Любоў як сукупнасць дасканаласці

Са святам, мамачка! Ляхавічанка Алена Асецкая з сынам Даніілам. Хіба могуць параўнацца па прыгажосці з гэтым восеньскім букетам з залатога кляновага лісця самыя шыкоўныя кветкі?!

Самы галоўны чалавек. Абсалютная любоў – да сама-адрачэння, ні кроплі эгаізму, карыслівасці і верагоднасці здрады. Маміна калыханка – гэта той шэдэўр, які не пераўзысці самым масцітым музычным і паэтычным геніям. Маміны рукі – сама пяшчота. Маміны вочы – усёдараванне. Мамін голас… ён гаючым покрывам на любы боль, на любое расчараванне, нават калі гучыць ужо толькі ў памяці. Гэта яна сваім дарослым сынам і дочкам паказвае іх першыя пінеткі і чэпчыкі, іх няўмелыя крамзулі з сонейкам, падобным на чарапаху, і шмат іншых сведчанняў даўняга-даўняга дзяцінства, якія зберагае як самую дарагую каштоўнасць.
За мамінай любоўю – як за самай трывалай сцяною. З мамінай парадай – лічы, з неверагодна празорлівай падказкай. З маміным хваляваннем – з адзіна непаўторным абярэгам.
У дзяцінстве здаецца, што твая, самая прыгожая ў свеце мама заўсёды будзе маладой. Яна і застаецца самай-самай, і маршчынкі сведчаць зусім не пра ўзрост, а пра дабрату і любасць. Толькі аднойчы, калі доўга не бачыўся, пры сустрэчы сціснецца сэрца: самы дарагі чалавек з кіёчкам, у хусцінцы, з распухлымі сустаўчыкамі на пальцах… Мамы таксама старэюць, але іх любоў застаецца абсалютнай да самаадрачэння, без эгаізму, карыслівасці і верагоднасці здрады.
Любоў усё пераносіць, любоў не жадае зла, любоў спадзяецца, любоў не зайздросціць, любоў міласэрная – гэтыя евангельскія пастулаты ідэальна ўвасабляюцца ў тую, каму прыродай і Богам наканавана высокая місія – быць МАМАЙ.
Вольга БАРАДЗІНА.

 

Беражы сябе, мамачка. Ты наша сонейка. Дзякуй за тое, што ты ёсць, што выгадавала, што вывела ў людзі і навучыла быць чалавекам.
Гэтыя словы дарослыя людзі паўтараюць сваім мамам з не меншай пяшчотай, чым калі абдымалі іх у дзяцінстве. Гэтыя словы чуе і Таццяна Болтуць з вёскі Рачканы ад сваіх траіх дзяцей. І яны гучаць заўсёдным прызнаннем у любві да самага дарагога чалавека.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *