Камсамольская праўда, ці Час выбраў нас

На старэнькім томе «Маладой гвардыі» мамінай рукой выведзена: «Олі для пераймання», а на «Як гартавалася сталь»: «Дзеці, каб не было пакутліва балюча…». Гэта наконт таго, якія выхаваўчыя прыярытэты і каштоўнасці існавалі ў сем’ях зусім нядаўна – чатыры-пяць дзесяцігоддзяў назад і так даўно – у мінулым тысячагоддзі…
Маё маладзёжна-саюзнае юнацтва пачалося таксама ў юбілейным кастрычніку, калі наш клас у дзень 50-годдзя ВЛКСМ дружненька ўступіў у камсамольскія рады. О, як мы рыхтаваліся, як ганарыліся, якімі шчаслівымі былі: спраўдзілася! І камсамольскі значок трывала замацаваўся на школьнай форме, мяняў «пастаяннае месца жыхарства» толькі калі на ўрачыстасці апраналі параднае адзенне.
Дыспуты, мастацкая самадзейнасць, паходы па месцах баявой і працоўнай славы, цікавыя ініцыятывы, лікаванне, што і цаліну ўзнімалі камсамольцы, і БАМ будавалі, і ў будатрадах не сачкавалі, і на касманаўтаў раўняліся, і Анджэлу Дэвіс падтрымлівалі, і  Надзяй Курчанка ганарыліся. Хіба пералічыш усё тое, што было першаступенным у юнай камсамольскай душы?!
Вельмі хвалюючай і блізкай сэрцу старонкай эпапеі асабіста для мяне стала адзіная у рэспубліцы Усесаюзная ўдарная камсамольская будоўля – меліярацыя зямель беларускага Палесся. Першым і адзіным камсоргам штаба ЦК ВЛКСМ на гэтай Усесаюзнай камсамольскай будоўлі стаў мой брат Аляксандр Бычкоў. Са шматлікіх эпізодаў прыгадаю адзін. Напачатку чэрвеня 1986 года брат, як і належыць камсоргу, узначаліў атрад маладых добраахвотнікаў, што адправіўся на забруджаную Чарнобылем тэрыторыю спачатку рыхтаваць месца для будаўніцтва дамоў, а потым і будаваць гэтыя дамы. Тады здавалася, што нічога надзвычайнага ў тым не прысутнічала. А сёння я лічу, што гэта быў подзвіг.
…Паходы, песні пад гітару ля кастра, шэфства над ветэранамі, конкурсы насценных газет, камсамольскія сходы і канферэнцыі – ўсё рабілі па перакананні, без шаблонаў, не дзеля галачкі, а па закліку сэрца і патрэбе душэўнай. І не сорамна было выціраць слёзы на праглядзе чарговай серыі фільма «Час выбраў нас». І Паўка Карчагін быў лепшым сябрам любога юнака і дзяўчыны, і Зоя Касмадзям’янская, і Любка Шаўцова, і Алег Кашавы… У мірны час нашы хлопчыкі, нашы равеснікі крочылі па Афганістане і некаторыя назаўсёды засталіся маладымі. Яны былі камсамольцамі…
«Ты комсомолец? Да! Давай не расставаться с тобою никогда!».
«Вер мне. Чэснае камсамольскае!» – магчыма, не зусім карэктны пераклад устойлівага словазлучэння «честное комсомольское», затое з поўным захаваннем сутнасці: слова гонару. Камсамол і гісторыя. Камсамол і юнацтва. Камсамол і мара.
ВЛКСМ пакінуў свае аўтографы і ў гісторыі, і ў геаграфіі – у назвах вуліц, плошчаў, пасёлкаў, гарадоў. На Далёкім Усходзе ёсць Камсамольск-на-Амуры, а ў Мінску – Камсамольскае возера, у Ляхавічах – вуліцы Камсамольская, Маладзёжная. І гэты пералік можна працягваць вельмі доўга. Толькі акцэнт хочацца зрабіць на іншым.
Камсамолу цэлых сто. І ягоныя ўзнагароды – шэсць ордэнаў – ніколькі не паменшалі ў сваёй вартасці. У 1970 годзе за перамогу ва Усесаюзным конкурсе на лепшае сачыненне я атрымала падарунак, які дасёння лічу шыкоўным: у строгай скураной упакоўцы на атласе копіі шасці камсамольскіх ордэнаў.

Летапіс гераізму, эпапея сапраўднасці. Будзённасць подзвігу і подзвіг будзённасці. Пафасныя словы не гучалі штучна – яны ішлі ад перакананай душы, перакананай у неабходнасці-жыццёвасці-значнасці таго, у чым камсамол быў першым. А першым ён быў літаральна ва ўсіх важных справах і ініцыятывах. І так хочацца, каб сённяшні камсамольскі пераемнік – БРСМ – захаваў і прымножыў самае лепшае, што закладзена на працягу мінулага стагоддзя, што было і застаецца сутнасцю ВЛКСМ. Калі ёсць варты працяг, значыць, зоркі будуць запальвацца, і значыць гэта нам трэба.

Вольга БАРАДЗІНА.

1928 год. Ордэн Чырвонага Сцяга – за баявыя заслугі ў гады грамадзянскай вайны.
1931 год. Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – за праяўленую ініцыятыву ў справе ўдарніцтва і сацспаборніцтва, якія забяспечылі паспяховае выкананне першага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі краіны.
1945 год. Ордэн Леніна – за заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны, за вялікую работу па выхаванні савецкай моладзі ў духу беззапаветнай адданасці Айчыне.
1948 год. Ордэн Леніна – за заслугі перад Радзімай у справе камуністычнага выхавання савецкай моладзі і актыўны ўдзел у сацбудаўніцтве, у сувязі з 30-годдзем ВЛКСМ.
1956 год. Ордэн Леніна – за вялікія заслугі камсамольцаў і моладзі ў сацбудаўніцтве, асваенне цалінных і абложных зямель.
1968 год. Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаны 50-годдзе ВЛКСМ
і ўдзел камсамольцаў, савецкай моладзі ў жыцці краіны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *