Эфект прафілактыкі. У Ляхавічах прайшло пасяджэнне райвыканкама

На кастрычніцкім пасяджэнні райвыканкама разглядалася пытанне аб ходзе выканання суб’ектамі прафілактыкі патрабаванняў Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў».

На вектары   прафілактыкі
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што райвыканкам, аддзел унутраных спраў, пракуратура ажыццяўляюць пастаянны кантроль за поўнай і дакладнай рэалізацыяй прафілактычных мерапрыемстваў. Аказваецца практычная і метадычная дапамога прадпрыемствам і арганізацыям у вырашэнні пастаўленых задач. У прыватнасці, пры райвыканкаме дзейнічаюць камісіі: наглядальная, па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, па супрацьдзеянні карупцыі, па надзвычайных сітуацыях і інш.
Узаемадзеянне РАУС з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі па пытаннях прафілактыкі прыносіць пэўны эфект. Але Святлана Юрлевіч канстатавала, што за 9 месяцаў года адзначаюцца як пазітыўныя, так і негатыўныя моманты. У параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыя-дам колькасць зарэгістраваных злачынстваў вырасла са 131 да 138 (па лініі крымінальнага вышуку – з 90 да 97. Учынена больш цяжкіх і асабліва цяжкіх (крадзяжы, незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, разбоі), раней судзімымі асобамі. Рост злачыннасці зарэгістраваны ў горадзе, а таксама ва ўсіх сельсаветах за выключэннем Востраўскага і Ганчароўскага. Што тычыцца злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, то тут сумнае лідарства ў райцэнтра, Жарабковіцкага, Крывошынскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Найбольшы рост колькасці пажараў і злачынстваў, у тым ліку так званых «п’яных», – у Конькаўскім сельсавеце.

Не быць  назіральнікамі
Значную дапамогу ў прафілактыцы правапарушэнняў міліцыянерам аказваюць грамадскія пункты аховы правапарадку. У нашым раёне такіх дзевяць. Іх асноўныя формы работы з насельніцтвам – прафілактычныя гутаркі, рэйды, абследаванне жыллёва-бытавых умоў, пад асаблівай увагай знаходзяцца грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. За 9 месяцаў года праведзена 81 пася-джэнне саветаў ГПАП, дзе былі заслуханы больш за 700 грамадзян.
Начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік спыніўся на шматлікіх накірунках прафілактычнай работы з насельніцтвам. Ён назваў актыўнай дапамогу, што аказваюць члены добраахвотных дружын. У раёне 11 такіх аб’яднанняў, 8 – у сельскай мясцовасці, у іх складзе 75 чалавек, дзейнічае таксама 5 маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (70 юнакоў і дзяўчат). З пачатку года члены добраахвотных дружын выявілі каля паўсотні правапарушэнняў. Маладзёжныя атрады вядуць актыўную і дзейсную папераджальную работу сярод падлеткаў. Даюць эфект і пастаянныя дзяжурствы ў інтэрнаце ЛДАКа, у месцах масавага адпачынку моладзі. Байцы МААП сумесна з аддзеламі міліцыі і па надзвычайных сітуацыях праводзяць акцыі «Бяспечная дарога ў школу з БРСМ», «Летні патруль» і іншыя.
Намеснік начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Герасімовіч падкрэсліў, што добраахвотныя дружыны, саветы па прафілактыцы, пункты грамадскага парадку павінны дзейнічаць, а не існаваць на паперы: на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян лішніх памочнікаў не бывае.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі акцэнтаваў увагу на тым, што значны рэзерв у прафілактыцы маюць сельвыканкамы – улада на месцах найбольш блізкая да людзей. Старшыні сельвыканкамаў, мясцовыя дэпутаты, старасты знутры бачаць праблемы і павінны дапамагаць у іх вырашэнні. Кіраўнік раёна адзначыў неабходнасць кансалідаваць дзеянні ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў у папярэджанні парушэнняў грамадскага парадку.
Пэўны комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні правапарушэнняў супраць жыцця і здароўя грамадзян, грамадскага парадку праводзіць сумесна з сельвыканкамамі жылкамунгас. У прыватнасці – пастаянныя маніторынгі шматкватэрных дамоў па кантролі ўтрымання гарышчаў і падвальных памяшканняў. Крыніцай небяспекі з’яўляюцца і нежылыя дамы. За 9 месяцаў года з 96 выяўленых такіх пабудоў палова знесена.

Падлеткі і ўвага
Яшчэ адзін важны аспект, на якім засяродзілі ўвагу, – прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым асяроддзі. І хоць у апошнія гады колькасць падлеткавых правапарушэнняў зніжаецца, сітуацыя па-ранейшаму выклікае заклапочанасць. Каля 40 працэнтаў іх – гэта парушэнні антыалкагольнага заканадаўства, чвэрць – знахо- джанне непаўналетніх на вуліцы ноччу. Негатыўным фактам Святлана Юрлевіч лічыць тое, што каля 20 працэнтаў непаўналетніх, якія ўчынілі правапарушэнні, раней знаходзіліся на ўліку ў ІСН і з імі праводзілася прафілактычная работа. А гэта сведчыць пра яе недастатковую эфектыўнасць.
Старшыня райвыканкама перакананы, што ў першую чаргу неабходна арганізаваць вольны час падлеткаў такім чынам, каб яны займаліся карыснымі справамі, спортам, а не бавілі яго абы-дзе і абы-як. Тут шырокае поле дзейнасці для навучальных і пазашкольных устаноў, БРСМ, іншых грамадскіх арганізацый.

Актывізаваць
У рашэнні райвыканкама старшыням Конькаўскага, Крывошынскага, Начаўскага, Навасёлкаўскага, Альхоўскага сельвыканкамаў указана на недапушчальнасць пагаршэння крымінагеннай сітуацыі на падведамасных адміністрацыйных участках.
РАУС сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі неабходна для спынення парушэнняў працоўнай дысцыпліны, фактаў крадзяжу маёмасці, безгаспадарчасці да 30 лістапада 2018 года правесці маніторынг выканання заканадаўства аб працы. Таксама райаддзел міліцыі павінен штоквартальна кантраляваць работу добраахвотных дружын, распаўсюджваць станоўчы вопыт, сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прымаць дадатковыя меры па працаўладкаванні грамадзян, якія пастаўлены на ўлік у міліцыі.
Сельвыканкамам даручана актывізаваць дзейнасць камісій па абследаванні домаўладанняў вяскоўцаў, якія злоўжываюць алкаголем, а таксама сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Указана і на неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння сельвыканкамаў з участковымі інспектарамі міліцыі.
Райвыканкам сваім рашэннем абавязаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый прыняць меры па стымуляванні дзейнасці добраахвотных дружын, заахвочванні работнікаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у ахове правапарадку.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *