Выключная гатоўнасць

Як народнагаспадарчы комплекс Ляхавіччыны падрыхтаваўся да работы ў асенне-зімовы перыяд, пакажуць бліжэйшыя 6-7 месяцаў. Што маем на сёння – пра гэта ішла размова на вераснёўскім пасяджэнні райвыканкама.

Вынікі зробленага падвёў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня. Ён нагадаў, што яшчэ да пачатку верасня ўсе атрымальнікі цяпла павінны былі мець пашпарты гатоўнасці. Аднак, па стане на 28 верасня, супрацоўнікі энергаінспекцыі падпісалі толькі 88 працэнтаў згаданых дакументаў для цеплакрыніц і 86 працэнтаў – для спажыўцоў.
Не вытрымлівалі графікі падпісання пашпартоў гатоўнасці ААТ «Жарабковічы», «ТБЗ Ляхавіцкі», ТАА «ТМТ», КСУП «Востраў-Агра», завод «Металапластмас», ЖБСК №№1, 4, 10, 11, 12, 15, 17, 18, МЖСК – № 1 у райцэнтры і  № 3 у Тухавічах.
Кацельная гаспадарка, цепласеткі, большая частка жыллёвага фонду – зона адказнасці камунгаса, які з’яўляецца асноўным пастаўшчыком цяпла ў дамы, установы, прадпрыемствы. Як камунальнікі сустракаюць халады?
Андрэй Ляшчэня падкрэсліў, што стан кацельняў не самы лепшы, нямала пытанняў да парадку ў бытавых памяшканнях. Гэта ж датычыцца месцаў складзіравання дроў. Намеснік старшыні райвыканкама назваў фармальным падыход да тэхнічнага абслугоўвання катлоў: прамыўкі многіх з іх адбываліся толькі на паперы. Адсутнічаюць у ЖКГ рэзервовыя крыніцы сілкавання на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Неўкамплектавана механізатарамі наяўная тэхніка для работы ў асенне-зімовы перыяд.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі заўважыў: многія сённяшнія недапрацоўкі – вынік таго, што падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона пачынаецца за месяц-другі да халадоў, адпаведна, усё робіцца на скорую руку. У далейшым такі падыход недапушчальны.
Работнікі раёна газазабеспячэння мадэрнізавалі ГРП № 23 у райцэнтры, 643 адзінкі састарэлага газавага абсталявання; правялі поўнае тэхнічнае абслугоўванне ў 596 кватэрах гараджан і вяскоўцаў, тэхагляд прайшлі 1186 праточных газавых воданагравальнікаў. Распрацавана праграма, якая дазваляе аператыўна рэагаваць у выпадку аварыйнай сітуацыі.
Свая зона адказнасці і ў раёна электрасетак. Для падрыхтоўкі аб’ектаў энергазабеспячэння часткова зроб-
лены капітальны рамонт трансфарматарных падстанцый, паветраных і кабельных ліній электраперадач, заменены сілавыя трансфарматары і апоры ЛЭП. Але раёну электрасетак неабходна наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі ў пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ацяпляльнага сезона.
Прааналізавана і гатоўнасць дарожнай службы ў асобе ДРБУ-200 і ДЭУ-24 да работы ў зімовых умовах.
Што датычыцца сацыяльнай сферы, то, па інфармацыі, прадстаўленай аддзеламі па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райбальніцай, іх аб’екты да ацяпляльнага сезона падрыхтаваны поўнасцю.
Рашэннем райвыканкама вызначаны тэрмін ухіліць выяўленыя недахопы і пралікі – да 15 кастрычніка. Ацяпляльны сезон для нашых землякоў павінен прайсці спакойна.
На гэтым тыдні пачалася падача цяпла спачатку ў дзіцячыя садкі, школы, медыцынскія і сацыяльныя ўстановы, а праз дзень-другі «пацяплела» ў дамах і кватэрах.
Як адзначылі ў райжылкамунгасе, на падключэнне жыллёвага фонду спатрэбілася некалькі дзён.
Калі вонкавая тэмпература паветра падымецца вышэй за 10 градусаў, кацельні будуць пераведзены на рэжым прапальвання.
Летась ацяпляльны сезон на Брэстчыне пачаўся 4 кастрычніка і доўжыўся да  6 красавіка гэтага года.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *