У традыцыях дружбы і добрасуседства

Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў 25-26 кастрычніка ў Гомелі. Яго праграма ўключала ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, галіновых секцый і пасяджэнняў экспертных рабочых груп, канцэрта Дружбы і іншых мерапрыемстваў.
Прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка 26 кастрычніка прынялі ўдзел у форуме, а перад удзелам у пленарным пасяджэнні правялі двухбаковую сустрэчу.
Па выніках мерапрыемства падпісаны шэраг дакументаў і заключаны дамоўленасці, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння.
На форуме шмат гаварылі пра эканоміку, гандаль, інвестыцыі. Але адным з галоўных пытанняў парадку дня пленарнага пасяджэння былі шляхі вырашэння канфлікту на ўсходзе Украіны – тэма надзвычай вострая для Украіны і яе суседзяў, у тым ліку для Беларусі.

«Гэта пытанне вайны і міру. Я яго закранаю, таму што яно апошнім часам вельмі палітызаванае. Беларусь знаходзіцца не за тысячы кіламетраў ад канфлікту, ад гэтай вайны, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Гэта зусім побач, ля нашага парога, у нашых братоў, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
– Мэта адна – спыніць гэту вайну, захаваць адзінай і непадзельнай Украіну». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што канфлікт ва Украіне ні ў якім разе не павінен быць пакінуты наступным пакаленням. «Гэта будзе злачынства нашага пакалення перад тымі, хто прыйдзе пасля нас», –  падкрэсліў ён.
«І тут мала дамовіцца, будзем шчырымі, Расіі і Украіне. Можна дамовіцца, але гэтага мала. Будзем таксама шчырымі: страчаны давер адзін да аднаго. У сувязі з гэтым, каб быць абсалютна адназначным і пазіцыю Беларусі разумелі нашы браты-ўкраінцы і тыя, хто нас пачуе, каб не было рознай балбатні вакол гэтага, я хачу адкрыта заявіць: мы гатовы ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы зрабіць гэта, але толькі дзеля аднаго – дзеля міру», – перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што калі трэба ўключыць Беларусь ва ўрэгуляванне канфлікту, то яна будзе дзейнічаць толькі зыходзячы з дамоўленасцей украінскага і расійскага бакоў.
«Расіяне і ўкраінцы нам не чужыя. Гэта нашы родныя людзі», –  сказаў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на Форуме рэгіёнаў у Гомелі ўкраінскі бок прымаюць вельмі цёпла, і гэта не створыш штучна. «Гэта стаўленне і маё, і мясцовых улад, і, галоўнае, беларусаў, да вас. Мы за вас вельмі перажываем, – звярнуўся да ўкраінскіх гасцей Прэзідэнт. – Мы хочам, каб гэта цудоўная зямля, багацейшая па сваіх рэсурсах і з суперпрацавітымі людзьмі, была працвітаючай. Яна такой і будзе».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што войны заўсёды заканчваюцца – аб гэтым сведчыць гісторыя. «Але чаму нам гэтыя канфлікты не скончыць хутчэй, як мага раней? – спытаў ён. – Я не мог не закрануць гэту тэму з прычыны таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэту праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя ваенныя ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках».
«Мы не просімся ні пасрэднікамі, ні міратворцамі. Мы проста за вас перажываем. І калі мы нешта зможам і можам для вас зрабіць, мы гатовы», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падзякаваў беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. Кіраўнік украінскай дзяржавы расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Затым – шматгадзінныя перагаворы. «У Мінску былі падпісаны да-кументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца мінскімі пагадненнямі», –  падкрэсліў Пётр Парашэнка.
«Ці давяраю я Лукашэнку? На 100 працэнтаў. І мы пра гэта сёння гаварылі», – заявіў украінскі лідар.
Паводле яго слоў, місія Кіраўніка беларускай дзяржавы, як Беларусі ў цэлым, вельмі важная. «Трохбаковая кантактная група працуе ў Мінску. І Беларусь робіць усё, што можа, каб арганізаваць гэту работу, –  сказаў Пётр Парашэнка. – Таму я хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, беларускаму народу, Мінску».
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў узровень мерапрыемства: «Людзі вельмі задаволены, шмат аб чым дамовіліся, многія заключылі кантракты. Таму ў гэтага мерапрыемства вялікая перспектыва. І ў Беларусі, і ва Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства. У іх аснове агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, падабенства менталітэту нашых братэрскіх народаў».
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што паміж краінамі не існуе невырашальных праблем – Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні.
«Разам з маім украінскім калегам мы абмеркавалі ўсе актуальныя напрамкі супрацоўніцтва, якія патрабуюць нашай увагі. Не засталося ніводнага пытання, па якім мы не пагаварылі б.
Думаю, што па выніках перагавораў будуць расстаўлены неабходныя акцэнты па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць», –  заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Сёння мы пераканаліся, што наша рашэнне аб правядзенні форуму было правільным, –  падтрымаў Кіраўніка беларускай дзяржавы Пётр Парашэнка. – Падпісана ўжо шэсць дагавораў. Будзе падпісаны яшчэ шэраг пагадненняў паміж нашымі рэгіёнамі. І ад гэтых дагавораў будуць лепш жыць людзі і ва Украіне, і ў Беларусі», – сказаў ён.
«Беларусь настроена на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі на любым напрамку – няма забароненых тэм. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі», – падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы і выказаў упэўненасць, што пасля першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дзвюх краін набудзе новае дыханне.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *