Што для вас камунгас? Як ляхавічане ацэньваюць якасць камунальных паслуг, пацікавіўся «ЛВ».

Літаральна ўсе мы – гараджане і вяскоўцы – спажыўцы камунальных паслуг. Жыллёва-камунальныя пытанні часцей за іншыя ўздымаюцца падчас прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў грамадзян службовымі асобамі, у пісьмовых і электронных зваротах у розныя інстанцыі, разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама, сесіях райсавета дэпутатаў, апаратных нарадах у старшыні райвыканкама.
Як землякі ацэньваюць якасць камунальных паслуг, пацікавіўся «ЛВ».

Марыя ПІВАВАР, г. Ляхавічы:
– Радуюся, што гарачую ваду пачалі адключаць усяго на тыдзень-другі ўлетку. Акрамя таго, пакватэрна ўстанавілі прыборы ўліку вады. Для мяне, пенсіянеркі, гэта істотна: колькі зрасходавала – за столькі заплаціла.

Марыя КАМЯНЕЦ, аг. Конькі:
– Мяне і маіх суседзяў па вуліцы Школьнай у Коньках далёка не першы   год хвалюе «водная» тэма. Якасць вады, што паступае ў нашы кватэры і дамы, – горш не бывае. Не тое, што піць яе немагчыма, але і выкарыстоўваць для бытавых мэтаў праблематычна. З кранаў цячэ ржавая, рыжага колеру вадкасць: ні памыць бялізну, ні самому памыцца. Прыедуць з жылкамунгаса, прачысцяць водаправод, тыдзень вада цячэ больш-менш прымальная па якасці, потым зноў іржавая. А плацім па поўным кошце. Напрыклад, у мяне выходзіць 13-15 рублёў у месяц.

Міхаіл БОРТНІК, г. Ляхавічы:
– Водаправодная вада ў нашым райцэнтры стала лепшая. Пасля таго, як запрацавала нарэшце станцыя абязжалезвання, у ванне, ракавіне няма ржавых падцёкаў. Раней, шчыра скажу, і сам неаднойчы тэлефанаваў у аварыйную службу камунгаса са скаргамі.
У мінулым годзе, калі пачалася падача цяпла, у нашым доме былі праблемы, бо на апошнім паверсе ніхто не жыў. Выклікалі камунальнікаў, думалі давядзецца доўга чакаць. А спецыялісты прыехалі на працягу гадзіны, усё зрабілі, і батарэі ў кватэрах пацяплелі.

Таццяна ЛОЙКА, г. Ляхавічы:
– Чысціня ў нашым горадзе ў многім заслуга работнікаў райжылкамунгаса. Маюць сваю тэрыторыю адказнасці і працоўныя калектывы. У Ляхавічах шмат дзе стаяць кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. Але чамусьці знаходзяцца такія «гаспадары», хто выстаўляе побач з імі мяхі смецця. Проста бескультур’е!
Спадабаліся архітэктурныя абноўкі, устаноўленыя ў гарадскім парку па вуліцы Леніна – вялікія вазы з кветкамі.
Вось чаго, на маю думку, не хапае гораду, дык гэта кветак.

Рамуальда СЛІВА, в. Задвор’е:
– У нашым доме № 1 па вуліцы Цэнтральнай некалькі гадоў назад завяршылі першую чаргу капітальнага рамонту. Работнікі Ляхавіцкага камунгаса адрамантавалі дах, уцяплілі сцены, выканалі іншыя работы. Мы, жыльцы, вельмі радаваліся. З нецярпеннем чакалі другой чаргі (адвод сцёкавых вод) і трэцяй (добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі). Доўгі час нас непакоіла дрэннае функцыянаванне работы сістэмы каналізацыі. Звярталіся ў розныя інстанцыі, да члена парламента Леаніда Цупрыка, якому ўдзячны за дзейсную дапамогу. У рэшце рэшт, напачатку лета гэта праблема вырашана. А вось з ліўнёўкай праблема застаецца. Зрабілі толькі частку: дзе-нідзе пачысцілі, а лужыны так і стаяць. Ды і поручні ў пад’ездзе таксама патрэбны.

Запісала Галіна КАНЬКО.

Што для вас камунгас? Як ляхавічане ацэньваюць якасць камунальных паслуг, пацікавіўся «ЛВ».: 1 комментарий

  • 28/09/2018 в 11:25
    Permalink

    Я очень благодарна работникам ЖКХ за их труд. Но в последнее время их оперативность куда-то исчезла. С июля месяца периодически обращались в диспетчерскую по поводу обрезки кустарников вокруг дома. До сих пор — тишина. Освещение на улице Чкалова почему-то не работает. Людям с фонариками приходится добираться до дома (Центр города!). А как иногородним найти нужный адрес в такой темноте?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *