Калі цеста рукі любіць. Гатуем шарлотку з Аленай Папко з Гаслаўшчыны

Нездарма гавораць пра майстрых, з лёгкай рукі якіх атрымліваюцца пышныя, мяккія, смачныя пірагі: цеста рукі любіць. Пагадзіцеся, сёння не праблема знайсці рэцэпт любой стравы: калі ласка, ёсць адпаведная літаратура, ёсць «усёведны» інтэрнэт з безліччу кулінарных прапаноў.

«ЛВ» вырашыў пайсці іншым шляхам – без кніг і вэб-старонак. У Вконтакте папрасілі падпісчыкаў дапамагчы з рэцэптурай актуальнага для яблычнага сезона пірага і не проста расказаць, але правесці самы сапраўдны майстар-клас. Дзякуй, што вас так многа адгукнула- ся – кожны рэцэпт на ўвазе. А на званае запрашэнне карэспандэнт «ЛВ» завітаў да жыхаркі вёскі Гаслаўшчына Алены Папко.

Яна сама прапанавала спячы шарлотку, патлумачыла тым, што так дэтальней пакажа ўсе нюансы прыгатавання. І падкрэсліла: нават у такім простым рэцэпце досыць сакрэтаў, без ведання якіх не атрымаецца здзівіць сваіх дамашніх гурманаў.

– Нам патрабуецца сем яек – гэта калі пакупныя, дамашніх можна і шэсць, 150 грамаў цукру і 200 грамаў мукі, тры-чатыры сярэднія яблычкі (лепш кісла-салодкія). Хочацца, каб бісквіт атрымаўся больш сакавіты, яблыкаў бяром больш. А яшчэ для ўпрыгожвання падрыхтуем цукровую пудру, – расказвае Алена Іванаўна і па­чынае чысціць яблыкі, пасля рэжа іх на кубікі сярэдняга памеру.

Абавязкова разаграем духоўку да 170-180 градусаў. Будучую шарлотку будзем размяшчаць на самай верхняй паліцы. На ніжнюю варта паставіць жалезную талерку з вадой на дне, каб бісквіт не прыгарэў.

Аддзяляем бялкі ад жаўткоў. У бялкі дадаем дробку солі, у жаўткі – цукар. Спачатку трэба ўспеніць жаўткі з цукрам (гэта прасцей рабіць з дапамогай міксера) – да той пары, пакуль яны не стануць белымі і лёгкімі.

– Менавіта гэты рэцэпт, як гаворыцца, класіка жанру. Па ім гатую шарлотку больш за 20 гадоў. І ніколі яшчэ не падводзіў. Сама са Смаленікоў, там гэтай справе вучылі яшчэ з дзяцінства. Шыкоўныя пірагі выпякалі мама і хросная, маг­чыма, ад іх перадалася гэта любоў да кулінарыі, – расказвае Алена Іванаўна і пры гэтым не спыняецца завіхацца ля пліты.

Пераходзім да бялкоў. Іх таксама ўзбіваем да белага колеру, пакуль пачне заставацца выразны ўзор ад венчыка. Дарэчы, перад узбіваннем яго трэба выцерці насуха. Менавіта на гэтым этапе вызначаецца поспех будучай шарлоткі: правільна ўзбітыя бялкі – аснова і гаран­тыя «правільнага» бісквіта.

Затым змешваем бялкі з жаўткамі. Тут свой сакрэт, без якога, адзначае наша кандытарка, ніяк: бялкі ўводзяцца ў жаўткі часткамі, і кожную порцыю трэба лёгка перамешваць.

Дадаем муку: прасейваем яе часткамі і ўводзім ва ўзбітую масу. Ні ў якім разе не трэба рабіць гэта міксерам – перамешваць лыжкай і толькі зверху ўніз.

– Цеста атрымалася проста выдатным. Магу сказаць, што шарлотцы – быць! – радуецца Алена.

Сумнявацца ўяе словах не трэба. Як высветлілася, такое салодкае хобі не вы­падковае – на гэта вучылася і мае дыплом кандытара. Праўда па спецыяльнасці амаль не працавала. Але дома штодня пячэ торцікі, пірагі, булачкі… – завітаць на чай да Алены Папко адно задавальненне. Прызнаецца, што любіць гатаваць, а яшчэ больш – частаваць гасцей. У марах распачаць сваю справу – безумоўна, кандытарскую.

– Хачу ствараць смачную прыга­жосць, напрыклад, асвоіць роспіс на перніках і, самае галоўнае, вучыць гэтаму і ншых, асаблі ва дзяцей, – прызнаецца жанчына.

Але вернемся да шарлоткі. Падрыхтуем форму для выпечкі: дно засцілаем пергаментнай паперай, змазваем алеем, бакі пакідаем сухімі, каб бісквіт чапляўся і «вырас». Трэць цеста заліваем адразу, наверх кладзём палову яблыкаў, пасля ізноў ідзе слой цеста і яблыкаў. Дарэчы, пры жаданні яблыкі можна прыпарушыць карыцай. Напрыканцы заліваем рэшткамі цеста. Адпраўляем у разагрэтую духоўку на мінут 30-40. Правяраем гатоўнасць традыцыйна: утыкаем запалку, калі кон­чык сухі, пірог гатовы.

– Вашым дамачадцам адназначна пашанцавала. Ці раздзяляюць яны ваша хобі?

– Сыны, калі былі маленькімі, дапамагалі, заўсёды разам гатавалі. Мужу мая выпечка даспадобы. Ды і сябры любяць завітаць на чай: яны ў мяне сапраўдныя, і я імкнуся іх радаваць. Дарэчы, сама без салодкага не ўяўляю жыццё.

… І вось духмяны водар абвясціў: шарлотка гатова. Пасыпаем цукровай пудрай і калі ласка да стала. Прагнозы Алены спраўдзіліся – бісквіт высокі, пышны, мяккі і смачны-смачны. У чым з удзячнасцю і пераканаліся «веснікаўцы».

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *