Школа ў форме. У Ляхавічах пасля рамонту адкрыта спартыўная зала СДЮШАР

Урачысты момант — чырвоная стужка перарэзана. З абноўкай, СДЮШАР!

Адкрыццё гэтага спартыўнага аб’екта ў раёне – падзея радасная і чаканая. У мінулую пятніцу ў зале для гульні ў гандбол ізноў шумна, пануе атмасфера напружанасці і прыемнай усхваляванасці. Ідзе першая трэніроўка: па зале разносіцца рэха ад удараў мячоў, балельшчыкі занялі свае месцы і падтрымлівалі ігракоў, танцавальны падарунак падрыхтавалі і чарлідзершы. Больш за год назад тут пачыналіся будаўнічыя клопаты. А сёння бачым сучасную залу, дзе зроблена ўсё, каб юныя ляхавічане маглі ўмацоўваць здароўе, бавіць час не за смартфонам ці камп’ютарам, а займацца спортам з вялікім камфортам.

Каля новенькага корпуса спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву адчуць радасць моманту і раздзяліць яго сабраліся трэнеры — выкладчыкі, юныя спартсмены, спартсмены-ветэраны, школьнікі і настаўнікі.
А яшчэ на спартыўнае свята прыбылі старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў, кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Камінскім.
Гандбольны мяч з партрэтамі беларускіх чэмпіёнаў Уладзімір Канаплёў уручыў Аляксандру  Камінскаму і выказаў спадзяванні, што школа выхавае годную змену гандбалістаў.
Гандбольная традыцыя ў Ляхавіцкім раёне – моцная, даўняя – паўстагадовая, праслаўленая знакамітымі спартсменамі і трэнерамі Анатоліем Санько, Юрыем Кіслым, Рыгорам Хіліцкім, Святланай Мінеўскай, Уладзімірам Шарапам.
Гэту акалічнасць Ляхавіцкай СДЮШАР падкрэсліў Іван Наскевіч. Ён упэўнены, што такія спартыўныя збудаванні павінны прыцягнуць увагу дзяцей, а школа будзе радаваць новымі імёнамі чэмпіёнаў.
Два этапы будаўнічых работ – і зала для гульні ў гандбол адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Тут замянілі падлогу, вокны. Абнавіліся раздзявалкі, душавыя, санвузлы, адрамантавалі адміністрацыйныя кабінеты. На ўсё гэта было выдаткавана звыш 400 тысяч рублёў, з іх амаль 388 – з абласнога бюджэту, астатнія – спонсарская падтрымка ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка».
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка павіншаваў з такой важкай падзеяй у спартыўным жыцці раёна і пажадаў выдатных спартыўных дасягненняў.
У новую гульнявую залу – у новай форме, з новымі інвентаром і мячамі. Гэта і многае іншае атрымала СДЮШАР у падарунак ад гасцей.
Пра сёння Ляхавіцкай спартшколы ў імёнах і дасягненнях гаварыў кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі. Ён упэўнены, што адкрыццё корпуса СДЮШАР  стане імпульсам для павышэння майстэрства і прафесіяналізму спартсменаў. Дарэчы, за мінулы год тут падрыхтавалі 6 кандыдатаў у майстры спорту, у склад нацыянальнай   каманды краіны ўключаны  8 нашых выхаванцаў.
…Хвалюючы, прыгожы момант. Шаноўныя госці пераразаюць чырвоную стужку. Дырэктар Валянціна Русакевіч запрашае на экскурсію па СДЮШАР.
У зале поўным ходам ідзе трэніроўка. Майстар-клас для ляхавіцкіх рабят правялі спартсмены з Брэсцкага гандбольнага клуба імя Анатолія Мяшкова.
Будзем лічыць, што падрыхтоўку да экзамену зала вытрымала. А ў наступную пятніцу ў абноўленай СДЮШАР адбудзецца рэспубліканскі турнір па гандболе.
Некалі, каб размеркаваць два корпусы спартшколы, іх класіфікавалі так – старая і новая. А як цяпер будзе гучаць: сустрэнемся ў новай-старой спартшколе?!

ФАКТ

Год назад па выніках алімпійскага цыкла спартшкола атрымала статус спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву. Сёння тут займаюцца больш за 570 хлопчыкаў і дзяўчынак па чатырох накірунках. Акрамя гандбола юныя спартсмены наведваюць секцыі па футболе, дзюдо і лёгкай атлетыцы. Дарэчы, наконт апошняй. Лёгкаатлетычны манеж таксама чакае сваёй чаргі на пераўтварэнне.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Уладзімір Канаплёў уручае сімвалічны гандбольны мяч Аляксанру Камінскаму.

Падарункі ад Івана Наскевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *