Бабуля і яе 18-ць

Бабулечка, бабулька, бабачка Вера – на розныя галасы клічуць унукі Веру Калошу з Кавалёў. Іх у яе не трое, нават не пяцёра, а цэлая дзетсадаўская група – 18! Памятае дзень нараджэння кожнага з іх, ведае, хто не можа без цукеркі, а хто любіць пірожныя, каго трэба абавязкова пахваліць і падбадзёрыць. Няньчыцца з гарэзамі ёй у радасць. І накорміць, і пагуляе, і цярпліва пачытае-перачытае любімыя вершы і казкі.

Старэйшай Каці 12 гадоў, малодшаму Якаву яшчэ няма і года, а паміж імі трох-, чатырох-, дзевяцігадовыя… Радасць, якую адчула, калі ўпершыню стала бабуляй, Вера Аркадзьеўна і сёння не можа перадаць словамі. За гады гэтыя пачуцці шматразова прымножыліся.
А пачыналася гісторыя сям’і Калоша амаль чатыры дзесяцігоддзі назад, калі ў суседніх Баранавічах вясковаму хлопцу Славе спадабалася работніца тэкстыльнай фабрыкі Вера. Сімпатыя перарасла ў саюз –  трывалы і дружны, які ўмацавалі тры сыны і тры дачкі.
Вера Аркадзьеўна расказвае, што з мужам стараліся быць для дзяцей прыкладам, выхоўвалі добрым словам, працай і, канешне, любоўю. Хацелі, каб дом быў поўнай чашай. У сям’і бытавую тэхніку і іншае рамантуюць самі, агародна-садовы ўраджай клапатліва «трансфармуюць» у зімовыя запасы.
Зараз у кожнага з сыноў і дачок свае сем’і. Малодшая Наталля нядаўна выйшла замуж і марыць пра мнагадзетную сям’ю, як у мамы і таты. Дочкі Вольга і Кацярына, хаця і жывуць далёка, але заўсёды на сувязі з бацькамі. Унукі пішуць пісьмы бабулі-дзядулі, малююць і клічуць у госці. Сыны з сем’ямі – ляхавічане, і прыезд у Кавалі для іх дзяцей падзея радасная. Дзядуля бярэ на рукі па дзве-тры маленькія «юлы», і кожны з гарэзаў хоча пасядзець, прытуліцца да роднага чалавека.
Нягледзячы на такі ўнушальны ўнучаты статус, Вера Калоша маладая, энергічная, жыццярадасная і вельмі добразычлівая. Ніколі не баялася цяжкасцяў, паспявала і дома, і на працы.
Сямейныя традыцыі – моцная аснова. Сёння яны аб’ядноўваюць 32 чалавекі – дарослых і малых – тая яшчэ каманда, якая разам можа многае.
– У дзецях, унуках наша радасць. Калі яны збіраюцца, дом ажывае, здаецца, адразу гадоў дзесяць скідваю. Дзеля іх перавярнула б свет, –
прызнаецца Вера Аркадзьеўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *