Уплывова, калі разам. У Ляхавіцкім раёне 81 пярвічка і 4 раённыя арганізацыі, якія прадстаўляюць 11 галіновых прафсаюзаў, налічваюць больш за 8,5 тысячы членаў

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне савета Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Справаздачу трымала яго старшыня Тамара Пракап’юк.

Стварэнне пярвічкі і заключэнне калек-тыўнага дагавора паміж кіраўніцтвам арганізацыі і прафкамам – важныя этапы ў забеспячэнні сацыяльнай абароны работнікаў. За апошнія тры гады на Ляхавіччыне створаны дзве новыя пярвічкі. Але ёсць прадпрыемствы (у асноўным прыватнай формы ўласнасці), дзе пра гэта размову не вядуць, у першую чаргу, маўчаць кіраўнікі калектываў. Стварэнне прафсаюзных арганізацый на такіх прадпрыемствах Тамара Пракап’юк назвала адной з першачарговых задач раённага аб’яднання.
Сёлета больш за сотню разоў прафсаюзныя актывісты наведвалі арганізацыі рознай формы ўласнасці: вывучалі сітуацыю ў галіне аплаты працы, занятасці і сацыяльных гарантый.
Па інфармацыі раённага аб’яднання прафсаюзаў, на працягу года меліся факты пераводу работнікаў на няпоўны рабочы дзень, абумоўленыя як вытворчай неабходнасцю (адсутнасць сыравіны для перапрацоўкі на льнозаводзе ці аб’ектаў будаўніцтва ў ПМК-13), так і па прычыне нездавальняючага планавання занятасці, напрыклад, у райаграсэрвісе.
У 81 арганізацыі раёна дзейнічаюць калектыўныя дагаворы. Яшчэ на пяць распаўсюджваюцца дагаворы вышэйстаячых арганізацый.
На прафсаюзным кантролі пытанні аховы працы. Напрыканцы мая рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі правяла маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы. Па яго выніках кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый выдадзены рэкамендацыі па ўхіленні каля 150 выяўленых парушэнняў. Прыпынена эксплуатацыя васьмі адзінак абсталявання.
Запатрабаваны сярод жыхароў раёна і прававыя прыёмы грамадзян. У гэтым годзе паслугамі прафсаюзных юрыстаў скарысталіся 13 нашых землякоў.
На парадку дня ўзаемадзеянне прафсаюзаў з маладзёжнымі і ветэранскімі арганізацыямі. Сярод агульных мэт – вывучэнне гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення.
Асаблівая ўвага надаецца рабоце з маладымі спецыялістамі. З мэтай замацавання выпускнікоў універсітэтаў, каледжаў на працоўных месцах у раённае галіновае пагадненне і калектыўныя дагаворы ўключаны дадатковыя гарантыі для маладых спецыялістаў, размеркаваных на першае працоўнае месца.
Прафсаюзы актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных дабрачынных акцыях, прымеркаваных да навагодніх святаў, пачатку новага навучальнага года, летняй аздараўленчай кампаніі.
Удасканаленне работы па сацыяльнай абароне і падтрымцы ветэранаў, аказанне ім канкрэтнай адраснай дапамогі; прыцягненне моладзі да актыўнага ўдзелу ў прафсаюзным руху – таксама важныя накірункі работы прафсаюзнага актыву раёна.

Васілій ГАРБАЧОЎ,  старшыня прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы:
– 99,5 працэнта працаўнікоў розных структурных падраздзяленняў ЦРБ – члены прафсаюза. Галоўная задача, якую вырашае наш прафактыў, – эфектыўнае ўзаемадзеянне з адміністрацыяй райбальніцы ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач, забеспячэнні неабходных умоў для работы медустаноў раёна, высокай выканальніцкай дысцыпліны, адказнасці работнікаў у пытаннях аказання высокакваліфікаванай меддапамогі насельніцтву.
У нас эфектыўна працуе калектыўны дагавор. Праз яго вырашаюцца пытанні аплаты працы, прэміравання, устанаўлення надбавак, аказання матэрыяльнай дапамогі. Рэгулюе ён і дысцыплінарныя спагнанні. Усё робіцца па ўзгадненні з прафкамам. Штомесячна арганізуем і праводзім дзень аховы працы, дзейнічае і камісія па ахове працы. Няшчасных выпадкаў на вытворчасці, прафзахворванняў ва ўстановах аховы здароўя не зарэгістравана.

Мікалай БУРБУЦЬ, галоўны спецыяліст упраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– На прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна створаны 48 грамадскіх камісій па ахове працы, дзейнічаюць 200 грамадскіх інспектараў, а таксама мабільныя групы, якія правялі з пачатку года каля 80 рэйдаў па вытворчых аб’ектах. Выдадзена больш за 80 рэкамендацый па выпраўленні недахопаў у арганізацыі аховы працы. Асаблівая ўвага надаецца пытанням выканання правілаў бяспекі, утрымання рабочых месцаў, кантролю за тэмпературным рэжымам, забеспячэння сродкамі індывідуальнай абароны, гарачым харчаваннем, стварэння камфортных умоў для прыёму ежы работнікамі і г. д.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *