Такая вось салянка… Нават у гэтай простай стравы свае сакрэты і нюансы ў прыгатаванні. Імі дзеліцца ляхавічанка Зінаіда Дудко

Здаецца, гіперактыўнасць – гэта яе другое імя. Магчыма, ад таго, прызнаецца гераіня публікацыі, што заўсёды побач з маленькімі гарэзамі. Яны, як рухавічкі, з невычэрпнай энергіяй, і ёй неабходна быць на адной хвалі са сваімі выхаванцамі. Усё проста: ляхавічанка Зінаіда Дудко працуе ў дзіцячым садзе № 3, што абавязвае заўсёды быць у тонусе, прытым не толькі на працы. За дзень яна паспявае вельмі многае: і ў бібліятэку зазірнуць (чытаць вельмі любіць), і любімы «Веснік» – ад першай да апошняй старонкі ды і яго электронную версію – праглядзець, абавязкова пакінуць свой каментарый наконт матэрыялу на сайце, у вайбер сваё меркаванне закінуць і ў ВКонтакте на «веснікаўскую» просьбу адгукнуцца. «Падкажыце, хто можа падзяліцца рэцэптам салянкі?». І ў паведамленнях ужо «вісіць» запрашэнне ад Зінаіды Дудко на майстар-клас. І мы сёння гатуем з ёй гэту сезонную страву.

Зінаіда Сцяпанаўна дастае нататнік і выбірае рэцэпт, дадае, што будзем закатваць салянку па яе любімым. Колькі ж там рэцэптаў, колькі выразак з самых розных газет і часопісаў, што з інтэрнэту раздрукавала, якімі сяброўкі падзяліліся, а ёсць такія, што яшчэ пад дыктоўку мамы і свекрыві занатоўвала – без перабольшання, хоць зборнік выдавай!
Для нашай салянкі патрабуецца па кілаграму морквы, капусты, цыбулі, грыбоў, паўлітровы слоік таматнага соусу, спецыі па смаку, бутэлька алею.
Спачатку трэба разабрацца з грыбамі: іх чысцім, мыем, наразаем і адварваем да гатоўнасці. Пасля трэба ўзважыць кілаграм для будучай салянкі. Калі грыбоў атрымалася шмат, раіць Зінаіда Сцяпанаўна, адкладзіце іх, ёсць яшчэ рэцэпты – пальчыкі абліжаш.
Пасля яшчэ 30 мінут тушым грыбы ў алеі.
– А якія грыбы лепш падыдуць для салянкі?
–У кожнай гаспадыні на гэта пытанне свой адказ. Многія лічаць, што лепш за ўсё браць белы грыб, але не заўсёды можна пахваліцца такой здабычай. Падыдуць падасінавікі і падбярозавікі. Асабіста я люблю салянку з апенькамі. Дарэчы, шампіньёны таксама часта дадаюць у гэта блюда.
Пакуль тушацца грыбы, рэжам цыбулю на сярэднія кубікі, можна кольцамі. Пасля на буйной тарцы надзіраем моркву. Капусту тонка шынкуем.
– Люблю наразаць, крышыць, шынкаваць уручную. Але многія гаспады-ні гэты працэс паскараюць: карыстаюцца кухонным камбайнам.
Нарэзаныя моркву, капусту і цыбулю пераціраем з соллю, дадаём туды спецыі па смаку і змешваем з грыбамі. Атрыманую масу тушым да гатоўнасці, перыядычна памешваем.
–Тут яшчэ важны момант, колькі тушыць. Усё залежыць ад капусты. Як стане мяккай –  значыць салянка гатовая.
Прыкладна праз 50-60 мінут запахла смачным – правяраем мяккасць капусты – гатова, перамешваем і здымаем з агню.
Можна на гэтым скончыць прыгатаванне і проста падаць да вячэры.
Але Зінаіда Сцяпанаўна раскладвае атрыманую страву па слоіках, якія загадзя прастэрылізавала, і закатвае. Апетытная закуска гатова!
Такія нарыхтоўкі проста выратаванне, калі госці завіталі да вас нечакана або зімовым вечарам захацелася чаго-небудзь смачненькага. Няма часу гатаваць –
можно проста дастаць слоічак і паласавацца вераснёўскай нарыхтоўкай.
– А які суп атрымліваецца класны на аснове гэтай закаткі! Яшчэ можна салянку дадаць у рагу. Дарэчы, яна можа стаць начынкай для пірага. У нас дома грыбы ці не самы любімы прадукт. Як пачынаецца сезон і ёсць вольная хвілінка – з мужам абавязкова едзем у лес. У гэтым годзе грыбна, а значыць грыбна будзе і ў склепе, і на стале. Дзеці і ўнукі таксама любяць стравы з «ножкамі» і «шляпкамі». Дачка нават у Германію (там жыве) бярэ з сабой слоічак дамашняй закаткі.

А калі ў вас засталіся вараныя  грыбы, вось яшчэ рэцэпт ад Зінаіды Дудко.
Спатрэбіцца: курынае філе, 300 грамаў грыбоў, 150 грамаў смятаны ці вяршкоў, свежы кроп, 100-120 грамаў сыру, соль і арэгана па смаку.
Курынае філе і грыбы адварыць і дробна нарэзаць. На алеі абсмажыць грыбы з дробна нарэзанымі цыбуляй і філе. Дадаць вяршкі. Трымаць на агні яшчэ 5 мінут. Масу раскласці па формах, можна ў гаршчочкі. Зверху пасыпаць цёртым сырам. Запякаць 10-15 мінут пры 180 градусах.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Смажаныя грыбы  ад Святланы Шпак
Спатрэбіцца: 1 кг грыбоў, 0,5 шкл. нятлустай смятаны, 1-2 цыбуліны,
2 ст. л. сметанковага масла, 2 ст. л. алею, соль па смаку, 0,5 ч. л. чорнага молатага перцу.
У падсоленай вадзе варыце 20 мінут грыбы. Адкіньце на друшляк і дайце сцячы вадзе. На гарачай патэльні смажце іх у масле і алеі 10 мінут і дадайце нарэзаную цыбулю. Потым дадайце смятану, соль, перац і тушыце 10 мінут.

Грыбныя катлеты   ад «ЛВ»

Спатрэбіцца: 300 г грыбоў, 2 цыбуліны, 1 салодкі перац,   2 яйкі, 3 ст. л. паніровачных сухароў, соль, перац па смаку,   2 ст. л. алею.
Грыбы адварыце ў падсоленай вадзе, адкіньце на друшляк і дайце сцячы вадзе. Парэжце (можна блендарам ці прапусціць праз мясарубку). Цыбулю і перац пачысціце, дробна нарэжце. Патушыце на алеі. Змяшайце грыбы з тушанай агароднінай. Пасаліце і добра перамяшайце.
Дадайце яйкі, паніровачныя сухары і зноў добра перамяшайце. Грыбны фарш гатовы.
Можна смажыць на алеі ці прыгатаваць на пары, а можна запячы ў духоўцы (20-30 мінут пры 180 градусах). Катлеты павінны падрумяніцца з абодвух бакоў.

Бульба з грыбамі ў гаршчочках  ад Галіны Ланкуць
Спатрэбіцца: 1 кг бульбы, 100 г сухіх грыбоў (у мяне белыя), 1-2 цыбуліны, смятана (па жаданні), 50 г алею, зяленіва, часнок, соль, чорны перац па смаку.
Сухія грыбы замачыце ў халоднай вадзе на 1-2 гадзіны. Давядзіце да кіпення і варыце 20 мінут. Цыбулю дробна парэжце і абсмажце на алеі да светла-залацістага колеру. Здыміце з агню каструлю з грыбамі, зліце ваду і добра прамыйце. Нарэжце грыбы на кавалачкі, дадайце да цыбулі і крыху падсмажце. Парэжце ачышчаную бульбу, перамяшайце з грыбамі і цыбуляй. Раскладзіце масу па гаршчочках, заліце вадой так, каб яна амаль пакрывала бульбу. У кожны з іх дадайце па сталовай лыжцы смятаны, соль, лаўровы ліст, перац і, накрыўшы, пастаўце ў духоўку (тэмпература 220 градусаў) на 40-60 мінут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *