Працоўнае наваселле. Са жніўня працоўныя калектывы ўстаноў і прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна папоўніліся больш як 70-цю маладымі супрацоўнікамі

Пагадзіцеся, калектыў ажыўляецца, абнаўляецца, калі ў яго прыходзяць маладыя кадры. Незаштампаваны погляд, нетрадыцыйны падыход да справы, гіперзацікаўленасць «а як жа гэта на практыцы, у рэальных умовах?». І, канешне, жаданне працаваць, разбірацца, удасканальвацца… – вось чаго чакае кожны кіраўнік, калі бярэ на працу ўчарашняга студэнта – перспектыўнага ў яго вачах спецыяліста.
Як важна для чалавека, які напачатку «даросласці» марыць, будуе планы на будучыню, імкнецца да такой чаканай самастойнасці і незалежнасці, яго першае працоўнае месца. Яно нібы зыходная кропка, своеасаблівы штуршок, з якога пачынаецца кар’ерная біяграфія. Трэба адразу ж настроіць сябе на якасную працу, узяць інтэнсіўна-прагрэсіўны тэмп і ні ў якім разе не спыняцца.

Са жніўня працоўныя калектывы ўстаноў і прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна папоўніліся больш як 70-цю маладымі супрацоўнікамі. Хваляваліся, як паступалі, пасля «трасліся» кожную сесію, не менш адказны момант – размеркаванне, а цяпер «галава баліць» з-за рабочых будняў. Сёння яны ў статусе калег, яшчэ прыціраюцца, але паспелі ўліцца ў работу.
Вялікія спадзяванні на кадравае папаўненне аграрыяў. Як паведаміла галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Вольга Карпейчык, сёлета больш за 20 выпускнікоў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі знайшлі працоўныя месцы на Ляхавіччыне. Прыемна, што многія (па прынцыпе дзе нарадзіўся, там і згадзіўся) пасля вучобы вярнуліся дадому. Шмат рабят пазнаёміліся з горадам падчас вучобы ў Ляхавіцкім агракаледжы.
Істотнае папаўненне ў ДП «Нача». Сюды размеркаваліся шэсць спецыялістаў. Тым, хто прыйшоў пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, гаспадарка выплаціла матэрыяльную дапамогу ў памеры апошняй стыпендыі плюс адзін аклад. Акрамя гэтага на працягу двух гадоў усе яны будуць атрымліваць да акладу суму, роўную дзвюм стаўкам першага разраду.
Прыняць на працу гэта адна справа, іншая – стварыць такія ўмовы, каб хацелася тут застацца. І гэта пытанне ў поле зроку кіраўніцва. Тым, хто размеркаваўся не па месцы жыхарства бацькоў, прадаставілі пакой у добраўпарадкаваным інтэрнаце. Дарэчы, калі пасля двух гадоў адпрацоўкі спецыяліст застаецца на прадпрыемстве, будзе атрымліваць да акладу суму ў памеры трох ставак першага разраду. Гэту магчымасць выкарыстаў аграном ДП «Нача» Арцём Васілеўскі, які застаўся працаваць у гаспадарцы.
«Закадрылі» маладыя і ў ААТ «Шлях новы». Калектыў папоўніўся памочнікамі начальнікаў сельскагаспадарчых участкаў, аграномам па кормавытворчасці, загадчыкам рамонтнай майстэрні. Учарашнія навучэнцы ЛДАКа Дзмітрый Царык, Арцём Мацуль, Дзіяна Арбоне і выпускнік Жыровіцкага агракаледжа Павел Пранчак цяпер штатныя працаўнікі гаспадаркі.
Першы запіс з’явіўся ў працоўных кніжках Ільі Касцюка і Уладзіслава Дульскага. Месца працы – ААТ «Жарабковічы». Такім чынам тут дабавіўся электраманцёр і ветэрынарны фельчар адпаведна. Дарэчы, у гаспадарку ўладкаваліся на працу яшчэ 9 ліцэістаў.
Выпускнікі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Анастасія Маслоўская, Ксенія Доўгая, Антон Данчанка ўладкаваліся ў дзяржаўнае прадпрыемства «Востраў-Агра». Цяпер яны галоўны ветэрнарны ўрач, ветурач-гінеколаг і заатэхнік – адным словам, маладыя спецыялісты.
Працоўнае наваселле святкуюць і ў ДП «Тальмінавічы», «Ліпнянка».
Самая бесклапотная студэнцкая пара закончылася. Пачалася адказная, дарослая, самастойная, але ад таго, пагадзіцеся, рамантыкі ў ёй менш не стане. Колькі цяпер будзе «ўпершыню», «класна», «супер», будзе і «складана», а часам «немагчыма». Такі вось працоўны экзамен, і галоўная ўмова для яго паспяховай здачы – проста любіць тое, што робіш.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка на сустрэчы з актывам БРСМ падкрэсліў, што моладзі трэба быць больш актыўнай, мэтанакіраванай, зацікаўленай.
– Кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без цяжкай працы і выпрабаванняў, лёгкага хлеба не бывае, – адзначыў Кіраўнік краіны.
Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *