Люблю сваю работу! 9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты

З гэтых слоў пачала размову паштальён участка апрацоўкі і дастаўкі пошты горада Ляхавічы Баранавіцкага РУПС Антаніна Лейман. Абаяльная, з мілай усмешкай, уважлівая і ветлівая жанчына – гэта ўсё пра яе.

Для жыхароў вуліц Арлоўскага, Вакзальнай, Працоўнай, Сонечнай, Каштанавай, Заходняй, часткова Інтэрна-цыянальнай Антаніна Лейман свой, заўсёды чаканы чалавек. Магчыма, у гэтым і адметнасць паштовай справы – ведаць, што ты патрэбен людзям.
На гадзінніку 8.00. Антаніна раскладвае газету згодна «хадавіка» (спецыяльны сшытак, дзе адзначана, якія выданні і па якіх адрасах трэба даставіць), вяжа пачкі з карэспандэнцыяй і адпраўляецца па сваім паштовым маршруце.
– Мяне заўсёды сустракаюць добразычліва. І я, у сваю чаргу, імкнуся парадаваць людзей – свое-часова прынесці свежую прэсу, даставіць ліст або дробныя паштовыя адпраўленні. З задавальненнем спяшаюся на працу і ў дождж, і ў спякоту. Пошта не павінна спазняцца, – сцвярджае Антаніна.
Чытальніцкія густы падпісчыкаў на сваім участку яна ведае добра, памятае, хто чытае якую газету ці часопіс, дасць параду, на якое выданне аформіць абанемент (прыемная акалічнасць: самая папулярная раёнка). Ды і з лёгкасцю падтрымае любую тэму для размовы: часам людзям проста трэба пагаварыць. Ужо 12 гадоў яна разносіць пошту – шчыруе на адным участку. Жартуе, што назірала па падпісных выданнях, як дзеці станавіліся дарослымі: з забаўляльных часопісаў пераходзілі да сур’ёзнай грамадска-палітычнай газеты.
Апошняя кропка паштовага маршруту – гарадское аддзяленне сувязі: трэба падвесці вынікі, зрабіць справаздачу аб выкананай рабоце.
На вайбер «ЛВ» прыйшло прыемнае паведамленне: Антаніна Лейман сярод пераможцаў ХVІІІ рэспубліканскай круглагадовай спартакіяды РУП «Белпошта». Па-першае, дзякуй, што дзеліцеся з намі сваімі радасцямі, а па-другое, – шчырае захапленне нашай зямлячкай, якая стала другой у спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе сярод жанчын.
Антаніна сціпла расказала пра сваё спартыўнае захапленне – не можа жыць без лёгкай прабежкі. Толькі ў яе разуменні лёгкая – гэта кожную раніцу пераадолець абавязковыя 2,5 кіламетра. Такое карыснае хобі.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

«ЛВ» віншуе са святам свайго даўняга і надзейнага партнёра – мясцовы вузел паштовай сувязі. Асобныя словы ўдзячнасці – нашым галоўным памочнікам – паштальёнам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *