Дзень з «ЛВ». Дзень нараджэння «ЛВ» атрымаўся ўтульным і ўрачыстым адначасова

Пажаўцелыя лісты, як цяпер прынята мераць, фармата А4 у лічаныя хвіліны разышліся па глядзельнай зале ГДК. Іх перадавалі з рук у рукі, уважліва і здзіўлена разглядвалі, чыталі і беражліва складвалі. Кожны госць вялікага свята, што арганізавала ў мінулую сераду раёнка, узяў дадому часцінку нашай агульнай гісторыі – ксеракопію першага нумара «Совецкага патрыёта», датаванага 24 кастрычніка 1943 года. І гэта быў адзін з падарункаў, які сённяшні калектыў «Ляхавіцкага весніка» падрыхтаваў для сваіх сяброў з нагоды 75-гадовага юбілею раённай газеты.
Дзень нараджэння «ЛВ» атрымаўся ўтульным і ўрачыстым адначасова. Першаму спрыялі цёплая атмасфера, шматлікія віншаванні і шчырыя ўсмешкі. Другому, у тым ліку, вялікая колькасць ганаровых гасцей, сярод якіх – старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, кансультант Міністэрства інфармацыі Аляксандр Саламаха, дэпутат парламента Леанід Цупрык, намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў, прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Юлія Цікунова і Галіна Мазіна, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСЖ, рэдактар «Зари» Аляксандр Лагвіновіч, дырэктар ААТ «Брэсцкая друкарня» Вячаслаў Шахлевіч, дырэктар выдавецкага дома «Бяловагруп» Таццяна Бялова, журналіст, паэт, былы старшыня абласной арганізацыі БСЖ Георгій Тамашэвіч, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко. Вельмі прыемна было бачыць у зале і калег з баранавіцкай, лунінецкай, івацэвіцкай і ганцавіцкай раёнак, і кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, і дэлегацыі працоўных калектываў. Усе гэтыя людзі адклалі свае важныя справы, каб некалькі гадзін правесці ў кампаніі з «ЛВ».

Безумоўна, урачыстасці і важкасці святу дадалі зачытаныя са сцэны прывітальныя адрасы ад міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча і намесніка старшыні аблвыканкама Алега Вялічкі. А яшчэ шматлікія ўзнагароды, у ліку якіх – Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі калектыву «Ляхавіцкага весніка». Асабістыя ўзнагароды атрымалі не толькі многія сённяшнія супрацоўнікі, але і ветэраны раёнкі Вікенцій Бурло (віншаванні і падарункі 98-гадоваму Вікенцію Ільічу, які, на жаль, сёлета не змог прыехаць на сустрэчу, газетчыкі абавязкова перададуць у бліжэйшы час), Іосіф Карпыза, Фёдар Лапанік. Апладысменты гучалі ў гэты дзень у адрас усіх нашых ветэранаў, і гэта цалкам справядліва.
А яшчэ было мора кветак, падарункаў і прызнанняў – нават ад тых, хто так і не змог прыйсці і прыехаць.
У раёнкі нямала сапраўдных сяброў. Назваць прозвішчы ўсіх і кожнага са святочнай сцэны – проста нерэальна. І няхай выбачаюць тыя, хто ў гэты дзень застаўся па-за кадрам. Калектыў «ЛВ» шчыра ўдзячны ўсім, хто кожны дзень дапамагае рабіць газету цікавай, запатрабаванай, актуальнай: нашым чытачам, героям публікацый, аўтарам добрых і цікавых спраў, што шчод-ра ствараюць інфармацыйныя нагоды для газетных матэрыялаў. Трэба прызнацца, газетчыкам давялося вельмі і вельмі няпроста пры вызначэнні кандыдатур для ўзнагароджання спецыяльнымі дыпломамі «ЛВ». У выніку нарадзіліся 12 арыгінальных намінацый, дыпламантамі ў якіх сталі прадстаўнікі рознага ўзросту і розных прафесій. Дарэчы, фота ўсіх уладальнікаў нашых спецдыпломаў можна было ўбачыць на адной са старонак святочнага нумара раёнкі: яны гаварылі пра сваю газету і тады яшчэ нічога не ведалі пра гэты невялікі сюрпрыз ад «Ляхавіцкага весніка».
Што датычыць сюрпрызаў, то імі сталі і фота-экспазіцыі «ЛВ», што ў гэты дзень размясціліся ў фае ГДК, і стыльная рэтра-фотазона ад раённай купалаўкі, і гасцінны столік са стравамі нацыянальнай кухні, прыгатаванымі ў абсалютнай большасці рэдакцыйнымі гаспадынямі, і канцэрт-ныя нумары ад сяброў раёнкі – мясцовых самадзейных артыстаў і прафесійных музыкантаў. Ды што там казаць, у гэты дзень «веснікаўцы» былі і аўтарамі, і рэжысёрамі, і вядучымі праграмы, нават заспявалі ўсім калектывам!
І ўсё ж галоўным падарункам «ЛВ» сваім землякам да газетнага юбілею і Года малой радзімы стала пасаджаная напярэдадні алея з 75 бярозак і рабінак. Задумку «веснікаўцаў» падтрымалі і дапамаглі ажыццявіць раённая ўлада, лясгас, камунгас, бээрэсэмаўцы, каляджане. «Нялётнае» надвор’е 23 кастрычніка не перашкодзіла спраўдзіць запланаванае: маладыя дрэўцы занялі адведзеныя ім месцы ўздоўж дарогі да Крыжаўзвіжанскага храма. А да наступнага юбілею раёнкі яны набяруцца сіл, памацнеюць, падрастуць. І яшчэ многім пакаленням ляхавічан будуць штодня нагадваць пра тое, што ўсе разам мы здольны на многае.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і Маргарыты КУХТА. Больш фота тут

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *