А «Яблычак» ды ў яблычках

Лета для адпачынку, скажуць адны нашы маладыя землякі. Іншыя згадзяцца з такім меркаваннем, але дададуць: лета яшчэ і магчымасць падзарабіць. І яе па максімуму выкарыстоўваюць часовыя працаўнікі «Шляху новага». На базе гэтай гаспадаркі створаны сельскагаспадарчы атрад «Яблычак». І ўжо з назвы зразумела, якую работу даверылі атрадаўцам.

У яблыневым садзе сёлета надзвычай ураджайна: галінкі, здаецца, ледзь вытрымліваюць, каб не зламацца пад цяжарам сакавітых пладоў. І ў гэтай духмянай прыгажосці (без перабольшання, ад водару з нязвычкі
пачынае кружыцца галава) шчыруе дружная брыгада з васьмі чалавек.
У сельгасатрадзе працуюць і школьнікі – 5 вучняў Навасёлкаўскай школы. Астатнія – тыя, хто адгукнуўся на прапанову райкама БРСМ, размешчаную ў групе Вконтакте, уступіць у «Яблычак». Дарэчы, жадаючых было больш, чым працоўных месцаў – попыт на падпрацоўку вялікі. Прыемна, што юныя ляхавічане не цураюцца клопатаў.
Хутка на вучобу, каму ў школу, у каледж, а пакуль ёсць час і такая прапанова – трэба дзейнічаць. Тым больш, к алі можна зарабіць. Іх працоўны дзень, як і патрабуе заканадаўства, да 14.00 у школьнікаў, да 16.00 – у паўналетніх. Заработная плата – у залежнасці ад таго, колькі збяруць пладоў. Галоўны аграном «Шляху новага» Сяргей Вярэніч кожны дзень прыязджае «з інспекцыяй» – ён адказны за гэты атрадаўскі праект. Вынікі работы «Яблычка» больш чым проста выдатныя: за 7 дзён сабрана звыш 12 тон яблыкаў. За гэта варта і заахвоціць моладзь – плануецца выплаціць прэміі, адзначае Сяргей Вярэніч. Падарункі рыхтуе і райкам БРСМ. Дарэчы, пазапрацоўны час таксама быў распланаваны: гэта поле дзейнасці Навасёлкаўскага СДК і бээрэсэмаўцаў.
Яблыня за яблыняй, кош за кашом – і кузаў трактара запаўняецца садавіной. Прымаў тару з духмянымі пладамі і «ўпакоўваў» кузаў камандзір атрада Андрэй Равінскі. Да верасня ён адпачывае дома ў Каранеўшчыне, пасля зноў на вучобу ў Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж.
– Убачыў аб’яву пра набор, вырашыў падзарабіць перад навучальным годам. Тым больш у такой вясёлай кампаніі, у такім прыгожым яблыневым садзе працаваць адно задавальненне, – гаворыць Андрэй.
Сёлета на тэрыторыі раёна, акрамя «Яблычка», працавалі яшчэ тры студатрады. Сельскагаспадарчыя «Ударнік» і «Флагман» шчыравалі ў ААТ «Жарабковічы» і ДП «Нача» адпаведна, педагагічны – «Сто сяброў» – працаваў на добры дзіцячы адпачынак у аздараўленчым лагеры «Чайка».
Як адзначае в.а. першага сакратара райкама БРСМ Марыя Лутавінава, такая другасная занятасць папулярна сярод маладых людзей. І вельмі  важна , што гаспадаркі і арганізацыі раёна гатовы супрацоўнічаць і станавіцца часовым працоўным месцам для юнакоў і дзяўчат.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *