Рытмічны стыль Мішы Пятроўскага

«ЛВ» распачынае новы праект са шматабяцальнай назвай «На подыум «ЛВ» запрашаецца…». Што ён сабой уяўляе – мяркуйце па сённяшняй прэм’еры. Спадзяёмся, што яна стане цікавай не толькі для маладых землякоў.
Першым «ЛВ» запрасіў на подыум свайго даўняга знаёмца – Міхаіла Пятроўскага.

– Прывітанне, Міша! Гэта з рэдакцыі. У нас новы маладзёжны праект… – не паспела дагаварыць, як пачула ў адказ:
– Як, я нешта прапусціў?! Здаецца, не бачыў у газеце.
Супакойваю: нічога не прапусціў. Наадварот, Міхаіл Пятроўскі – першы герой веснікаўскага праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…». У дэталях расказваю пра задумку і адразу атрымліваю адзнаку «супер!», «клас!», ягонае «я за» і запрашэнне ў Жарабковічы.

Рабочы дзень у разгары. Мішу застала там, дзе і належыць – у майстэрні ААТ «Жарабковічы». Атрыманае ад раёнкі ўказанне ні ў якім разе не рыхтавацца да фотасесіі выканаў – проста працаваў па звыклым раскладзе. І гэта прывычная атмасфера стала самым лепшым месцам для вытворчага партрэта – ёсць такі жанр у фотажурналістыцы. Ніякіх убораў, дэкарацый, прафесійнага святла – звычайны антураж у акружэнні трактароў, безлічы дэталяў, інструментаў і, так хочацца дадаць, з шыкоўнай Мішавай усмешкай. Такой шчырай і сонечнай.
Фатаграфую: брыгадзір трактарнай брыгады Міхаіл Пятроўскі штосьці круціць і завіхаецца над рухавіком машыны, выцірае пот і напявае, перакідваецца словамі з калегамі, сам сабе ўсміхаецца. Відавочна, што ён атрымлівае асалоду ад таго, што робіць. Пытаюся, напэўна, з машынамі на ты, ведаеш кожны болцік і гайку, дзе, як і што ўстроена. Гаворыць, ведаць усё немагчыма, але імкнуцца трэба: «Вось я і імкнуся».
А пасля, шаноўныя чытачы, адбыўся другі выхад Міхаіла Пятроўскага на подыум «ЛВ». Дзелавы касцюм, кашуля, гальштук-бабачка, а яшчэ дадаць да гэтага вобраза яго неверагодную галантнасць, ветлівасць, выхаванасць, уменне падтрымаць цікавую і змястоўную размову, тактоўнасць і, канешне, фірменную ўсмешку, атрымліваецца вобраз надзвычай сімпатычнага Міхаіла Пятроўскага.
…Праглядаем толькі што зробленыя фотаздымкі: класна, што нашаму першапраходцу праекта яны спадабаліся. Але здзівіла не гэта, а музычнае суправаджэнне, з якім Міша іх глядзеў. Напяваў знаёмую «Фотография девять на двенадцаць…». Аказалася, што без музыкі ён не можа, з ёй прачынаецца, слухае па дарозе на работу, напявае, калі працуе, а як жа любіць танцаваць. Адным словам, з рытмам па жыцці.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

PS. Наступны выхад ваш…

Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» адкрывае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ў міг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стопрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам. А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!

Рытмічны стыль Мішы Пятроўскага: 2 комментария

  • 18/09/2018 в 18:23
    Permalink

    И как человек миша очень открытый, светлый и очень приятный. Побольше таких героев, дорогая редакция!

  • 19/09/2018 в 08:53
    Permalink

    Какой же он классный в общении с людьми: вежливый, добрый, воспитанный. Веселый и с прекрасным чувством юмора. Когда прочитала идею рубрики, подумала, что он действительно стопроцентный герой для этого проекта. А название проекта — это вообще что-то с чем-то. Жду следующего героя!!!!!!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *