Энергатворчасць: тухавіцкі варыянт

Наш торфабрыкетны – адно з лепшых у краіне прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу. Тысячы спажыўцоў па ўсёй Беларусі ацяпляюць свае дамы тухавіцкімі брыкетамі. Даўно наладжаны рынкі збыту ў замежжы, і геаграфія экспарту з кожным годам пашыраецца.

Завод па вуліцы Заводскай
Сёлета адзначаецца стагоддзе тарфяной галіны Беларусі, а торфабрыкетная гісторыя ў нашым раёне пачалася чатыры з паловай дзесяцігоддзі назад. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 30 жніўня 1968 г. заснаваны торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі». Праз два гады была здабыта першая партыя фрэзернага торфу. У біяграфіі прадпрыемства былі і ўзлёты, і цяжкія часы, калі попыт на прадукцыю падаў. Завадчане зрабілі ўсё, каб не проста застацца на плаву, а выйсці на сусветны ўзровень – знайшлі замежныя рынкі збыту.

Вось ужо трэці год запар вытворчасць прадукцыі выключна плюсуе.
– З пачатку сезона-2018 нарых-тавалі 275 тысяч тон торфу – на чвэрць больш мінулагодняга. Гэта лепшы паказчык сярод падобных прадпрыемстваў краіны. З красавіка з новай сыравіны выпусцілі 30 тысяч тон брыкету, – расказвае дырэктар ТБЗ Уладзімір Гунько.
З’явіўся і новы від прадукцыі – тарфяная сушонка (фрэзторф, які прайшоў усе стадыі падрыхтоўкі, акрамя брыкетавання). Гэтая імпартазамяшчальная прадукцыя выкарыстоўваецца для выпуску якаснага замяняльніка камен-нага вугалю, важнага складніка ў вытворчасці цэменту. Паступае яна на «Краснасельскбудматэрыялы», пробную партыю адправілі ў Славакію.
Укаранёны сучасныя тэхналогіі, сістэма менеджменту якасці, у залік ідуць таксама экалагіч-насць вытворчасці і мясцовая сыравінная база.
Торфабрыкетчыкі
Сёння на заводзе працуюць 230 чалавек – пераважна мясцовыя жыхары. І сваім стаўленнем да справы робяць гонар не толькі сабе, але і прадпрыемству. Прозвішча машыніста штабелюючай машыны Генадзія Гутырчыка годна прагучала на ўсю Беларусь. 18 мая ён справіўся з сезонным заданнем, а на сёння выканаў ужо тры сезонныя планы! Машыністы ўборачных машын Валерый Цырулік і Мікалай Ламанос перавыканалі даведзенае заданне ўдвая. Прыклад адданасці справе, майстэрства, наватарства – начальнік вытворчага ўчастка Уладзімір Комса, які працуе на заводзе чатыры дзесяцігоддзі. Прафесіяналы сваёй справы – гэта пра майстра змены Івана Невяроўскага, машыніста пагрузчыка Аляксандра Алексіча, апаратчыка па сушцы торфу Генадзія Бабарэкі (яго партрэт упрыгожваў раённую Галерэю славы). Сярод лепшых можна назваць многіх тутэйшых працаўнікоў – і вопытных, і маладых. Яны заслужылі ўдзячнасць сваёй нястомнай працай. Стабільнае сёння і ўпэўненае заўтра ўсяго завода ў значнай ступені – іх заслуга. І, канешне, кіраўніка. Званне «Чалавек года Брэстчыны-2017» у галіне паліўна-энергетычнага комплексу прысвоена Уладзіміру Гунько – пашана на абласным узроўні. У раёне дырэктар ТБЗ – «Чалавек года» ў намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі».
– Не было б асабістых званняў, узнагарод, каб не наш калектыў.

З такімі адносінамі да работы, як у нашых торфабрыкетчыкаў, па сілах любыя задачы, – перакананы Уладзімір Паўлавіч. У 1982 годзе ўчарашні студэнт уладкаваўся старшым дыспетчарам на тухавіцкі завод, дзе на вагавой працаваў яго бацька Павел Іосіфавіч. Потым без малога тры дзесяцігоддзі Гунько-малодшы быў намеснікам дырэктара ТБЗ, і вось два гады як узначаліў прадпрыемства. Ёсць у калектыва добрыя вынікі, перспектывы і належныя ўмовы працы, дастойная заработная плата.
На Захад і не толькі
– Разумеем неабходнасць мадэрнізацыі вытворчасці: каб не толькі ўтрымаць дасягнутыя пазіцыі, але нарошчваць выпуск прадукцыі, павышаць яе якасць, знізіць энергаёмістасць і сабекошт, знаходзіць новыя рынкі збыту. Летась замянілі сістэму абяспылвання сушылкі, запусцілі новую сістэму абяспылвання прэсаў, што за год дало эканомію электраэнергіі і аж 60 тысяч зберажоных кубаметраў вады, палепшыла ўмовы працы, – расказвае дырэктар завода.
Торфабрыкетная мадэрнізацыя прадаўжаецца. На парадку дня – замена старога катла на новы з сучаснай тэхналогіяй гарэння, які будзе сілкавацца мясцовымі відамі паліва (можна будзе выкарыстоўваць нават адходы торфаперапрацоўкі).
Трэцяя частка прадукцыі ТБЗ пастаўляецца ў 11 краін замежжа, найбольш актыўна – у Расію (у асноўным Калінінградскую вобласць), Швецыю, Германію, Латвію, Эстонію, Літву, Польшчу, Фінляндыю, апошнім часам актывізаваліся ляхавіцка-ўкраінскія стасункі. Замежных пакупнікоў прываблівае высокая якасць у спалучэнні з даступным коштам. Завадчане знайшлі яшчэ адну, як аказалася, важную фішку. Тут фасуюць брыкет па 10 кілаграмаў у тэрмаўсадачную плёнку, стрэйч-плёнку, абмотваюць стужкай – як гавораць, любы капрыз заказчыка.
Расказ пра ТБЗ будзе няпоўным, калі не ўзгадаць пра непарыўную сувязь завода з пасёлкам, так мясцовыя даўно называюць вёску Тухавічы. Дапамога школе і дзіцячаму садку, упарадкаванне інтэрната, уладкаванне тэрыторыі – толькі частка сацыяльнага клопату прадпрыемства.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дырэктар Уладзімір Гунько.

Начальнік брыкетнага цэха Васілій Іваноў, вадзіцель Сяргей Ігнатовіч.

Сяргей Дыдышка.

Машыністы: Мікалай Ламанос і Валерый Цырулік,

Уладзімір Рафалік

Генадзій Гутырчык

Святлана Малевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *