І больш стагоддзя доўжыцца дзень

Беларусы адзначаюць Дзень  7 лістапада, бо падзеі, звязаныя з ім, – наша гісторыя. Пра яе нагадваюць назвы вуліц райцэнтра – Кастрычніцкая, 60 гадоў Кастрычніка, Камсамольская, Савецкая, Леніна, ёсць і плошча з такой назвай. Ордэнам «Знак Пашаны» быў узнагароджаны ў мінулым стагоддзі калгас «Кастрычнік» , у аграгарадку Падлессе стаіць помнік Уладзіміру Леніну (некалі тутэйшы калгас таксама насіў імя Леніна). Кінатэатр у райцэнтры называецца «Кастрычнік».
А колькі нашых землякоў за добрасумленную ўдарную працу, высокія паказчыкі і дасягненні ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга. Прозвішчы Герояў Сацыялістычнай Працы старшыні калгаса імя Ламаносава Генрыха Траццяка,  звеннявой паляводчай брыгады гэтай жа гаспадаркі Вольгі Мацюшка, трактарыста калгаса «Кастрычнік» Віктара Малышкі і сёння на слыху як прыклад бязмежнай любві да роднай зямлі, павагі да працы, адданых адносін да прафесіі.
Даўно ўжо на заслужаным адпачынку ардэнаносныя працаўнікі, але іх вопыт, іх працоўны подзвіг – неацэнная для сённяшніх пакаленняў энцыклапедыя жыцця. Напярэдадні свята некаторыя з іх падзяліліся з «ЛВ» сваімі ўспамінамі.

Вольга ЯСЬКО, былая свінарка  племзавода «Нача», узнагароджана  ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі,  Працоўнага Чырвонага Сцяга,  Леніна:
– Адразу пасля заканчэння Начаўскай школы пайшла працаваць. Некалькі месяцаў у яблыневым садзе гаспадаркі, а потым увесь мой сельскагаспадарчы стаж зарабіла свінаркай. За год брала па тры групы, вырошчвала больш за 1200 парасят. Клапаціліся пра іх, як пра дзетак малых. Канешне, было цяжка – усе работы выконвалі ўручную. Але на гэту акалічнасць звярталі менш за ўсё ўвагі – працавалі сумленна, не лічыліся з асабістым часам, дапамагалі адзін аднаму. Ганна Макушава, Яніна Бішэйка, Вольга Мурочак былі калегамі і сяброўкамі. Мой муж Генадзій таксама ўсё жыццё шчыраваў у «Начы», а цяпер дынастыю працягвае сын Сяргей, ён электрык.
Скажу шчыра: узнагароды атрымліваць прыемна. Беражліва захоўваю свае ордэны, дыпломы за ўдзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі.
Дарэчы, наша сям’я і сёння жыве ў доме, які атрымалі ад племзавода. З якой просьбай аб дапамозе ні звярнулася, сённяшні дырэктар «Начы» Мікалай Тарлюк ніколі не адмовіць. Прыемна, што помняць і шануюць.
Рыгор КАСАБУЦКІ, былы механізатар эксперыментальнай базы   «Малагарадзішчанская»,  кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Леніна, Працоўнай Славы: 
– Гэта не перабольшанне: слава пра бульбу, вырашчаную ў Малым Гарадзішчы, ішла па ўсім СССР. Да нас прыязджалі пераймаць вопыт з розных рэспублік. Гасцей уражвалі парадак на палях і, канешне, ураджайнасць бульбы. На канчатковы вынік уплывала ўсё: аптымальны час пасадкі, своечасовая праполка, апрацоўка ад шкоднікаў, а капаць выходзіла ўся база, дапамагалі і школьнікі.
Ганаруся, што амаль 40 гадоў вырошчваў такі важкі другі хлеб. А дагэтуль былі 15 сезонаў на жніўным полі. З эксперыментальнай базай звязана ўсё маё працоўнае жыццё: як прыйшоў сюды пасля службы ў арміі, так і працаваў да 2002 года.

Ядвіга ЖЫГУНОВА, былая даярка  племзавода «Нача», узнагароджана  ордэнамі Леніна і Працоўнага  Чырвонага Сцяга:
– Я родам з Гулічаў. На ферме калгаса «Беларусь» і пачала працаваць даяркай. Потым пераехала ў Шчаснавічы і ўладкавалася на племзавод «Нача». Пачынала даіць 25 кароў, далей – удвая больш. У дзень мае рагулі давалі ў сярэднім па 30 літраў малака. За высокія надоі атрымлівала дзяржаўныя ўзнагароды, граматы, падзякі, падарункі.
Поспех быў не толькі маёй заслугай, але і маіх сябровак-даярак, працавалі мы дружна. Даілі тады тройчы на дзень, на першую прыходзілі на ферму а палове пятай гадзіны раніцы. Трэба было прыбраць у стойлах і корм раздаць. А яшчэ цялятак даглядалі: кармілі, паілі – клопатаў у даярак хапала. Дырэктарам «Начы» тады быў Міхаіл Варановіч, а нашым брыгадзірам Кацярына Ксёнжык.
Мы ўсё паспявалі, дома таксама трымалі вялікую гаспадарку – каровы, свінні, свойская птушка.

Марыя ШЭЛЕХ, былая звяннявая  калгаса «Беларусь», узнагароджана  ордэнам Леніна, выбіралася  дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР:
– Родам я з Івацэвіцкага раёна, у Ляхавіцкі размеркавалася ў 1957 годзе пасля заканчэння Пінскага сельгастэхнікума. Высокія ўраджаі кукурузы, ільну, цукровых буракоў – калгас «Беларусь» у 50-60-я гады мінулага стагоддзя трымаў высокую планку і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Колішні старшыня Пётр Бычкоў быў дбайным гаспадаром, кіраўніком-наватарам, імкнуўся ўкараніць у калгасе ўсе навінкі ў механізацыі, агранаміі, заатэхніі. Дзякуючы Пятру Панкратавічу, мы навучыліся сеяць кукурузу, цукровыя буракі квадратамі.У маім звяне працавала шмат людзей, нават дзяліла іх на тры групы.
Раней і лён, і буракі ўбіралі ўручную. Бычкоў гаварыў: «Пацярпіце, дзяўчаты, хутка тэхніку вам прывязём у дапамогу». І стрымаў сваё слова старшыня. Колькі крыкаў было, калі дзяўчаты з ільнаводчай брыгады пачулі, што лён будзе ўбіраць спецыяльная тэхніка, баяліся, што паломіць гэты трактар увесь лён…
Шмат разоў наш калгас удастойваўся гонару ўдзельнічаць у ВДНГ СССР, неаднойчы дэлегавалася туды і я.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *