Мінск заклікае да міру. Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 31 кастрычніка — 1 лістапада адбылася ў Мінску. У адкрыцці форуму і дыскусійнай сесіі «Адносіны Усход-Захад» прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

На працягу двух дзён кіраўнікі дзяржаў, значныя палітычныя дзеячы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і акадэмічнай супольнасці, кіраўнікі спецслужбаў і эксперты па пытаннях бяспекі абмяркоўвалі развіццё ўзаемаадносін па лініі Усход-Захад, магчымыя шляхі вырашэння рэгіянальных канфліктаў, эканамічную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, пытанні энергетычнай і транснацыянальнай бяспекі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў высокую актуальнасць пытання захавання міру на планеце. «Актуальнасць гэтай тэмы пацвярджае і ўражальны склад удзельнікаў канферэнцыі, і пералік абмяркоўваемых праблем, у якім знайшлі адлюстраванне найбольш вострыя для нашага рэгіёна пытанні: ад рознагалоссяў па лініі Усход-Захад да канфлікту ва Украіне. На жаль, вымушаны згадзіцца з вывадамі апошняга даклада Мюнхенскай канферэнцыі аб тым, што наша планета падышла да краю прорвы, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт. Канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў нашым рэгіёне», – сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ўзброеныя проціборствы ідуць практычна на ўсіх кантынентах.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні таксама згадаў аб усё большай колькасці бежанцаў у свеце, гандлёвых супярэчнасцях паміж ЗША і Кітаем, усё больш відавочным характары рознагалоссяў паміж ЗША і ЕС, самымі блізкімі саюзнікамі, трывожнай сітуацыі вакол дагавораў аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці і аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.
«Прорва недаверу паміж Расіяй і Захадам цяпер значна шырэйшая, чым у папярэднія складаныя перыяды навейшай еўрапейскай гісторыі. Поўным ходам ідуць маштабныя санкцыйныя і інфармацыйныя вой-ны, іншых слоў не падбярэш», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што вялікія дзяржавы страчваюць статус гарантаў стабільнасці, яны не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з самых сур’ёзных пытанняў. «Савет Бяспекі ААН ператварыўся ў пляцоўку для высвятлення адносін. На агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках цяперашняй, 73-й сесіі Генасамблеі ААН кожны гаворыць пра свае інтарэсы, прэтэнзіі, заклапочанасць і мала хто – пра тое, што трэба садзіцца за стол перагавораў і мяняць сітуацыю», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на адкрыцці летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года беларускі бок прапанаваў ідэю новага Хельсінкскага працэсу. Сёння колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі расце.
Беларуская дзяржава выступае за інклюзіўны дыялог, нават калі няма гарантыі таго, што ён завершыцца канкрэтным вынікам. «Мы не прэтэндуем на манаполію гэтай ініцыятывы. Разумеем, што яе рэалізацыя залежыць ад згоды многіх, у першую чаргу ключавых, ігракоў. Але ў сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны», – упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі дыялог будзе значна адрознівацца ад таго, які быў у рамках Хельсінкскага працэсу. «Хельсінкі-2», хутчэй, метафара для абазначэння сутнасці новага працэсу – пошуку сучасных шляхоў і спосабаў адысці ад небяспекі вялікага канфлікту», – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар нагадаў, што тры тыдні таму ў Мінску пад эгідай АБСЕ прайшла міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. Яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што, толькі выступіўшы адзіным фронтам, магчыма паспяхова процістаяць кібертэрарызму і іншым сучасным выклікам і пагрозам. «Кібертэрарызм, і гэта мы зразумеем літаральна ў бліжэйшыя год-два, будзе не менш небяспечны, чым ядзерная зброя», – упэўнены беларускі лідар.
«Беларусь гатова прыняць у сябе сумесную канферэнцыю ААН і АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам і саміт па барацьбе з кіберзлачыннасцю», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніхто ў Еўропе і за яе межамі не хоча адкрытага ваеннага сутыкнення Усходу і Захаду, але сёння ў рэгіёне відавочны буйны палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці. Пачынаецца міжблокавае процістаянне, проціборства зацягвае ў сябе ўсё новыя і новыя краіны.
На думку Прэзідэнта, у многіх выпадках канфлікт можна было ўстараніць, згладзіць, змякчыць, аднак палітычнай волі на гэта няма.
Прэзідэнт лічыць, што калі ў самы бліжэйшы час не спыніць махавік канфрантацыі і працэс злому агульнапрызнаных правіл гульні, то можа адбыцца далейшая эскалацыя проціборства. «Запалае ўжо не толькі Украіна або Усходняя Еўропа. Так недалёка і да ядзернага канфлікту паміж геапалітычнымі ігракамі, у якім не будзе пераможцаў», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вырашэнне ўкраінскага канфлікту – ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе, што без яго ўрэгулявання мір на кантыненце будзе заставацца пад пагрозай.

«Будзем шчырымі: вырашэнне канфлікту на Данбасе, пры жаданні, магло б быць ужо даўно знойдзена. Трэба прадаўжаць работу па ўзмацненні магчымасцей Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне і трохбаковай кантактнай групы. Мы гатовы разгледзець стварэнне ў Мінску тэхнічнага пункта трохбаковай кантактнай групы і іншага, на што мы здольны сёння дамовіцца ў Еўропе», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама лічыць важным дапоўніць дыпламатычны дыялог узаемасувязямі парламентарыяў, прадстаўнікоў рэгіянальных улад, грамадзянскай супольнасці і экспертаў.
Акрамя таго неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў.
На думку беларускага лідара, таксама трэба было б актывізаваць і работу ў «нармандскім фармаце», каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем мінскіх пагадненняў.
«Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправа-джаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з’яўляюцца неад’емнай часткай Украіны», – рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусь гатова вырашыць гэту праблему толькі ў выпадку ўпэўненасці, што асноўныя сусветныя ігракі хочуць міру ў нашым агульным еўрапейскім доме».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь знаходзіцца на геаграфічным скрыжаванні Еўропы, фактычна заціснутая паміж геапалітычнымі гігантамі. «Мы не хочам апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на вастрыі блокавага процістаяння паміж Усходам і Захадам – гэта галоўнае. Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што гэта можа ў сабе таіць. З ростам процістаяння нам прадказваюць лёс буфера, або «бастыёна», паміж Расіяй і НАТА. Аб гэтым гавораць і эксперты, і палітыкі», – канстатаваў беларускі лідар.
«З аднаго боку, гэта дрэнна. Але з іншага, калі б уладныя людзі прыйшлі да дамоўленасці не цягнуць дзяржавы Усходняй Еўропы ў розныя ваенна-палітычныя блокі, не патрабаваць па-цвярджэння лаяльнасці на шкоду іх суверэнным інтарэсам, гэты рэгіён стаў бы трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння», – заявіў Прэзідэнт.
«Мы імкнёмся да таго, каб Еўрасаюз стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Інтэнсіўнае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічанне далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага і аграрнага комплексаў – вось тое, што нам трэба для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што Беларусь забяспечвае надзейны, бесперабойны транзіт энерга-носьбітаў. Акрамя таго, праз краіну штогод праходзіць больш за 100 мільёнаў тон розных грузаў.
«І мы ніколі не стваралі праблем для заходніх партнёраў, і не створым іх», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на наяўнасць значных бар’ераў у гандлі з Еўрасаюзам. «А гэта ж аснова бяспекі – менавіта эканоміка, сацыяльна-эканамічныя пытанні параджаюць нестабільнасць», – звярнуў увагу Прэзідэнт.
Беларусь шмат што робіць для Еўрасаюза ў сферы бяспекі, створаны эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі. Беларусь таксама актыўна процідзейнічае наркатрафіку, крыміналу, прадухіляе перамяшчэнне праз граніцу ў тым ліку радыеактыўных матэрыялаў.
«Пры гэтым мы не прэтэндуем на членства ў Еўрасаюзе і ідзём да еўрапейцаў не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *