На фоне Грушаўкі здымаецца сямейства…

Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак «Грушаўка», – папярэджвае пасажыраў голас машыніста. Пра гэту станцыю сталічнага метро, якая ад роду мае «без пяці хвілін» шэсць гадоў, ведаюць як мінімум усе сталічныя жыхары. А вось пра яе цёзку – вёсачку ў Ляхавіцкім раёне – раскажуць хіба што мясцовыя ды яшчэ гісторыкі, у тым ліку прыхільнікі знакамітага роду Рэйтанаў, які ляхавіцкай Грушаўкай валодаў на працягу амаль трох з паловай стагоддзяў. Публічнай вядомасці ў гэтага населенага пункта і масавага турыстычнага ажыятажу вакол яго няма. На жаль. Пакуль.
…Тут прыгожа і міла сэрцу ў любую пару года, але ўвосень – асабліва. Векапомныя дрэвы нашэптваюць рознае з даўніх часоў. Непаўторная «лесвіца ў неба» – алея з лістоўніц – сакрэтнічае на мове, якую разумеюць толькі яны. Сцены старых пабудоў стойка хаваюць падрабязнасці дзён ранейшых. І сярод іх, гэтых падрабязнасцяў, без сумнення, не адна і не дзве сталі б сенсацыяй, калі б сцены маглі гаварыць.
Вёска Грушаўка ў адрозненне ад сваёй юнай цёзкі мае ўзрост як мінімум пад паўтысячагоддзе. У некаторых крыніцах ёсць звесткі, што паселішча ўпершыню ўзгадвалася ў 1551 годзе і што менавіта гэта – дата перадачы каралевай Барбарай Радзівіл Грушаўкі Мікалаю Залескаму. Прайшлі больш, чым два стагоддзі, перш чым кароль Ян Сабескі прэзентаваў мястэчка рыцару Рэйтану, такім чынам адзначыўшы ягонае геройства ў бітве пад Венай.
Хрэстаматыйна вядомыя асобы, факты, аргументы з грушаўска-рэйтанаўскім адрасам: канешне, пан Тадэвуш, які тут нарадзіўся і памёр, але паспеў стаць узорам патрыятызму, калі спрабаваў сарваць сэйм па зацвярджэнні першага падзелу Рэчы Паспалітай; канешне, Юзаф і Аліна Рэйтаны, пры якіх памесце перажывала час свайго рэнесансу (некалькі млыноў, вінакурны і цагляны заводы, будаўніцтва ў тым ліку новага драўлянага сядзібнага дома, які дасёння ўразіць сваім вонкавым выглядам; гавораць, што на сродкі Юзафа і Аліны ў Ляхавічах быў пабудаваны касцёл св. Юзафа…).
Акрамя сядзібнага дома ў гэтых уразлівых каардынатах захавалася капліца-ўсыпальніца Рэйтанаў, якую сям’я ўзвяла пасля смерці ў 1910 годзе пана Юзафа. Вы яшчэ не ўразіліся непаўторнай грушаўскай аўрай, не паддаліся яе гіпнозу? З’ездзіце, падзівіцеся, адчуйце: гэта наша – тутэйшае, наша – бясцэннае, наша – не вывучанае настолькі, каб ведаць і па вартасці ацаніць бясцэннае. Але вывучаем, але асэнсоўваем, але ўключаем у кругаварот жыцця. І любуемся ў выданні пра даўнія сядзібы Берасцейшчыны на літаграфію  Напалеона Орды, датаваную 1864 годам, на якой вымаляваны сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы.
Невыпадкова на працягу апошніх некалькіх гадоў менавіта сюды, пад кроны шыкоўных лістоўніц, перамясціўся раённы фэст мастацкай творчасці «З крыніц спрадвечных». Як жа ён пасуе Грушаўцы і па змесце, і па форме! Як жа Грушаўка пасуе яму сваёй сутнасцю і самабытнасцю! І летась, і сёлета на фестывальны выхадны сюды прыязджалі сем’і з Мінска і Брэста, суседніх Баранавічаў і Ганцавічаў (гэта толькі з тых адрасоў, з якіх, дакладна ведаю, былі тут).
Такая вось гістарычная справядлівасць вяршыцца. Канешне, лепш, калі б раней, але добра, што хаця б цяпер у Грушаўкі як вёскі з багатай гісторыяй, што захавалася ў тутэйшым палацава-паркавым пейзажы, у паданнях і легендах, звязаных з гэтымі мясцінамі, з’явілася аптымістычная перспектыва заняць дастойнае месца ў сэрцах нераўнадушных землякоў і гасцей Ляхавіччыны. Стаць вартым цікавасці і абажання пунктам на турыстычнай карце краіны і кардынальна паўплываць зноў жа на турыстычную прывабнасць нашага раёна, невялікага па памерах, але багатага і гістарычна, і культурна.
Сёння тут праводзяцца суботнікі па навядзенні парадку, па магчымасці папярэджваецца далейшае разбурэнне дзе кладкі, дзе фундамента. Але галоўнае, што ў праекце трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» грушаўскі адрас быў адобраны Еўракамісіяй у накірунку зберажэння агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі і творчых калектываў Польшчы і Беларусі. Падпісаны грантавы кантракт па рэалізацыі праекта. Як запэўнілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, заканчваецца работа над дакументацыяй для нацыянальнай працэдуры адабрэння і рэгістрацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Міністэрстве эканомікі.
Але кожны з нас асабіста можа і павінен «у тэму» ўкласці сваё, не чакаць, пакуль нехта нешта зробіць, а па-бээрэсэмаўску, па-маладзёжнаму, па-нераўнадушнаму, зрэшты, па сардэчным запрашэнні далучацца і, ўзгадніўшы арганізацыйныя моманты, напрошвацца сюды на працоўны дэсант. Парадак і чысціню трэба не толькі наводзіць, але і рэгулярна падтрымліваць. Гэта месца – не выключэнне.
…Чамусьці на памяць прыходзяць радкі Акуджавы «На фоне Пушкіна здымаецца сямейства…», якія самі сабой трансфармуюцца, але ад гэтага ўспрымаюцца не менш паэтычна: «На фоне Грушаўкі здымаецца сямейства…».
А што?! Гучыць!
Вольга БАРАДЗІНА.

З літаграфіі Напалеона Орды

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *