Тырады пра спартакіяды. У Ляхавічах на круглагадовай раённай спартакіядзе спаборнічалі працоўныя калектывы і не толькі

Яркай ілюстрацыяй сцвярджэнню, што спорт падуладны людзям розных узростаў і прафесій, стала карцінка мінулай суботы. Футбольную паляну стадыёна «Колас» у той дзень захапілі самыя юныя – удзельнікі футбольнага турніру, красамоўная назва якога – «дзіцячая ліга» – гаворыць сама за сябе.

Закрытая ж база СДЮШАР знаходзілася ў распараджэнні дарослых. Этап круглагадовай раённай спартакіяды працоўных калектываў супаў па часе з раённай спартакіядай «Вертыкаль».
Апроч атрыманых порцый здароўя і бадзёрасці, вострых спартыўных уражанняў, па выніках гэтага старту «вертыкальныя» фізкультурнікі вызначыліся з камандай, якая ў хуткім часе прадставіць Ляхавіччыну на абласных спаборніцтвах работнікаў распарадчых і выканаўчых органаў. Настольны тэніс, більярд, дартс і шахматы – названыя віды спорту ўваходзілі ў праграму абедзвюх спартакіяд. Плюс шашачны турнір, першынство ў якім разыгрывалі толькі дзяржслужачыя. Апошніх было чатыры каманды, сабраных у адпаведнасці з накірункамі дзейнасці, якія прадстаўлялі сацыяльную сферу, эканоміку, ЖКГ і будаўніцтва, сельскія выканкамы.
На трэцім этапе спартакіядную гонку прадоўжылі працоўныя калектывы ААТ «Жарабковічы», агракаледжа, лясгаса і камунгаса, райбальніцы, СДЮШАР, раённай ветэрынарнай станцыі. У спаборніцтве шахматыстаў, а іменна гэта дысцыпліна атрымала ў суботу найбольш масавае прадстаўніцтва, паспрабавалі сябе і пазакамандныя ігракі – жыхары горада і раёна.
Афіцыйны старт здароваму мерапрыемству даў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Ён шчыра вітаў удзельнікаў спаборніцтваў, пажадаў удалага выступлення. І нагадаў, што зусім не перамога выходзіць на першае месца ў спісе прыярытэтаў падобных выступленняў. Яшчэ – зарад бадзёрасці і здаровы лад жыцця.
Гульнявая зала спартшколы «прытуліла» майстроў малой тэніснай ракеткі і дартсістаў. Лепшымі ў тэнісе на даным этапе спартакіяды сталі жарабковіцкія працаўнікі. У спаборніцтве па дартсе першынствавалі раённыя медыкі. Як адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, кіраўнік ФСК Генадзій Новік, калі б стаяла задача вызначыць калектыў-пераможцу трэцяга этапу спартакіяды, то гэта былі б іменна медыкі. Перамога ў дартсе і вельмі роўнае праходжанне па дыстанцыі іншых відаў дысцыплін з’яўляюцца таму асновай. Як вынік – «каманда ў белых халатах» яшчэ больш умацавалася ў «бронзавым» статусе агульнага спартакіяднага заліку. А вось у супрацьстаянні за шахматнымі дошкамі і більярдным сталом роўных не было дружыне лясгаса.
Лідарскую пазіцыю спартакіяды з самага пачатку не выпускаюць з рук жарабковіцкія аграрыі. Дзякуючы, канешне, спартыўнай кваліфікацыі сваіх спартсменаў. Але яшчэ і таму, што з’яўляюцца самымі актыўнымі спартакіяднымі байцамі, выступаюць заўсёды і ў максімальна поўным камандным складзе.
У праграме раённай спартакіяды працоўных калектываў невыкананымі засталіся два пункты. Спаборніцтвы па міні-футболе мяркуецца адкрыць ужо ў гэтыя выхадныя. Валейбольныя зборныя працоўных калектываў раёна выйдуць на паркет у снежні. Але ж гэта зусім не азначае, што трэба чакаць – у занятках фізкультурай і спортам тайм-аўтаў быць не павінна.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *