Марыя з вёскі майстрых

Гайнінец — невялікая самабытная вёска ў Ляхавіцкім раёне. Тут жывуць пераважна людзі сталага ўзросту, і многія жанчыны — выдатныя майстрыхі, у якіх не толькі залатыя і працавітыя рукі, але і прага да народнай творчасці. Гайнінчане беражліва захоўваюць традыцыі сваіх продкаў, адраджаюць звычаі і абрады, клапатліва перадаюць у спадчыну старадаўнюю тэхніку ткацтва, вышыўкі, іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод вясковак выдзяляецца Марыя Варанец — вядомы на ўсю акругу віртуоз ткацкай справы.

Дзе нарадзілася, там і згадзілася — гэта пра Марыю Вікенцьеўну, жыццё якой з маленства непарыўна звязана з Гайнінцом. Доўгі час жанчына працавала ў сельскай гаспадарцы, як толькі выдавалася свабодная хвілінка, — аддавала яе любімаму ткацтву. Ручнікі, накідкі на ложкі і дываны, пакрывалы, разнастайныя ўпрыгожванні для дома — не пералічыць, колькі непадобных адзін на другі вырабаў саткала яна. Шчыравала не толькі для сябе — ткала і вышывала для родных, суседзяў, землякоў.

Прага да творчасці і жаданне перадаць майстэрства сённяшнім хлопчыкам і дзяўчынкам узялі сваё — з 2000 года Марыя Вікенцьеўна натхнёна працавала кіраўніком гуртка ткацтва ў Гайнінецкім Доме народнай творчасці. Не толькі сакрэтамі народнага рамяства дзялілася з аднавяскоўцамі: яна — сапраўдная крыніца песень, жартаў, трапных  выслоўяў. Дзякуючы, у тым ліку, яе намаганням, мясцовы фальклорны калектыў «Пацеха» (актыўнай удзельніцай якога з’яўляецца Марыя Варанец) адрадзіў абрад «Запускі». «Пацеха» — неаднаразовы ўдзельнік абласных і раённых свят, калектыву даводзілася выступаць і на беларускім тэлебачанні.

Талентаў у жанчыны — на дзесяцярых хопіць. Яна не толькі тчэ, але праславілася яшчэ і знакамітымі вясельнымі караваямі. А як заспявае народную песню — заслухаешся. Да таго ж, Марыя Вікенцьеўна — шчыры, добразычлівы і клапатлівы чалавек, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу, падтрымаць, параіць.

Як сцвярджае сама Марыя Варанец, яе галоўнае багацце — вялікая і дружная сям’я. І тут сапраўды ёсць чым ганарыцца: 5 дзяцей, 9 унукаў, 13 праўнукаў. А яшчэ — вялікая колькасць вучняў, якім таленавітая майстрыха на працягу доўгага часу перадавала сакрэты ткацтва.

Соф’я МАРЧЫК,
дырэктар раённага метадычнага цэнтра

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *