Марчыкі-загадчыкі. Без гэтых людзей складана ўявіць Ляхавіцкую медыцыну

Яна з Лунінеччыны, ён з Ваўкавыска, абое вучыліся ў Мінску ў БДМУ. А цяпер Марчыкі сталі ляхавічанамі. І гэта сямейная пара даволі хутка аказалася вельмі патрэбнай землякам. Дзіяна Уладзіміраўна –  загадчыца неўралагічнага аддзялення, яе муж Ян Янавіч – загадчык хірургічнага аддзялення.

Пытаюся, чаму выбралі Ляхавічы? Яны пазіраюць адзін на аднаго, усміхаюцца, напэўна, успамінаюць нейкую сваю гісторыю і расказваюць, як трапілі сюды.
– На размеркаванні проста ўзялі карту і выбралі такую кропку, каб ехаць ад яе да бацькоўскіх дамоў было прыкладна аднолькава. Прытым, тут яшчэ і чыгуначны прыпынак ёсць. Нам спадабаліся Ляхавічы, хаця былі варыянты, напрыклад, паехаць у Ганцавічы ці Бярозу, – успамінаюць Марчыкі.
Пра свае першыя рабочыя будні расказваюць з асаблівай цеплынёй.
– Зразумела, ехаць у раён (гэта было 7 гадоў назад — рэд.), дзе нікога і нічога не ведаеш, было страшнавата. А пазнаёміліся з калектывам, з дружалюбнымі калегамі, да таго ж з вопытнымі профі, якія дапамаглі хутчэй асвоіцца, штосьці падказвалі, раілі, – і пра тое, што страшна, і вельмі хутка забыліся. А яшчэ атрымалі арэндную кватэру ў Ляхавічах, – расказвае Ян Янавіч.
Кар’еру Марчыкі лічаць, безумоўна, важным складнікам шчасця, але ж першапачатковы і асноўны – канешне, сям’я і родныя.
– Стараемся як мага больш часу праводзіць са сваёй дачушкай. У выхадны едзем у кіно, у парк адпачынку, па ягады ці грыбы. Наша Аліса ўся ў сваіх медыцынскіх бацькоў. У пяць гадоў заявіла, што будзе таксама лячыць людзей. Як і належыць, пацыентамі ў яе лялькі, замест медыцынскіх картак лісткі з паперы. Яна ўпрошвае, каб яе… узялі на работу. Абяцае: буду сядзець ціха-ціха і назіраць, як ты, мамачка, працуеш. Пра боязь белых халатаў і гаварыць не варта, прымярае дома і ўяўляе сябе ўрачом, – расказвае Дзіяна Марчык.
Сям’я працягвае адкрываць для сябе Ляхавіччыну, асабліва любяць адпраўляцца ў вандроўку пешшу ці на веласіпедзе. З экскурсіяй пабывалі ў Грушаўцы і ў парку Рэпіхава. Ды і па горадзе прайсціся – адно задавальненне.
Цікава, а як жа дома ўжываюцца загадчыкі?
– Паверце, дома мы самая звычайная пара. Тыя ж праблемы, што ва ўсіх, тыя ж клопаты, з якімі стараемся разбірацца разам. Магчыма, у гэтым і сэнс сям’і: адчуваць і ведаць, што побач блізкія.
Дарэчы, выбар прафесіі ў нашых герояў – не выпадковы. Дзіяна і Ян – з медыцынскіх сямейных дынастый. Але яны ўпэўніваюць, што верх узяло жаданне дапамагаць людзям. Белы халат абавязвае, белы халат прыносіць радасць ад усведамлення: мы займаемся сваёй любімай справай, нам людзі давяраюць сваё здароўе.
Працоўны дзень Марчыкаў заканчваецца кожны дзень… рамантычна. Яны расказваюць і не хаваюць задаволенасці: на работу разам, з работы таксама. Калі хтосьці спазняецца, абавязкова чакаюць адзін аднаго. Нават калі фатаграфаваліся, без слоў было зразумела: яны разам, яны шчаслівыя.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *