«Алейны заводзік» з’явіўся ў ААТ «Жарабковічы»

На фінішы лета ў сельскагаспадарчых прадпры­емствах завяршаецца, а то і завяршылася сяўба азімага рапсу. «Жарабковічы» не выключэнне, але… і выключэнне таксама, бо адзіна толькі палявымі клопатамі рапсавая тэма тут не абмяжоўваецца. У мінулы чацвер гас-падарка дэбютавала ў якасці вытворцы рапсавага алею.

Як адзначыў намеснік дырэк­тара ААТ Леанід Варвашэвіч, у гэты дзень былі атрыманы першыя сотні літраў прадукту – запатрабаванага рынкам, маючага выкарыстанне ў роз­ных вытворчасцях і ў розных сэнсах. За тону рапсавага алею зараз можна выручыць каля 700 еўра. Але, па сло­вах Леаніда Адамавіча, для гаспадаркі праект цікавы і з іншых пазіцый. Макуха як па­бочны прадукт перапрацоўкі насення з’яўляецца вельмі пажыўным, з высокім утры­маннем бялковага кампанента кормам для буйной рагатай жывёлы. Раней за рапсавай макухай «Жарабковічы» (і не толькі яны) адпраўляліся ў да­лячынь, дзе аналагічная вы­творчасць наладжана даўно. Накладна, што ні кажы. Яшчэ адзін момант: знайшлося эфектыўнае выкарыстанне памяшканню, якое працяглы час стаяла «без ужытку» і, канешне, не маладзела.

Былы кармацэх жывё-лагадоўчага комплексу ў Жарабковічах падраман-тавалі, упарадкавалі і прыстасавалі пад устаноўку лініі па перапрацоўцы насення рапсу. Дарэчы, не толькі яго: вытворчасць можа быць лёгка запраграмавана на работу з любой алейнай культурай (сланечнікам, напрыклад). У тэхнічным плане вытворчасць простай не назавеш. У яе асно­ве агрэгаты, вырабленыя-са­браныя ў краінах Еўропы. Ад­нак некаторыя з кампанентаў міні-завода маюць беларускую і, у асобных выпадках, нават жарабковіцкую прапіску. Мяс­цовыя майстры пастараліся. Яны, дарэчы, уласнаручна выканалі і ўсе неабходныя пад мантаж абсталявання будаўнічыя работы. Зборкай і ўстаноўкай асноўнага абсталя­вання займаліся спецыялісты фірмы-пастаўшчыка. «Алей­ны заводзік», намінальная прадукцыйнасць якога скла­дае 400 кілаграмаў насен­ня ў гадзіну, «Жарабковічы» набылі на ўмовах лізінгу. Абыдзецца ён у даволі круглую суму. Пагашаць яе, як растлумачыў Леанід Варвашэвіч, «Жарабковічы» будуць не толькі грашамі: у якасці разліковай валюты будзе выступаць таксама і алей.

Вытворчасць вызна­чаецца значнай ступенню аўтаматызацыі. Удзел ча­лавека ў ёй мінімальны і, як правіла, абмяжоўваецца на­глядна-кантралюючай функ­цыяй.

Што ў якасці сыравіны? Ёсць уласна вырашчанае насенне, частку яго «Жарабковічы» атрымалі ад ААТ «Шлях новы» і КСУП «Тальмінавічы». Пры тым, што намаганні па папаўненні сыравіннай базы не спыняюцца. У задачах – вывесці ўстаноўку на кругла­сутачны рэжым работы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *