«Будаўніковы» час Шталя

Вікенцій Шталь

 

Больш за дзесяць гадоў мне выпала працаваць у газеце «Будаўнік камунізму» загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела. Гэта быў час бадай самай пільнай увагі і строгай патрабавальнасці да сродкаў масавай інфармацыі. Памылкі, нават нязначныя, не дараваліся. Але, маючы пэўны творчы і жыццёвы вопыт, я не адчуваў асаблівых цяжкасцей. Наадварот, працавалася ахвотна і плённа. Праз дзень, а то і кожны дзень рэдакцыйны легкавічок пыліў па прасёлачных дарогах і вясковых вуліцах. Асабліва часта прыходзілася выязджаць «на раён» у перыяд палявых веснавых і асенніх работ, уборкі ўраджаю.

Вернешся, напішаш артыкул, замалёўку ці рэпартаж і зноў у шлях. А як жа інакш? Газета не можа чакаць, адкладваць справу надалей. Яна патрабуе асаблівай сабранасці і аператыўнасці. І разам з тым уважлівага падыходу як да станоўчых, так і да крытычных матэрыялаў. Стараешся, каб яны былі ў першую чаргу аб’ектыўнымі і праўдзівымі. І трэба сказаць, не паступала нараканняў і абвяржэнняў на крытыку. А калі сустракаліся адпіскі, газета выступала паўторна, абавязкова дабівалася рэагавання і прыняцця канкрэтных мер па ўхіленні недахопаў.
Значная ўвага ў «Будаўніку» адводзілася пытанням, звязаным з перадавым вопытам у сельскай гаспадарцы. Усё перадавое, новае, дасягнутае адным аграрным калектывам, неўзабаве станавілася здабыткам суседзяў. На старонках газеты выступалі аграномы, заатэхнікі, радавыя паляводы і жывёлаводы.
Мы трымалі цесную сувязь з навукоўцамі-аграрнікамі. Па кожнай сельскагаспадарчай галіне давалі ў газету свае рэкамендацыі. Часцяком і самі наведвалі саўгас «Нача», сустракаліся з яго кіраўнікамі і спецыялістамі, гаварылі пра тое, як весці племянную работу, павышаць культуру земляробства і на гэтай аснове дабівацца добрай выніковасці. Як правіла, на такіх сустрэчах прысутнічалі і супрацоўнікі сельгасаддзела.
Адной з дзейсных формаў руху наперад у раёне лічылася абарона сацыялістычных абавязацельстваў. Калектывы гаспадарак на пасяджэннях аўтарытэтнай камісіі даказвалі, за кошт якіх рэзерваў яны дасягнуць высокай выніковасці. Газета шырока асвятляла ход выканання павышаных абавязацельстваў, паведамляла аб прычынах іх зрыву.
Трэба адзначыць, што тагачасную нашу раёнку не абыходзілі ўвагай цэнтральныя газеты. У сваіх аглядах яны пісалі, што «Будаўнік» сістэматычна і на належным узроўні асвятляе пытанні сельскай гаспадаркі, пашырае тэматыку, разнастаіць жанры. Шчыра скажу, што такая ацэнка радавала ўвесь наш невялікі калектыў. Хацелася працаваць яшчэ лепш. Мы вучыліся ў вопытных, таленавітых калег з абласной і рэспубліканскіх газет. Атрымлівалі практычныя веды на курсах павышэння кваліфікацыі, якія праводзіліся ў Брэсце. Частымі гасцямі ў Ляхавічах былі журналісты з суседніх Ганцавіч і Баранавіч. А мы, у сваю чаргу, запрашаліся ў госці да іх. Дзяліліся вопытам, творчымі планамі і задумкамі, наладжвалі агляды сваіх выданняў.
Перада мною і сёння паўстае вобраз рэдактара «Будаўніка» Вікенція Юльевіча Шталя. Мне цяжка гаварыць пра гэтага чалавека ў мінулым часе – настолькі жывым, дзеючым, блізкім ён стаіць перад вачамі, хаця ўжо шмат гадоў няма яго з намі. Таму проста немагчыма свае доўгія творчыя сувязі з ім адправіць у незваротнае, былое. Мне здаецца, што ва ўсіх, хто ведаў яго, знаходзіўся поруч, склалася і трывала ўтрымліваецца ў памяці жывое ўяўленне пра яго. Вікенцій Юльевіч вызначаўся выключнай добразычлівасцю, гатоўнасцю дапамагчы, даць слушную параду.
Бачыў я яго сялянскую руплівасць на бульбаўборцы, назіраў, якой паслухмянай была ў яго руках каса, калі рэдакцыя разам з іншымі арганізацыямі і ўстановамі выконвала заданне па нарыхтоўцы кармоў.
Але галоўнае, што Вікенцій Юльевіч добра валодаў пяром. Яго фельетонаў з нецярпеннем чакалі чытачы. Не надта крыўдавалі і тыя, хто трапляў пад агонь яго вострых публікацый.
Некалькі гадоў мне давялося папрацаваць і ў «Ляхавіцкім весніку». Ды якраз на самым пачатку рыначнай эканомікі. Гэта быў таксама няпросты час. Значная частка таго, што напрацавалася ў сістэме аграпрамысловага комплексу на працягу многіх дзесяцігоддзяў і лічылася важным, эфектыўным, непарушным, адышло на задні план альбо знікла зусім. Тым не менш, супрацоўнікі «Весніка» з рэдактарам Іосіфам Цімафеевічам Карпызам змаглі хутка і паспяхова адаптавацца ў новых, нязвыклых умовах і працаваць з веданнем справы.

Фёдар ЛАПАНІК.

 

 

 

Педагог Кастусь Турко кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры рэдакцыі «Будаўніка камунізма». Сам пісаў вершы і выпусціў зборнік «Заўсёды з вамі». У нумары за 24 кастрычніка 1968 года, прысвечаным 25-годдзю раёнкі, апублікавана яго вершаванае прысвячэнне любімай газеце.

 

Маёй раёнцы
У час вайны і ліхалецця,
У той суровы, грозны час
Твой голас ўпершыню на свеце
На барацьбу паклікаў нас!
Ішла ты ў свет з прамерзлае зямлянкі
Адразу ў строй, адразу ў бой.
Цябе, адважнай партызанкі,
Баяўся фрыц, як кулі злой.
Нясла ты праўду, сілы людзям,
Натхняла ў мужнай барацьбе,
І верыў кожны – край наш будзе
Квітнець у дружнай грамадзе.
…Прайшлі гады навалы грознай,
Мой край – у шчасці і красе,
І нумар твой, газета, кожны
Нам вестак шмат аб тым нясе.
Заве на новыя здзяйсненні,
За ўраджай на бой заве
І славіць тых, хто ўсё натхненне
Зямлі і працы аддае!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *