Дзякуй за тое, што навучылі . У Ляхавічах Дзень настаўніка адзначалі прыгожа

Гасцінна прэзентавалі гімназію педагогі Святлана Ушко і Віктар Бародка.

Адно з самых народных святаў – Дзень настаўніка. У свой час кожны меў да яго дачыненне, дарыў любімым настаўнікам кветкі і вершы. Праз гады паўтараем «каронныя» фразы сваіх педагогаў, узгадваем іх па-бацькоўску сардэчныя настаўленні, дзякуем за мудрыя ўрокі жыцця. У групе газеты ў «Аднакласніках» падпісчыца Таццяна Арцёмаўна пакінула каментарый-падзяку сваім настаўнікам: «Дзякуй вам, што мы выраслі добрымі, сардэчнымі і проста чалавекамі. Помнім школу нашу, тое, чаму нас навучылі…».

5 кастрычніка ў гарадскім Доме культуры віншавалі педагогаў. Яшчэ на ўваходзе работнікаў дзіцячых садоў, школ раёна, агракаледжа віталі рабяты з СШ № 1.
А ў фае, бы на выставе народных дасягненняў: шыкоўныя букеты, адмысловыя вырабы… Гэта ўсё свет захапленняў нашых настаўнікаў. Яны не толькі рыхтуюцца да заняткаў і правяраюць сшыткі, але і вяжуць, шыюць, малююць, гатуюць – ствараюць. Напрыклад, Вераніка Васілеўская ў рабочы час кіраўнік фізвыхавання ў яслях-садзе № 1,
а па-за работай свой настрой і ўражанні прыгожа «выкладае» на паперы. Вераніка Кузняцова з гэтай жа ўстановы кручком валодае не горш, чым ручкай: з нітак вывязвае лялькі, сукенкі і іншыя рэчы. І такіх крэатыўшчыкаў з залатымі рукамі ў раёне не злічыць.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч шчыра і сардэчна ад імя райвыканкама і райсавета віншавала работнікаў сістэмы адукацыі раёна, ветэранаў педагагагічнай працы. Лепшым з лепшых уручыла ўзнагароды райвыканкама і райсавета.
Са словамі прывітання да калег звярнулася і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Яна таксама ўручыла педагогам граматы – галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і аддзела па адукацыі райвыканкама.
Шаноўных ветэранаў-юбіляраў, якім сёлета споўнілася 70, 75 і 80 гадоў, зала вітала дружнымі апладысментамі. У знак павагі і прызнання ім – кветкі ад старшыні райвыканкама, падарункі ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Лідар галіновага прафсаюза Святлана Бялецкая разам з цёплымі віншаваннямі самых актыўных «саюзнікаў» адзначыла Ганаровымі граматамі РК прафсаюза. А настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 2 Галіна Масквіціна ўзнагароджана граматай Брэсцкага абкама галіновага прафсаюза.
Калі на сцэне спяваюць школьнікі, за рэжысёрскім пультам часта можна ўбачыць настаўнікаў музыкі Аляксандра Сокала (СШ № 1), Віктара Бародку (гімназія) і Георгія Каліноўскага (СШ № 2). За прапаганду і развіццё вакальна-харавога жанру, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і актыўны ўдзел у раённых і гарадскіх мерапрыемствах яны ўзнагароджаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Сярод шматлікіх дэлегацый на ўрачыстасцях з нагоды свята ў Мінску і Лунінцы была і ляхавіцкая. Наша зямлячка, настаўніца біялогіі Жарабковіцкай СШ Галіна Бунель адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнiк адукацыi». Віншуем!
Для педагогаў у гэты дзень гучалі песні, вершы, віншавалі іх і шчырымі цёплымі словамі. Атрымалася ўрачыста і вельмі душэўна.
Заўважылі, што ў Дзень настаўніка зноў не па-кастрычніцку свяціла сонца? Прырода, па традыцыі, таксама адзначала «народнае» свята.

Малагарадзішчанскаму ВПК на свяце ўручылі пераходны памятны знак як пераможцу  першага раённага турыстычнага злёту работнікаў адукацыі і навукі

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ад карцін Веранікі Васілеўскай з ясляў-сада № 1 не адвесці вачэй.

Ветэраны педагагічнай працы заўсёды ў страі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *