Кліентам прымальныя паслугі . Чаму на вёсцы не запатрабаваны комплексныя прыёмныя пункты, і чаму прыватніку сельская бытоўка нецікавая, высвятляў «ЛВ»

 

Ветліва сустракае наведвальнікаў прыёмшчыца Тальмінавіцкага КПП Тамара Таранда.

Дзе сёння вяскоўцы могуць падстрыгчыся, здаць адзенне ў рамонт, хімчыстку, атрымаць іншыя бытавыя паслугі? Ды там, дзе і калісьці, – у комплексных прыёмных пунктах. На жаль, з-за нерэнтабельнасці КПП пачалі паступова скарачаць асартымент сваіх паслуг ці ўвогуле зачыняцца.

У мінулую сераду на КПП у аграгарадку Тальмінавічы наведвальнікаў было няшмат: за змену прыйшлі ўсяго два кліенты. Прыёмшчыца Тамара Таранда, якая ў прафесіі восем гадоў, гаворыць, што сярод запатрабаваных паслугі хімчысткі, пашыў пасцельнай бялізны, рытуальныя і г. д.
– Мнагалюдна ў нас, калі прыязджае цырульнік. У верасні на стрыжку прыйшлі 16 аграгараджан – больш, чым звычайна. Калі раней самым запатрабаваным быў рамонт абутку, то сёння – хімчыстка, асабліва падушак. Летам і вясной больш кліентаў, чым у халодную пару года. Падабаюцца землякам і камплекты пасцельнай бялізны, якія шыюць у Ляхавіцкім КБА: акуратна і па кошце прымальна, – расказвае Тамара Міхайлаўна.
Тамара Таранда не толькі прыёмшчыца, але і прадавец, у асноўным мыйна-чысцячых сродкаў, некаторыя заказы сама развозіць па дамах землякоў. Такой паслугай часцей карыстаюцца састарэлыя людзі. Адны прыходзяць на КПП, іншыя тэлефануюць, ёсць і тыя, да каго Тамара Міхайлаўна заглядвае падчас дваровага абходу.
– Нядаўна аддавала чысціць падушкі, зручна. Сёння прынесла, праз некалькі дзён забрала – нібы новенькія. Дома, як ні старайся, так не атрымаецца. Калісьці ў нашым КПП можна было і трыкатажныя вырабы купіць, цяпер не прывозяць, – гаворыць мясцовая жыхарка Таццяна Сяргееўна.
У Ляхавіцкім раёне восем КПП: у Востраве, Тухавічах, Свяціцы, Ліпску, Тальмінавічах, Жарабковічах, Начы, Падлессі. Насельніцтву аказваюць асноўныя віды паслуг, прадугледжаныя пералікам дзяржаўных сацыяльных стандартаў: рамонт і пашыў адзення, хімчыстка, мыццё бялізны, рытуальныя. Заказы прымаюць і адпраўляюць у падраздзяленні камунгаса для выканання, а, напрыклад, заказы на рамонт тэлевізараў, халадзільнікаў, іншай бытавой тэхнікі, мэблі, абутку перадаюць прыватнікам, з якімі Ляхавіцкая ЖКГ заключыла дагаворы. На ўсе КПП раз у месяц (у Тухавічы – двойчы) прыязджае цырульнік.
З аўторка па пятніцу ў 10 гадзін раніцы пункты адчыняюць дзверы для кліентаў і працуюць да 14 гадзін. Па суботах прыёмшчыцы заказаў абходзяць вяскоўцаў і прымаюць заказы, як гаворыцца, на месцы. Па папярэдніх заяўках ад жыхароў аграгарадкоў, вёсак, хутароў спецыяльны аўтамабіль камунгаса аб’язджае ўказаныя адрасы і забірае рэчы для рамонту, мыцця і г.д. У сярэднім за месяц выручка на кожным з КПП складае 500-600 рублёў, што не пакрывае расходы на іх утрыманне. Усе яны ў нашым раёне стратныя.
Выканаць заказ якасна і своечасова – значыць, заваяваць кліента. Адпаведна патрэбны кваліфікаваныя майстры. І тут праблема відавочная. Здавалася б, што лягчэй – прыбіць набойку, але камунгас адмовіўся ад абутковай майстэрні, палічыў яе стратнай, перадаў у арэнду прыватніку, частку абсталявання і «тэрыторыю», а разам з імі і заказы на рамонт абутку. Дарэчы, гэта паслуга адна з самых запатрабаваных і ў гарадской, і ў сельскай мясцовасці. Што датычыць рамонту адзення, пашыву бялізны – заказы перадаюцца ў швейны цэх камунгаса.
Што нясуць землякі ў КПП? Майстар участка бытавога абслугоўвання ЖКГ Зінаіда Кумейша расказвае, што ўсё залежыць ад сезона. Цяпер, напрыклад, запатрабаваны рамонт абутку, хімчыстка верхняга адзення, летам – хімчыстка коўдраў, падушак.
Яшчэ гадоў пяць назад у раёне было на шэсць КПП больш, аднак з-за незапатрабаванасці ў Навасёлках, Малым Гара-дзішчы, Русінавічах, Дараве, Коньках яны зачынены.
Калі ў горадзе прыватнікі даўно сказалі сваё важкае слова ў аказанні бытавых паслуг насельніцтву, то ў сельскую мясцовасць яны не надта спяшаюцца. У маланаселеных вёсках, дзе жыве пару дзясяткаў чалавек, у «фінансавы рай» не трапіш, таму сюды яны не рвуцца. Але пакідаць вяскоўцаў без прапановы бытавікоў, значыць, пагоршыць якасць іх жыцця. Бясспрэчна, комплексныя прыёмныя пункты неабходныя. Камунгасаўскай бытоўцы трэба скарыстацца магчымасцю замацавацца ў сельскай мясцовасці. Няпроста знайсці кваліфікаваныя кадры тых жа цырульнікаў, швачак, майстроў-абутнікаў. Але трэба пастарацца. У выйгрышы застанецца і вясковец, якому не трэба месяц чакаць прыезду майстра, каб падстрыгчыся, і ЖКГ будзе мець прыбытак, і чалавеку знойдзецца «бытавая» работа.
Яшчэ адзін магчымы шлях выжывання бытоўкі на сяле –  сумясціць аказанне паслуг з гандлем. Зайшоў, здаў прыёмшчыку бялізну і купіў неабходнае: зручна, выгадна. Сучасная мабільная, якасная бытоўка сёння надзвычай патрэбна. І вяскоўцам у тым ліку.
У нашым раёне нарматыў забяспечанасці насельніцтва сеткай комплексных прыёмных пунктаў у сельскай мясцовасці выконваецца: адзін пункт на 1800-2000 чалавек. Яшчэ нядаўна КПП быў у кожным аграгарадку. Цяпер маем толькі ў палове.
Эканамічная мэтазгоднасць – гэта важна. І не менш важна, каб была ў сельскага жыхара магчымасць без лішніх выдаткаў вырашаць свае праблемы, у тым ліку – бытавыя.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *