Нарада пра парадак

На парадку дня чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама значылася пытанне добраўпарадкавання. У дастаткова пашыраным значэнні слова, аднак з акцэнтам на агравытворчасць. Размова ішла пра меры, прынятыя кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый па ўхіленні выяўленых парушэнняў і выкананні прадпісанняў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і аддзела землеўпарадкавання райвыканкама. Свайго роду – праверка правільнасці і дакладнасці выканання дамашняга задання.
«Круглых выдатнікаў», калі меркаваць на падставе справаздачных выступленняў, пакуль не адзначана. У асобных пытаннях частка сельгаспрадпрыемстваў праявіла актыўнасць і выйшла на патрэбны вынік. Некаторыя спрацавалі пасрэдна, а ёсць і такія, чыя работа наогул не заслугоўвае здавальняючай адзнакі.
Факты недадобраўпарадкавання з’яўляюцца тыповымі. Некаторыя не знайшлі магчымасці (часу, сіл і г.д.) расправіцца з пустазеллем на тэрыторыі і вакол вытворчых аб’ектаў, працягваюць выяўляцца выпадкі неналежнага захоўвання гною, несвоечасовасці ўборкі будаўнічых, а таксама іншага кшталту адходаў. Каб многае з пералічанага выправіць, прывесці ў належны стан, асаблівых грашовых уліванняў не патрабуецца. Дзейснымі будуць інвестыцыі іншага – ініцыятыўна-арганізацыйнага – характару.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі зноў запатрабаваў навядзення парадку на зямлі. Элементарнага, але высокага. І хуткага: завяршыць добраўпарадкаванне неабходна ўжо на працягу бягучага тыдня.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *