Заўжды малады камсамол

Стан душы і незабыўная пара юнацтва, мараў і ідэй. Студэнцкія будаўнічыя атрады і маштабныя новабудоўлі. Гэта камсамол – маладзёжная арганізацыя, быць часткай якой лічылі за гонар. 29 кастрычніка ў ВЛКСМ шаноўны юбілей. Вечна маладому камсамолу – 100 гадоў!
Што для вас гэты юбілей – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Алена АНУШКЕВІЧ, былы сакратар РК ЛКСМБ:
– Маладосць, цікавыя сустрэчы, імклівы час, мноства паездак – такімі запомніліся камсамольскія гады. Мне пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам выдатнага арганізатара Льва Аліферкі. Колькі цікавых спраў ажыццявілі тады. Нават пленумы райкама ЛКСМБ праводзіліся заўжды па розным сцэнарыі. Пасля аднаго з іх вырашылі прайсці па вуліцах горада з камсамольскімі песнямі. А яшчэ менавіта тады арганізавалі першае камсамольскае маладзёжнае вяселле.

Мікалай ЮРУЦЬ,  старшыня раённага савета ветэранаў, былы другі сакратар РК ЛКСМБ:
– Камсамольская маладосць – незабыўная пара. Камсамол навучыў мяне працаваць з людзьмі, вырашаць арганізацыйныя пытанні, падбіраць кадравы рэзерв. А яшчэ ўзнагародзіў, лічу, найкаштоўнейшым падарункам –
пазнаёміў з цікавымі людзьмі. Былі заўсёды ў эпіцэнтры падзей. Людміла Чубрык, Таццяна Пятух, Ганна Малевіч, Леанід Мацюх, Мікалай Пятух – прозвішчы сапраўдных маладзёжных лідараў, якія знаходзіліся ў авангардзе працоўных і творчых дасягненняў. Колькі цікавага зроблена за камсамольскія гады!
Дарэчы, у нашу арганізацыю прыходзілі не па разнарадцы, а па закліку душы.

Ганна МАЛЕВІЧ,  былы сакратар РК ЛКСМБ:
– Цудоўнае, непаўторнае, сапраўднае, шчырае, пазітыўнае, актыўнае наша камсамольскае юнацтва. Той задор, вопыт, якія атрымала за шэсць гадоў работы ў райкаме, аказаўся вельмі дарэчы, калі працавала настаўніцай у СШ № 2. Камсамолу і камсамольцам не было часу сумаваць – безліч спраў суправаджала наша жыццё. Добрымі памочнікамі былі камсамольскія пярвічкі ў райбальніцы (сакратар Барыс Жукаў),
СШ № 1 (сакратар Валянціна Бародзіч), на льнозаводзе (сакратар Марыя Цімашок), у калгасе імя Леніна, торфабрыкетным заводзе і інш.

Тамара ХАЛАДЗІНСКАЯ, былы сакратар РК ЛКСМБ:
– Для мяне, як і для многіх, камсамол стаў школай, у якой вучылі дабру, справядлівасці і сапраўднаму сяброўству. Бралі прыклад са старэйшых камсамольцаў-важакоў Івана Вялічкі, Уладзіміра Канапляніка, Льва Аліферкі, Мяфодзія Пабягайлы, Алены Анушкевіч.
Камсамолу сёлета 100 гадоў. Важна і бясцэнна, што многія камсамольскія традыцыі актуальныя і сёння, што наш вопыт – крыніца натхнення для пераемніка ВЛКСМ – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Запісала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *