Цукровая залежнасць

Стан цукровай залежнасці характэрны тром сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна: ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Шлях новы» і «Жарабковічы», для якіх вырошчванне цукровых буракоў з’яўляецца даўняй традыцыяй. Найбольш глыбокія карані культура пусціла ў «Жарабковічах». Можна сказаць, што бурак для гаспадаркі не толькі рэнтабельны тавар, але і своесаблівая візітоўка.
Са сваімі дзевяццю сотнямі стартавых караняплодных гектараў гаспадарка справілася ўжо ці не на чвэрць. Першыя ў раёне пачыналі і выйшлі на дастаткова ліквідную лічбу ўраджайнасці – каля 530 цэнтнераў на круг пры сярэднім паказчыку цукрыстасці больш за 16 з паловай працэнтаў. Жарабковіцкі салодкі груз накіроўваецца ў напрамку Баранавіцкага буракапрыёмнага пункта Жабінкаўскага цукровага завода. Па стане на канец другой дэкады восені «Жарабковічы» накапалі каля
10 000 тон буракоў, пераважная частка якіх ужо адпраўлена на перапрацоўку.
Райаграсэрвіс таксама не дэбютант на ніве вырошчвання салодкага кораня. Так, там меншая ўраджайнасць, сціплыя на жарабковіцкіх лякалах 200 гектараў пасеваў. Але не менш стараннасці ў людзей, даволі высокія тэмпы ўборкі. Ураджай з чвэрці плошчаў дастаўлены ўжо на прыёмны пункт або знаходзіцца ў зоне чакання ў выглядзе буртоў.
Бурачны камбайн райаграсэрвіса на праве арэнды шчыруе і на бурачных плантацыях «Шляху новага». Салодкі шлях гэтай гаспадаркі дастаткова працяглы, распасціраецца на 600 гектараў. І пакуль пройдзены толькі першыя гектары-кіламетры.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *