Абноўка ў блакітных колерах

Яшчэ крыху часу – і ў дамы жыхароў аграгарадка Русінавічы нарэшце прыйдзе прыродны газ. Да гэтага тутэйшае насельніцтва (як і жыхары Падлесся, Зубелевічаў, Жарабковічаў, Начы, Тальмінавічаў, Альхоўцаў, Куршынавічаў і іншых вёсак – усяго 561 абанент) карысталася так званым ёмкасным газам, што захоўваецца ў спецыяльных рэзервуарах. Як расказаў начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння ВУ «Баранавічыгаз» Ігар Чвыр, газіфікацыя аграгарадка фінансуецца з бюджэту і абыдзецца ў 603 тысячы рублёў. Работы плануецца завяршыць ужо сёлета, на гэты момант пракладзена 7,3 кіламетра газаправода.
Яшчэ адзін буйны «газавы» аб’ект – вёска Вялікая Лотва. Каб блакітнае паліва прыйшло на вуліцы Школьная і Ламаносава, пракладзена каля 3,4 кіламетра газавых сетак. Работы часткова фінансуюцца дзяржавай (асвоена 105 тысяч рублёў), а часткова – спажыўцамі.

Гаспадарка Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння налічвае 20 газаразмеркавальных пунктаў, 6 шафных рэгулятарных пунктаў, 14 ёмкасных установак, 220 кіламетраў газаправодаў. Іх тэхабслугоўванне і пастаяннае падтрыманне ў рабочым стане – клопат мясцовых газавікоў. Як, дарэчы, і абслугоўванне газавага абсталявання (пліт, катлоў, калонак) у дамах і кватэрах гараджан і вяскоўцаў. Усяго ў раёна газа­забеспячэння амаль 12 тысяч абанентаў (не толькі грамадзяне, але і камуналь­на-бытавыя спажыўцы). Практычна палове з іх газ дастаўляецца ў балонах у звадкаваным стане, і гэта яшчэ адна важная задача службы, якую паспяхова выконвае адзіны ў раёне спецыялізаваны аўтамабіль.

Пах газу – вельмі небяспечная прыкмета. Пры першых яе праяўленнях мы набіраем «газавы» нумар 104. Толькі з пачатку года аварыйна-дыспетчарскі ўчастак прыняў і выканаў больш за тысячу заявак насельніцтва па ўхіленні аварыйных сітуацый і рамонце абсталявання. У гэтым падраздзяленні, якое працуе кру­гласутачна, налічваецца 15 супрацоўнікаў – слесары па рамонце абсталя­вання, вадзіцелі, прыёмшчыкі заказаў. Ад іх аператыўнасці, дакладнасці, прафесійнай кампетэнтнасці за­лежыць многае. Між іншым, як і ад прафесіяналізму кожнага з іх калег. Да прафесійнага свята, што газавікі адзначаць у першую нядзелю верасня, за плённую добрасумленную працу Падзячным пісьмом ВУ «Брэстаблгаз» адзначаны вадзіцель Сяргей Рокач, Граматай райвыканкама – начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр, Падзячным пісьмом райвы­канкама – прыёмшчык заказаў Таццяна Пятроўская. А партрэт слесара Яўгенія Бурчыца сёлета размешчаны на Дошцы гонару ВУ «Баранавічыгаз».

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Начальнік раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр (другі злева), майстар Алег Кабяльчук, прыёмшчыца заказаў Анастасія Вялічка, старшы майстар Вадзім Сотнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *