На ахове душы. Прафесіяналізм, чуласць, спагада, павага да пацыентаў – тое, што спрыяе паспяховай рабоце людзей у белых халатах. І медыкі Крывошынскай абласной бальніцы – не выключэнне

На тэрыторыі ў 15 гектараў – заўжды ідэальны парадак, з густам аформленыя газоны і кветнікі, на спецыяльна зробленай стаянцы выстраены ў рады веласіпеды – асноўны транспарт для тутэйшых працаўнікоў. Парадак і ўнутры памяшканняў. Усё гэта справа рук дружнага калектыву (188 чалавек) абласной бальніцы «Крывошын».
Асноўнае прызначэнне гэтай установы аховы здароўя – лячыць людзей, толькі размова не пра фізічны боль, а душэўны. Тутэйшыя медыкі аказваюць дапамогу не толькі жыхарам нашага раёна, але і Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Бярозаўскага.

Галоўны ўрач абласной бальніцы «Крывошын» Вольга Монак расказвае:
– На стацыянарным лячэнні ў пяці аддзяленнях (чатыры псіхіят-рычныя, адно наркалагічнае) знаходзіцца каля 180 пацыентаў. Пра іх здароўе клапоцяцца 9 урачоў, якім дапамагаюць медсёстры і санітары. Многія працуюць у бальніцы не адно дзесяцігоддзе. Больш вопытныя вучаць маладых – настаўніцтва ў нас у пашане.
Вольга Іванаўна – мясцовая, з Ліпска. Пасля заканчэння медуніверсітэта працавала ўрачом-псіхіятрам у такога ж профілю бальніцы ў Магілеўцах, а дзесяць гадоў назад яе запрасілі ў Крывошынскую на пасаду намесніка галоўнага ўрача. Яна ўпэўнена, у любой рабоце, нават самай складанай, можна абавязкова знайсці тое, што прыносіць радасць, задавальненне. І тут жа дае прафесійную параду: збіраючыся дамоў, пакіньце ўсе рабочыя праблемы ў кабінеце, а на работу не нясіце сямейныя клопаты. Дома абавязкова пераключыцеся на іншы від дзейнасці. Хто працуе фізічна – адпачніце, пачытайце, паглядзіце тэлевізар ці
нават зазірніце ў гаджэты, галоўнае – не давесці ўсё да залежнасці. А вось у каго разумовая работа – займіцеся гатоўкай, уборкай кватэры, іншымі хатнімі спра-вамі.
Сярод работнікаў бальніцы мясцовых шмат: з Крывошына, Ліпска, Заліпення, Галаўнінцаў і іншых вёсак. Нямала і тых, хто жыве ў Баранавічах, а на працу прыязджае сюды.
Сёлета ў бальніцу прыйшла па раз-меркаванні выпускніца Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Клімчук, якая працуе эканамістам. Дзяўчына сцвярджае, што пакуль усё падабаецца: добразычлівы калектыў, работа, вёска. Магчыма, пасля абавязковай адпрацоўкі яна застанецца тут, як, напрыклад, загадчыца аддзялення Ірына Дуняк.
– Работу, хаця яна і вельмі няпростая, люблю. У аддзяленні асаблівыя пацыенты, душэўна хворыя, здараецца іншы раз –
і агрэсіўныя. Ім патрэбны павышаная ўвага, пастаянны клопат. Нядаўна адзін з пацыентаў, які пасля курсу лячэння вярнуўся дадому, прыслаў ліст. На звычайнай вокладцы блакнота шчыра дзякаваў за добразычлівыя адносіны да яго. Ці гэта не прыемная адзнака нашай работы? – разважае Ірына Мікалаеўна.
Маладому ўрачу, канешне, нялёгка спраўляцца з такім асаблівым «кантынгентам», але побач калегі. Галоўны памочнік – Сяргей Герасімовіч, які на старшамедсястрынскай пасадзе ў прафесіі некалькі дзесяцігоддзяў, як і старшыя медсёстры іншых аддзяленняў Галіна Памазанская, Лілія Вайцешык, Наталля Каменюкова, Вольга Малевіч. А ўзначальвае атрад медработнікаў сярэдняга звяна галоўная медсястра Жанна Чаранкевіч. У яе працоўнай кніжцы – лічы адно месца работы, як і ў медсястры прыёмнага пакоя Вольгі Гатоўчыц.
– Сёння ўсе змагаюцца са стрэсам. Але і ў зусім здаровых людзей здараюцца зрывы, справіцца з якімі дапаможа толькі спецыяліст. Людзі не павінны баяцца псіхіятраў і псіхатэрапеўтаў. Калі напаткала стрэсавая сітуацыя, бяссонніца набыла хранічны характар, неўрозы замучылі – не адкладвайце візіт да ўрача. Душэўныя хваробы, як і любыя іншыя, таксама куды лягчэй лячыць на ранніх стадыях. Тым больш, пры такім лячэнні канфідэнцыяльнасць гарантавана, – запэўнівае Вольга Монак.
У наркалагічным аддзяленні (сюды пацыенты трапляюць толькі добра-ахвотна) на лячэнні звычайна знаходзіцца 40-45 чалавек. Есць так званыя пастаянныя кліенты – лечацца па некалькі разоў у год… Сустракаюцца і навічкі. Галоўны ўрач сцвярджае: алкагалізм – хвароба хранічная, і пазбавіцца ад яе немагчыма, а вось дабіцца стойкай рэмісіі – вельмі нават можна. Станоўчы вынік дасягаецца пры ўмове, што сам чалавек жадае перамагчы шкодную звычку і змяніць сваё жыццё. Такія выпадкі ёсць, і яны не адзінкавыя. У бальніцы ўжо некалькі гадоў дзейнічае праграма (разлічана на 21 дзень) комплекснай рэабілітацыі, заснаваная на індывідуальным падыходзе. Штомесячна яе ўдзельнікамі становяцца ад 10 да 20 чалавек з дыягназам сіндрома залежнасці ад алкаголю. Ляхавічанін, якому «за 60» – адзін з тых, хто можа сказаць: «У мяне гэта атрымалася. Дзякуючы ўрачам, я ўпершыню за 15 гадоў на працягу месяца «бачу сябе» цвярозым, і мне такі стан падабаецца». Дарэчы, спецыялісты аблпсіхбальніцы трымаюць цесную сувязь з таварыствам ананімных алка-голікаў, якое ёсць і ў Ляхавічах, а сумесныя намаганні ў супрацьдзеянні градуснай загане дзейсныя. Так, малады мужчына ледзьве не пазба-віўся работы, сям’і з-за злоўжывання алкаголем. Знайшоў у сабе сілы і жаданне, уступіў у таварыства і прайшоў лячэнне ў аблпсіхбальніцы. Цяпер са спіртным не сябруе, працуе, выхоўвае дзяцей, у чым і знаходзіць радасць.
Як адзначае Вольга Монак, менавіта такія прыклады – яскравае пацвярджэнне, што сумесныя дзеянні пацыента і ўрача, матывацыя хворага вылечыцца, падтрымка з боку родных і сяброў здольныя даць адпор хваробе.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Эканаміст Алена Клімчук.

Галоўны ўрач Вольга Монак.

Загадчыца аддзялення
Ірына Дуняк.

Галоўная медсястра Жанна Чаранкевіч і старшыя медсёстры Галіна Памазанская і Сяргей Герасімовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *