. А Уладыка Сцефан благаславіў кіраўніка раёна на адказны і важны этап — уборку ўраджаю-2012.

Пра багатую гісторыю храма, вялікі шлях, пройдзены да асвячэння царквы, гаварыў Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгій Жытко. Ён заклікаў усіх жыць па біблейскіх канонах, паважаць прадстаўнікоў іншых канфесій,любіць бліжняга. Асвечаны Свята-Троіцкі храм стаіць на залітай сонцам зямлі, нясе вакол святло, веру, надзею і любоў.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “На Ляхавіччыне адкрыта новая праваслаўная царква

  • 21/07/2012 в 20:35
    Permalink

    Правда, событие очень классное и нужное! На самом деле тут всё и всё было воедино. Здорово.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *