Тыдзень пачынаецца …танцамі. У панядзелак на танцы, у аўторак у спартзалу… Кожны дзень у цэнтры дзённага знаходжання пажылых людзей напоўнены тым, што ім цікава

 

Яны жартуюць, што сюды, на вуліцу Леніна, 54, ходзяць як на працу. Нават калі накіроўваюцца па іншых справах, прайсці міма і не зазірнуць хоць на хвілінку проста не могуць. Кожны дзень тут іх чакаюць заняткі ў гуртках па інтарэсах, не хочацца прапусціць чаяпіцце з сябрамі, у час якога можна падзяліцца навінамі, расказаць і абмеркаваць, напрыклад, дзе назбіралі грыбоў і што з імі цяпер рабіць. Шчыра прызнацца, на пытанне, ці падабаецца тут, адразу пачула-адчула хвалю самых станоўчых водгукаў.

 

Утульна, сонечна, цёпла – па-дамашняму. Сакрэт такой цудоўнай атмасферы ў гэтым падраздзяленні ТЦСАН просты: яго супрацоўнікі і наведвальнікі – асобы творчыя, нераўнадушныя, з зайздросна шырокім колам інтарэсаў. Тут можна танцаваць, дэкламаваць вершы і проста абстрагавацца ад хатніх спраў. І, безумоўна, адна з галоўных мэт аддзялення, вобразна кажучы, проста выкрасліць з жыцця слова адзінота.
Дарэчы, план на тыдзень і не прадугледжвае такі складнік. У панядзелак у актавай зале творча-натхнёна-гучна – вырашаецца, якую музычную кампазіцыю будуць сёння развучваць. Чуюцца гукі баяна (акампаніруе Аляксандр Барташэвіч), далучаецца шматгалоссе, пасля танцы – рэпетыцыя творчага нумара ў самым разгары. Менавіта тут нарадзілася «Ляхавіцкае прывітанне» – музычная кампазіцыя, якая так спадабалася сябрам з Івацэвіцкага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту, куды ездзілі гасцяваць. А яшчэ нашы землякі вырашылі запісаць відэа і скінуць выступленне ў інтэрнэт, няхай і іншыя атрымаюць анлайн-прывітанне ад ляхавічан.
Экскурсіі, паездкі, велапрабегі – тое, без чаго немагчыма ўявіць жыццё аддзялення. У спісе з пазначаным галачкай «наведалі» – сталічны тэатр музкамедыі, музей Вялікай Айчыннай вайны, былі ў Косаве і Нясвіжы, па мясцовых славутасцях раз’язджаюць на веласіпедах. Гэта пра клуб «Пілігрым».
Здароўе тут у прыярытэце, таму кожны аўторак і чацвер іх можна застаць за размінкай у спартыўнай зале або за гульнёй у тэніс у Ляхавіцкай СДЮШАР. А калі надвор’е цёплае, рэгулярна праводзяць заняткі на свежым паветры. У спартыўнай секцыі «Аптыміст» настрой адпаведны – бадзёры і энергічны. Таблетка ад адзіноты – людзі, з якімі проста класна і прыемна бавіць час, якія падтрымаюць ідэю са спартландыяй, арганізуюць літаратурную вечарыну ці ўміг зладзяць танцавальную праграму. Тым больш калі ёсць усе магчымасці, каб зрабіць гэта максімальна камфортна – памяшканне дазваляе.
Вяжуць і вышываюць у клубе «Бабулін клубочак». У «Спадчыне» стварылі сапраўд-
нае літаратурнае аб’яднанне, дзе кожная сустрэча прысвечана творчасці аднаго з класікаў. А могуць з лёгкасцю зладзіць вечар уласнай творчасці: напрыклад, Таццяна Хвайніцкая любіць рыфмаваць настрой і любую падзею перавядзе ў вершаваныя радкі.
Выхаванне душы – адзін з накірункаў работы аддзялення. «У ціхай размове па душах» з настаяцелем Навасёлкаўскага храма Сергіем Кузняцовым у фармаце круглага стала абмяркоўваюць надзённае, што хвалюе чалавека, што надае сілы рухацца далей.
А яшчэ ёсць клуб «Вясёлыя пенсіянеры», гурткі «Залаты ўзрост», «Белая ладдзя» – ха-
пае заняткаў, каб знайсці сябе і аднадумцаў. А якія яны ладзяць танцы – кожны трэці чацвер месяца кадрыль, танга, полька, вальс! Дарэчы, заўсёды рады бачыць на танцпляцоўцы землякоў залатога ўзросту, у якіх не атрымліваецца рэгулярна наведваць цэнтр.
Паўдзельнічаць у мерапрыемстве – гэта толькі «за», але ўдвая цікавей, калі яны самі выступаюць у якасці арганізатараў. Закідаюць ідэямі, напішуць сцэнарый і зробяць адмысловую пастаноўку. Галоўнае, што гэта самая сапраўдная, шчырая ініцыятыва – не сядзець на месцы, не назіраць, а ствараць.
Яскрава заўважыла Ірына Гардзейчык:
– Сюды прыходзіш і натхняешся, сам здзіўляешся сваёй ініцыятыўнасці. Столькі людзей, якія разумеюць цябе, падтрымаюць задумку, і вынік з імі радуе.
Валянціна Паўлоўская прызнаецца, што без аддзялення не ўяўляе свой дзень. Тут усе свае, паспелі пасябраваць і прывыкнуць адзін да аднаго. Яна і сваю сястру Святлану Гумнікову далучыла да іх дружнай «залатой» сям’і – цяпер прыходзяць разам.
– Сёння наша аддзяленне наведваюць 36 землякоў шаноўнага ўзросту. А мне хочацца спадзявацца, што гэта месца стане любімым і патрэбным і для іншых ляхавічан. Шчыра прызнаюся: проста шчаслівая, калі бачу шчаслівымі іх, калі пасля чарговай вечарыны, сустрэчы, канцэрта перапаўняюць эмоцыі, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання Алена Дзямід.
На адной хвалі са сваімі падапечнымі кіраўнік гуртковай работы Вольга Давідоў-ская. Яна адкрывае сакрэт, што з такой камандай аднадумцаў можна пакарыць увесь свет.
Працуе па гэтым адрасе і сацыяльная цырульня. Марына Пілінога – сапраўдны профі, пару рухаў нажніцамі і расчоскай – і новы вобраз гатовы. Тым больш, што кошт прыгожай паслугі сацыяльна зніжаны.
А з кастрычніка пачнецца «вучэбны семестр» ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту. Калі ласка, ёсць камп’ютарныя курсы, можна навучыцца карыстацца мабільным тэлефонам, вывучаюць англійскую мову, на факультэце дадатковай адукацыі плануюць праводзіць лекцыі па краязнаўстве, псіхалагічныя трэнінгі і шмат іншага.

Жывіце ў радасці

Такую назву арганізатары далі цікавым сустрэчам з нагоды Дня пажылых людзей, што адбудуцца 1 кастрычніка ў райцэнтры. З 10 да 13 гадзін у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН будзе працаваць «выязная паліклініка». У 15 гадзін у ГДК пачнецца канцэрт, а ў 16.30 – танцавальная праграма «Юнацтва нашага вальсок». З 17 гадзін рэстаран «Ластаўка» прапануе святочную вячэру з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *