Духоўны код мацярынства. «Ляхавіцкі веснік» сярод пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям’я – моцная дзяржава»

Ружамі сустракалі ў мінулую пятніцу ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы ўдзельніц круглага стала «Актуальныя пытанні паляпшэння здароўя жанчын, умацаванне прэстыжу інстытута сям’і як асновы дабрабыту грамадства і дзяржавы». Ішоў традыцыйны Тыдзень маці, і размова гэта была надзвычай у тэму, як і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям’я – моцная дзяржава», заснавальнікамі і арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі і грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». У намінацыі «Лепшыя матэрыялы ў друкаваных рэгіянальных СМІ» пераможцамі прызнаны рэдакцыі раённых газет «Ляхавіцкі веснік» і «Веснік Глыбоччыны». Сярод рэгіянальных электронных СМІ прагучаў яшчэ адзін брэсцкі адрас – тэлерадыёкампанія «Пінск». Вельмі прыемнае суседства, калі ўлічыць, што пераможцамі сярод рэспубліканскіх выданняў сталі газеты «Звязда» і «Рэспубліка».
Намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч адзначыла, што сёлета на конкурс даслана шмат змястоўных работ на сямейную тэматыку, на тэму здаровага ладу жыцця, добрых узаемаадносін, з’явіліся новыя рубрыкі і цікавыя падыходы. Асабліва прыемна і справядліва, што героямі многіх публікацый станавіліся менавіта шматдзетныя сем’і і, адпаведна, шматдзетныя мамы, якія адбыліся і ў прафесіі.
Першы намеснік старшыні БСЖ Святлана Сітнікава падкрэсліла, што пры падвядзенні вынікаў конкурсу журы найперш улічвала прафесіяналізм і творчы падыход журналістаў, якія пішуць на сямейную тэматыку, асвятляюць на старонках выданняў рэалізацыю дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, умацаванне прэстыжу інстытута сям’і ў грамадстве, яе духоўна-маральных асноў, прапагандуюць сямейныя традыцыі і каштоўнасці. Пра папулярнасць і важкасць конкурсу можна меркаваць па колькасці яго ўдзельнікаў: сёлета было даслана 110 работ ад 70 рэдакцый (дарэчы, ад рэгіянальных друкаваных СМІ – 55). Як бачым, канкурэнцыя была немалая.
Размова за круглым сталом атрымалася сардэчнай і шчырай. Ды хіба можна па-іншаму гаварыць пра мацярынства?! Тым больш, што вялася яна, па словах адной з удзельніц, ад душы і для душы.
«Мне падабаецца быць шматдзетнай мамай», – падзялілася сваімі пачуццямі маці шасцярых дзяцей, старшыня арганізацыі БСЖ Першамайскага раёна сталіцы Кацярына Старавойтава. Ёй апладзіравалі ўсе.
Калі намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Святлана Нагібовіч гаварыла пра паўторныя роды, яна дадала: гэта здорава! Здорава для жанчыны, для сям’і, для дзяржавы.
Апладысментамі суправаджалі ўдзельнікі круглага стала і расказ прадстаўніцы Салігорскага раёна пра фестываль «Люблю-кармлю», пра праект «Крыніца сямейнага адпачынку» і інш. Гэту цудоўную практыку варта было б распаўсюдзіць, лічыць Лілія Ананіч, а Беларускаму саюзу жанчын – выступіць ініцыятарам стварэння «Энцыклапедыі сямейнага чытання», каб маладыя мамы збіралі бібліятэку для дзетак з ранняга ўзросту.
У самых розных сферах жыцця нашы сучасніцы адыгрываюць значную ролю, падкрэсліла Лілія Ананіч. Але самая галоўная місія жанчыны – быць мамай, дарыць жыццё: «Менавіта мамы нясуць духоўны код, выхоўваючы сваіх дзяцей добрымі, паслухмянымі, ініцыятыўнымі, мэтанакіраванымі, працавітымі. Каб яны далей неслі ў свет дабро, перадаючы гэты код новым пакаленням беларусаў».
Намеснік старшыні БСЖ Антаніна Морава паведаміла, што па гендарным раўнапраўі Беларусь займае першае месца сярод постсавецкіх краін, а таксама ўваходзіць у топ-30 краін свету, дзе індэкс гендарнага развіцця жанчын вышэй, чым мужчын. Яна таксама агучыла цікавыя статыстычныя даныя. Напрыклад, рабочы час жанчын працаздольнага ўзросту ў рэспубліцы складае 38 гадзін у тыдзень, 26 гадзін у тыдзень затрачваецца на вядзенне хатняй гаспадаркі, у тым ліку догляд за дзецьмі. Па даных сацапытання, больш за 80 працэнтаў жанчын галоўнай каштоўнасцю ў сям’і называюць здароўе.
Прадметна і канкрэтна разважалі госці прэс-цэнтра пра неабходнасць культываваць здаровы лад жыцця ў сем’ях, прасоўваць ініцыятывы па падтрымцы мацярынства ў рэгіёнах, пра ролю СМІ ва ўмацаванні сям’і, таму што моцная сям’я – моцная дзяржава.
Усіх удзельніц круглага стала і пераможцаў рэспубліканскага творчага журналісцкага конкурсу павіншавала і начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Надзея Бельская.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *