Аператыўна і аб’ектыўна

З мэтай удасканалення дзейнасці органаў папярэдняга следства, умацавання абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян у дасудовай крымінальнай вытворчасці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12.09.2011 г. падпісаў Указ «Аб утварэнні Следчага камітэта  Рэспублікі Беларусь».

Следчы камітэт — гэта дзяржаўны праваахоўны орган і орган папярэдняга расследавання, які ажыццяўляе паўнамоцтвы ў сферы дасудовага  расследавання. Новае падраздзяленне сілавых структур — раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь — пачало работу з 1 студзеня 2012 года і ў Ляхавіцкім раёне.  Пра задачы  і работу аддзела — у інтэрв’ю з яго начальнікам падпалкоўнікам юстыцыі Віталіем Лабанавым.

— Віталій Аляксандравіч, якія задачы стаяць перад раённым аддзелам Следчага камітэта?

— Безумоўна, галоўная задача ўсіх  структур Следчага камітэта як адзінага органа папярэдняга расследавання ў краіне (у тым     ліку і раённага аддзела) — максімальная абарона правоў і інтарэсаў грамадзян, барацьба са злачыннасцю ва ўсіх яе праяўленнях. Сярод асноўных накірункаў работы можна выдзеліць наступныя: усебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў; абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян; захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах, узбуджэнні крымінальных спраў, правядзенні папярэдняга расследавання; выяўленне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, неадкладнае прыняцце мер па іх ухіленні.  Супрацоўнікі Следчага камітэта выконваюць таксама шэраг іншых функцый. Пры такім шчыльным  графіку  недапушчальны бюракратызм. У аддзеле прымаюцца заявы, расследуюцца іх абставіны, узбуджаюцца крымінальныя справы, якія і перадаюцца ў суд, вядзецца работа і са зваротамі грамадзян.

— Што ўваходзіць у абавязкі супрацоўнікаў аддзела?

— Хачу адзначыць, што аддзел Следчага камітэта — самастойны орган. Нашы супрацоўнікі займаюцца расследаваннем крымінальных спраў, выконваюць функцыі, якімі раней займаліся следчыя  пракуратуры, аддзяленняў папярэдняга расследавання РАУС, сістэмы органаў фінансавага расследавання, Камітэта дзяржаўнага кантролю. У зоне нашай увагі ўсе злачынствы, якія сустракаюцца ў паўсядзённым жыцці, — ад кіравання транспартам у стане алкагольнага ап’янення да прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, карупцыйныя, эканамічныя, фінансавыя і падатковыя злачынствы.

Адразу пасля  ўтварэння Следчага камітэта аддзел прыняў спыненыя крымінальныя справы, а таксама справы, якія былі ў распрацоўцы. Калі раней да прыняцця рашэння суда расследаваннем крымінальных спраў займаліся практычна ўсе сілавыя ведамствы (МУС, пракуратура, Камітэт  дзяржкантролю), то цяпер такая работа сканцэнтравана толькі ў Следчым камітэце.  Гэта поўнасцю выключае магчымасць уплыву даных структур на ход расследавання.  Крымінальная справа перадаецца ў суд толькі пры наяўнасці дастатковых доказаў для прад’яўлення абвінавачвання. Канчатковую кропку ў расследаванні крымінальных спраў па-ранейшаму ставіць суд.

— Працягваючы тэму кадравага забеспячэння, раскажыце, калі ласка, хто прыйшоў працаваць у  Ляхавіцкі аддзел Следчага камітэта?

— Адразу скажу:  людзей, для  якіх работа ў праваахоўных органах выпадковая, у нашым аддзеле няма. У штат увайшлі супрацоўнікі не толькі Ляхавіцкага РАУС, але і з іншых раёнаў Брэстчыны, транспартнай міліцыі, якія не адзін год служылі ў органах.  Ва ўсіх — вышэйшая адукацыя.  У аддзел прыйшлі найбольш падрыхтаваныя, адказныя, кампетэнтныя прафесіяналы, якія паспяхова вытрымалі спецыяльную пераатэстацыю, у тым ліку псіхалагічнае тэсціраванне і індывідуальныя заняткі з псіхолагам.

Хацелася б падкрэсліць, што з першых дзён работы нашага аддзела  ўстаноўлена цеснае ўзаемадзеянне з усімі  праваахоўнымі органамі Ляхавіччыны і не дапушчана збояў у рабоце па своечасовым рэагаванні на ўчыненыя злачынствы. Лічу, што стварэнне Следчага камітэта ўмацавала прававы статус следчага, павысіла ўвогуле аўтарытэт службы.

— Віталій Аляксандравіч, на Ваш погляд, чым можна растлумачыць той факт, што не змяншаецца колькасць злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін? І  што могуць супрацьпаставіць праваахоўныя органы, грамадства такой загане  як алкагалізацыя насельніцтва?

— Ёсць шмат прычын учынення злачынстваў: сацыяльна-эканамічныя, псіхалагічныя, сваю пэўную ролю адыгрываюць спадчыннасць, псіхалагічны стан чалавека, яго акружэнне, сябры, кампанія. На жаль, сапраўды даводзіцца  канстатаваць, што па-ранейшаму не змяншаецца колькасць злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. І нярэдка іх каталізатарам становіцца менавіта алкаголь. Пераважная большасць злачынстваў учынена нецвярозымі асобамі, ды і ахвяры  не грэбуюць спіртнымі напіткамі. Колькі можна прывесці прыкладаў, калі звычайнае, спачатку, здавалася б, мірнае святкаванне якой-небудзь падзеі ці проста пасядзелкі з сябрамі за чаркай-другой, заканчваюцца  сваркай, а потым і бойкай.  Алкаголь прымушае чалавека пераступіць праз усе нормы і законы маралі, ператварае ў істоту, для якой не існуюць паняцці  сумлення, доўгу, абавязку. Дзеля атрымання чарговай градуснай дозы ён гатовы на ўсё, нават забойства. З гэтай сур’ёзнай праблемай нашага грамадства трэба змагацца. Вось і нядаўна раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах 32-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёна, дарэчы, раней судзімага, які стаіць  на ўліку ва ўрача-нарколага.  Сістэматычна знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення,  ён збіваў сваю сужыцельку (маці непаўналетніх дзяцей) і пагражаў няшчаснай жанчыне забойствам. Справа перададзена ў суд, які ўжо вынес прыгавор. А для жанчыны ўсё магло скончыцца значна трагічней.

Адправіцца ў месцы пазбаўлення волі і 30-гадовы раней неаднойчы судзімы жыхар раёна, які пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў забіў свайго бацьку.

Сустрэліся, выпілі, укралі — па такім сцэнарыі развіваюцца  многія злачынствы. У сакавіку гэтага года ў Свяціцы 25-гадовы мясцовы жыхар у доме свайго  суседа распіваў спіртное амаль да апоўначы. Пасля таго, як гаспадар заснуў, госць украў у яго грошы і спіртное на ”круглую” суму. Цяпер аматару чужога дабра за свае супрацьпраўныя дзеянні давядзецца адказваць перад законам.  Усяго 3 крымінальныя справы. Але ўсе яны як следства адной бяды — сяброўства з алкаголем. Таму  барацьба з негатыўнымі з’явамі — задача і абавязак усіх зацікаўленых службаў, у тым ліку і Следчага камітэта.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *