Колькасна-якасны недабор

Пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі вытворчасці на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» прайшло чатыры гады.
Вытворча-эканамічнай сітуацыяй на прадпрыемстве пацікавіліся супрацоўнікі Баранавіцкага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю.

У раёне пад вырошчванне гэтай культуры сёлета былі заняты 2150 гектараў. Выкарыстоўвалася насенне «васілёк» (3 рэпрадукцыя) на плошчы 179 гектараў, «алізе» (2 рэпр.) – 257, «араміс» (2 рэпр.) – 295, «грант» (эліта) – 1419 гектараў.
У аналітычнай запісцы па пытаннях вытворчасці і перапрацоўкі льну на мясцовым прадпрыемстве адзначана, што пры падрыхтоўцы глебы, сяўбе і ўборцы не выключаны выпадкі парушэнняў галіновага рэгламента па захаванні агратэхнічных тэрмінаў. Напрыклад, пры патрабаванні правесці сяўбу льну за 10 дзён, на Ляхавіцкім ільнозаводзе гэта працягвалася 26.
Меў месца прастой тэхнікі на пад’ёме льнотрасты з-за нявылежкі апошняй, праўда, па прычыне сухога надвор’я.
Ахоўныя мерапрыемствы праводзіліся ў тры этапы. Церабленне ажыццяўлялася самаходнымі церабілкамі. Забяспечанасць механізатарскімі кадрамі склала 95 працэнтаў. У сезон сёлетняй уборкі з-за выхаду са строю рухавіка месяц прастойвала церабілка.
Дагэтуль не забяспечана эфектыўная работа новага дорагакаштуючага абсталявання па перапрацоўцы льну. Прычына – недахоп якаснай сыравіны.
У 2015 і 2016 гадах пропуск сыравіны складаў 1321 кг/гадзіна, у 2017 – 1148. Загружанасць вытворчых магутнасцей у 2015 годзе склала 97,6 працэнта, у 2016 – 95,9, летась – 65,2 працэнта.
З 720-гектарнай плошчы льняных палеткаў валавы збор насення склаў 230,2 тоны пры ўраджайнасці 3,2 цэнтнера з гектара. Льнотраста з усіх ільняных палеткаў заважыла 4086 тон пры ўраджайнасці 19 цэнтнераў з гектара. Сярэдні нумар – 0,71.
На працягу шэрага гадоў на Ляхавіцкім ільнозаводзе не нарыхтоўваецца па 10 000 тон ільнотрасты. А менавіта гэта колькасць забяспечыла б бесперабойную вытворчасць ААТ.
Адкрытае акцыянернае таварыства па сыравіннай зоне (Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны) у 2017 годзе нарыхтавала 7553 тоны льнотрасты – 75,5 працэнта ад неабходнага (у 2016 – 6700 тон ці 67 працэнтаў, у 2015 – 9542 тоны ці 95,4 працэнта).
Для таго, каб змяніць сітуацыю ў станоўчы бок, Ляхавіцкі льнозавод мяркуе прапрацаваць выкарыстанне засухаўстойлівых сартоў ільну. Адзін з накірункаў вырашэння пытання – разгледзець магчымасць прадастаўлення ў пастаяннае карыстанне льносеючым арганізацыям зямель, прыгодных пад пасевы гэтай культуры, неабходных для атрымання льнотрасты з улікам наяўнага абсталявання па яе перапрацоўцы. Патрабуецца карэкціроўка тэхналагічных рэгламентаў па сяўбе, церабленні, уборцы льну з улікам кліматычных змяненняў.
З мэтай забеспячэння максімальнай загрузкі абсталявання па перацоўцы льну ёсць сэнс на ўзроўні ўрада разгледзець пытанне вырошчвання альтэрнатыўнай культуры. Тым больш, што для гэтага могуць быць скарыстаны існуючыя тэхналогіі перапрацоўкі, а рэнтабельнасць вытворчасці здольная дасягнуць 100-150 працэнтаў без дадатковых затрат.

Алег ДАНІЛАЎ,
старшыня Баранавіцкага МРКДК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *