У бальніцу … за пакупкамі. У Ляхавіцкай ЦРБ працуе фірменны магазін птушкафабрыкі «Дружба» /фота/

А  вы ведаеце, што многія нашы землякі з нядаўняга часу накіроўваюцца ў райбальніцу яшчэ і за… пакупкамі? З верасня пад дахам установы аховы здароўя працуе фірменны магазін птушкафабрыкі «Дружба», калі больш дакладна – у левым крыле райбальніцы (на месцы былога буфета). Наогул, тут зараз уладкаваны сапраўдны міні-маркет: гандлююць райпо, Брэстаблсаюздрук, птушкафабрыка. Так што землякі адсюль з пустымі рукамі не выходзяць.

Жыхарка вёскі Ураджайная Валянціна Свістуновіч у магазіне першы раз. Адзначае, што спадабаўся выбар прадукцыі. Прыкупіла і каўбас, і замарожаных паўфабрыкатаў.
Марына Сяргей прыехала з Задвор’я праведаць унучку. Раней, калі нешта забыўся, не прывёз хвораму – праблема. А зараз усё на месцы: свежае, смачнае і не трэба адцягваць рукі сумкамі.
Адкрыццё гандлёвых кропак стала магчымым дзякуючы ініцыятыве райбальніцы.
– Той буфет, які да гэтага быў, не адпавядаў ні санітарным, ні сучасным пакупніцкім запытам, – расказвае галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч. – Будаўнічая брыгада райбальніцы за кароткі тэрмін уласнымі сіламі адрамантавала вялікае памяшканне, у якім з нядаўняга часу размясціліся тры магазіны. Зручна не толькі нашым пацыентам (многія жывуць у аддаленых вёсках раёна), але і многім ляхавічанам. Калі адкрывалі гандлёвую кропку, разлічвалі, канешне, і на задавальненне патрэб мясцовага насельніцтва. Тым больш, фірменны магазін птушкафабрыкі «Дружба» ў раёне толькі адзін – наш, – адзначае галоўны ўрач.
Загадчыца фірменнай кропкі Наталля Адамчык расказвае, што прывоз у магазін штодзённы, асартымент – шырокі. Рэалізуецца гатовая прадукцыя (разнастайныя каўбасы, рулеты, сасіскі і г.д.) і хуткага прыгатавання з птушкі, ахалоджаныя і замарожаныя паўфабрыкаты з мяса бройлераў, фарш і многае іншае. Шмат тут і спадарожных тавараў.
Адным словам, зручна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *