Актыўная, дзейсная наша «Белая Русь»

Генадзій Давыдзька (другі злева) уручыў актывістам граматы аб’яднання. Сярод іх – намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Святлана Юрлевіч.

Калі разам збіраюцца члены рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», размова ідзе пра стваральныя справы і ініцыятывы, гучаць канструктыўныя прапановы і ідэі. Так было і ў мінулы аўторак на 558-ым  авіярамонтным заводзе ў Баранавічах, дзе старшыня аб’яднання Генадзій Давыдзька сустракаўся з лідарамі раённых арганізацый з усёй Брэстчыны. Ён падзяліўся меркаваннямі па колькасным і якасным росце «Белай Русі», заклікаў актыўней працаваць над згуртаваннем арганізацыі, умацаваннем яе аўтарытэту.
Сярод тых, каму ў той дзень былі ўручаны ўзнагароды аб’яднання, і нашы землякі. Граматай Брэсцкай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» адзначана намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая ў свой час на працягу пяці гадоў узначальвала раённую арганізацыю, Падзячным пісьмом – спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валерый Марозаў.

Не кожнаму пашчасціць атрымаць членскі білет масавай і ўплывовай рэспубліканскай грамадскай арганізацыі непасрэдна з рук яе лідара: такая ўдача выпала юрысконсульту ТЦСАН Марыне Касаковіч.
Сёння ў нашым раёне дзейнічае 29 пярвічак «Белай Русі», яны аб’ядноўваюць 839 нераўнадушных і ініцыятыўных землякоў. У іх шмат задум і безліч адрасоў увагі. Нядаўна, напрыклад, наведаліся ў мнагадзетныя сем’і: павіншавалі мам з Днём маці і ўручылі ім падарункі. Актыўнічаюць разам і заўсёды.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Марыны КАСАКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *