Побач і разам. Не поле перайсці, не рэчку пераплысці – крочыць поплеч па жыцці

Гэта было нядаўна, гэта было даўно… Пазнаёміліся выпадкова – на танцпляцоўцы, аказалася – на ўсё жыццё. Надзейнае плячо блізкага чалавека як абярэг, заўсёдная апора ў самых складаных сітуацыях. Ён нарадзіўся ў самым пачатку саракавых, яна – напрыканцы, але ж супалі іх жыццёвыя біярытмы і атрымаўся сумесны лёс, які доўжыцца без году паўстагоддзя, які падарыў ім дзяцей, унукаў, сямейны дах і магчымасць прафесійнай самарэалізацыі, шмат дарагога, незабыўнага, радаснага і сумнага, усяго таго, што называецца жыццём.

Даўным-даўно маладзенькую Валянціну пачалі зваць Валянцінай Уладзіміраўнай. Выхавальніцу групы падоўжанага дня, настаўніцу рускай мовы і літаратуры сельскай школы палюбілі няўрымслівыя вучні, паважалі іх бацькі, калегі, аднавяскоўцы. Была ў яе яшчэ адна нялёгкая «пасада»: муж Міхаіл – Міхаіл Лявонцьевіч Варановіч – быў прызначаны на пасаду дырэктара племзавода «Нача». На той час яму не споўнілася і трыццаці, а планы ў гаспадаркі былі грандыёзныя, задачы –  адказнейшыя, магчымасці – сціплыя, энтузіязм – бязмежны. Працаваў з  жаданнем, вучыўся новаму, перада-вому самааддана, здолеў вывесці гаспадарку ў лідары вытворчасці, пра яе дасягненні ў жывёлагадоўлі ведалі далёка за межамі вобласці.
Так было ў той час у многіх сем’ях: муж фактычна ўвесь час на рабоце, а за тыл у адказе жонка. Ягоная Валюша паспявала ўсё. Прыходзіла дамоў, пераапраналася і бралася за хатнія справы, якіх у любой жанчыны вышэй галавы. Не думайце, што размова выключна пра «сына-дачку дагледзець і абед прыгатаваць, памыць бялізну, прыбрацца, улетку агарод прапалоць», хаця і гэты спіс унушальны. А дадайце хляўчук з жыўнасцю па поўнай праграме – карова, авечкі, свінні, куры – далёка не кожная з сённяшніх вясковых кабет на такі расклад згодзіцца. Яна ж спраўлялася, пры тым, што сама даўно стала дзелавой жанчынай – спачатку падрасла ў пасадзе да завуча, потым была прызначана дырэктарам Начаўскай СШ.
Два кіраўнікі пад адным дахам – гэта, скажу вам, «выбухованебяспечная» акалічнасць. Для Варановічаў яна не стала такой, хаця і дома ад работы не атрымлівалася абстрагавацца. Разумелі і разумеюць адзін аднаго. І тады, і сёння. Паважаць інтарэс другой палавінкі –  здаецца, што можа быць прасцей, аднак навука гэта складаная. Міхаіл Лявонцьевіч і Валянціна Уладзіміраўна засвоілі яе выдатна.
Сёння яны могуць дазволіць сабе займацца справай для душы – тым, што называецца модным словам «хобі». Гаспадар з задавальненнем даглядае пчальнік, прышчэплівае яблыні-грушы-вішні, падкручвае вінцікі-болцікі ў трактары, які набыў шмат гадоў назад. Гаспадыня… о, яна мастачка пакулінарыць, заўсёды гатова раскрыць кнігу, каб перачытаць любімы твор ці штосьці з літаратурных навінак, а яшчэ Валянціна Уладзіміраўна пачуцці давярае вершаваным радкам. Напрыклад, малой радзіме – вёсцы Вялікая Лотва – прызнаецца:
Тут позна вечарам расістым
Чуць пошчак звонкі салаўя.
У жыцці маім ты асабістым
Навекі любая зямля.
Стракоча конік у садзе звонка,
Вяргіні пышныя цвітуць,
Галоўкі белыя рамонкаў
На лузе карагод вядуць.
…Уяўляю, як гэта мілая жанчына вечарам уключае настольную лямпу, дастае тоўсты сшытак і запісвае ў яго зарыфмаваныя, такія шчырыя і глыбокія, уразіўшыя яе імгненні. Мусіць, сярод іх – і пра тую першую сустрэчу на танцпляцоўцы, пра тую мелодыю, што іх злучыла і стала запевам у душэўнай песні іх сумеснага жыцця.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *