У каго ў кватэры газ?

Напачатку ліпеня на «гарачую лінію» рэдакцыі патэлефанавала  ляхавічанка  Сафія Васілевіч, якая паскардзілася  натое, што ў кватэрах жыльцоў дома № 46 па вуліцы Леніна супрацоўнікі «Баранавічыміжрайгаза» праверылі і апламбіравалі  газавыя калонкі, нягледзячы на тое, што ў многіх кватэрах абсталяванне працавала спраўна. Па словах заяўніцы, правяраючыя патрабавалі  замяніць калонкі на новыя. Жанчыну цікавіла, наколькі правамерныя дзеянні газавікоў.

За тлумачэннямі і каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў МВУ газавай гаспадаркі «Баранавічыміжрайгаз». Як паведаміў начальнік упраўлення Уладзімір Столяр, апошнім часам у краіне павялічылася колькасць няшчасных выпадкаў у быту, звязаных з выкарыстаннем прыроднага і звадкаванага газу. Асноўнай прычынай такога кшталту здарэнняў стала парушэнне жыльцамі правіл карыстання газам.  Сярод парушэнняў найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца выкарыстанне старога газавага абсталявання, невыкананне элементарных правіл бяспекі.

Часта ахвярамі няшчасных выпадкаў, якія адбыліся па віне няспраўнага абсталявання, становяцца не толькі грамадзяне, якія жывуць у кватэры, дзе адбылася трагедыя, але і суседзі. Таму замена старога газавага абсталявання праводзіцца незалежна ад жадання ўласнікаў або наймальнікаў жылля.  Так, згодна пункта 336 Правіл прамысловай бяспекі ў галіне газазабеспячэння Рэспублікі Беларусь  сказана: «Газавае абсталяванне  пасля зыходу разлічанага тэрміну службы, які ўказаны ў тэхнічным пашпарце (але не больш за 20 гадоў), патрабуе замены ці дыягностыкі з мэтай вызначэння астаткавага рэсурсу з распрацоўкай мерапрыемстваў, якія гарантуюць бяспечную эксплуатацыю яго на ўвесь тэрмін   прадаўжэння жыццёвага цыкла».

Як паведамілі ў «Баранавічыміжрайгазе», у доме № 46 па вуліцы Леніна ў Ляхавічах былі ўстаноўлены праточныя воданагравальнікі ВПГ-18 і Л-3, выпушчаныя ў эксплуатацыю ў перыяд з 1967 па 1985 гады. Такія прыстасаванні канструктыўна не абсталяваны аўтаматыкай бяспекі па цязе, што супярэчыць Правілам. Таму праточныя воданагравальнікі, якія эксплуатаваліся ў кватэрах     №№ 7, 8, 10, 12, 13 былі адключаны ад сістэмы газазабеспячэння. Як адзначыў Уладзімір Столяр, МВУ «Баранавічыміжрайгаз» сваёй асноўнай задачай лічыць забеспячэнне бяспечнай эксплуатацыі газавага абсталявання, строгае выкананне правіл і дзеючага заканадаўства, высокую якасць паслуг для насельніцтва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *