Пасеяць, каб быў плён

Першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік райсельгасхарчу Іван Шматко лічыць, што ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» можа і павінна працаваць куды больш прадукцыйна. Галоўнай ільнозаводскай праблемай апошніх гадоў з’яўляецца недахоп сыравіны, узнікаюць пытанні да яе якасці. А ў кіраўніцтва раёна, што ў такой сітуацыі цалкам натуральна, ёсць пытанні да завадчан.

Адміністрацыя прадпрыемства недастаткова працуе над тым, каб забяспечыць атрыманне неабходнай колькасці сыравіны, канстатуе Іван Шматко. Для бязбеднага функцыянавання заводу патрэбен склад, аб’ёмам не менш за 10 000 тон трасты. Колькасць павінна быць якаснай: толькі ў такім выпадку рэальна арганізаваць стабільную на працягу года работу перапрацоўчых цэхаў. Сёлетнія ж шохі да названай лічбы не дацягваюць вельмі істотна. Кіраўніцтва прадпрыемства спасылаецца на надвор’е, якое, безумоўна, ускладніла жыццё льноперапрацоўшчыкаў. Але ж не толькі нашага раёна. Што датычыць мясцовых хібаў, начальнік райсельгасхарчу адзначае наступныя. У якасці першай памылкі – выбар земляў. Калі па хімічным складзе глебы, на якіх працуе завод, з’яўляюцца льнопрыгоднымі, то па геалагічным – далёка не заўсёды. Часта яны залішне лёгкія, а лён павінен культывавацца на больш «звязаных» плошчах. Такія землі ў раёне ёсць: у «Тальмінавічах», «Начы», «Шляху  новым», ды і ў райаграсэрвісе знайсці можна. Некаторы працэнт ільнолаяльных угоддзяў знаходзіцца пад шматгадовымі травамі.
Канешне, у такім выпадку патрабуецца правядзенне больш складаных падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Але ж калі трэба, то трэба: адказныя за свой участак і від работ спецыялісты абавязаны займацца і гэтым. Акрамя таго, праяўляць клопат пра ўчасткі пад лён трэба загадзя: ужо з восені пачынаць рыхтаваць іх да будучай вясны. А для таго, каб як мага раней атрымаць магчымасць «запусціць» глебападрыхтоўчыя работы, ільнозавод таксама павінен ісці насустрач сельскагаспадарчым арганізацыям. Памятаць і прытрымлівацца прынцыпу ўзаемнасці інтарэсаў, аказваць тым пасільную дапамогу. Напрыклад, чым хутчэй землі гаспадарак, якія на наступны сезон будуць перададзены завадчанам пад іх культуру, вызваляцца ад саломы, тым раней можна стартаваць з іх падрыхтоўкай.
– У завода ёсць цялежкі-платформы для перавозкі льну. Выкарыстоўваюцца яны не заўсёды і не ўсе. Чаму б часова незанятыя не прадаставіць сельгаспрадпрыемствам для вывазу саломы з палёў? Але размова не толькі пра гэта: пакуль уборка льну яшчэ не настала або ўжо завяршылася, мехатрад завода ўпаўне можа дапамагчы гаспадаркам, напрыклад, у правядзенні ворыўных работ. У значнай ступені гэта – дапамога самім сабе: чым раней вызваляцца землі – тым хутчэй завод атрымае магчымасць рыхтаваць іх пад сяўбу. Такія паводзіны фарміруюць і ступень партнёрскага ўзаемапаразумення. У тым ліку і ў плане выдзялення заводу найбольш ільнопрыгодных зямель, – сцвярджае Іван Шматко.
Звернута ўвага на некаторыя іншыя моманты ў арганізацыі работ. Напрыклад, які сэнс у штодзённых перагонах ільнотэхнікі з аддаленых месцаў работы на асноўную базу? Дзясятак абарочвальнікаў цугам адзін за адным увечары вяртаюцца з далёкага палетка на завод, каб назаўтра зранку той жа няблізкі шлях пераадолець у зваротным накірунку.
Чаму б не дамовіцца з кіраўніцтвам бліжэйшых гаспадарак і не пакідаць машыны на начлег на іх базе, тым самым, пазбегнуць дадатковых страт працоўнага часу, матэрыяльных рэсурсаў, грашовых сродкаў? Іменна з такіх, на першы погляд, не прынцыпова значных момантаў эканоміі ў дастатковай ступені фарміруецца эканоміка прадпрыемства.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *