Брыкет 45-гадовай вытрымкі. Поспех прадпрыемства стварае калектыў

Па выніках палявога сезона машыніст фрэзбарабана Мікалай Ламанос і штабелёр Генадзій Гутырчык прызнаны аднымі з лепшых прафесіяналаў канцэрна.

Прамысловыя распрацоўкі тухавіцкіх балот пачаліся ў сярэдзіне 60-х. Першы сціплы прадукт –  фрэзерны торф выкарыстоўваўся ў асноўным на мэты сельскай гаспадаркі. Фармаваць фрэзер у тарфяныя паліўныя брыкеты сталі толькі ў 1973-м, такім чынам сёлета споўнілася 45 як рынак атрымаў першы тухавіцкі брыкет.
Разам з ростам вытворчых аб’ёмаў пашыралася геаграфія паставак. Сёння прадукцыю ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» ведаюць і чакаюць ці не па ўсёй Беларусі. Частка прадукту атрымлівае экспартную накіраванасць.

Людміла Дыдышка – ветэран-тарфянік. Ведае, як ўсё пачыналася, паколькі сама была адной з першага саставу той вытворчай каманды. Прыгадвае: калі ў 1972 годзе пасля вучобы прыехала на месца размеркавання, у Тухавічах тая частка, якая называецца рабочым пасёлкам, толькі распачыналася, жылых дамоў было чатыры-пяць. У адным з іх у звычайнай кватэры размяшчалася і кантора прадпрыемства. Адмысловы будынак адміністрацыі завода вырас пазней. Не было і належнай дарогі, якая б звязвала Тухавічы са «светам». Гусенічны трактар з платформай-валакушай, на якую заязджаў легкавы аўтамабіль з пасажырамі, часта з’яўляўся адзіна магчымым у тых умовах транспартным сродкам. Людміла Мікалаўена ўзгадвае, часткова іменна такім спосабам у 1973 годзе дабіралася яна ў раддом.
Першая пасада маладой выпускніцы Мінскага палітэхнікума – майстар па ўліку торфу. Але асвоіць давялося многія з «балотных» спецыяльнасцяў. Палі здабычы тады рыхтавалі не спецыялізаваныя ПМК – самі вытворцы. А гэта зводка лесу і выкарчоўванне пнёў, будаўніцтва сістэмы асушэння залежаў і яе прафіліроўка, многае іншае. Даводзілася няпроста, але побач заўсёды былі больш вопытныя работнікі. З асаблівай удзячнасцю і нават цеплынёй узгадвае Сяргея Маргуна. Просты машыніст бульдозера і дастаткова вопытны тарфянік, як мог, дапамагаў маладым спецыялістам.
Амаль паўтара дзесяцігоддзя Людміла Дыдышка адпрацавала на пасадзе майстра ўчастка па здабычы торфу. Зранку на цеплавоз і па вузкакалейцы на працу, увечары –  дарога ў зваротным накірунку.
– На трактары Т-40 працавалі тры жанчыны-варушыльшчыцы, але ў маім падпарадкаванні ў асноўным былі мужчыны. Заўсёды знаходзілі паразуменне. Калі дыктавала сітуацыя, усе дружна заставаліся на ўчастку пазней позняга, каб завяршыць работы. Торфаздабыча – даволі спецыфічная вытворчасць, дзе вельмі многае залежыць ад надвор’я. Але, канешне, у першую чаргу, ад чалавека, –
гаворыць ветэран.
Людміла Мікалаеўна была майстрам змены брыкетнага цэху, працавала інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела завода, адкуль амаль дзесяцігоддзе назад пайшла на заслужаны адпачынак.
– Не забываем завод, але і ён памятае пра сваіх былых работнікаў. Нядаўна для ветэранаў прадпрыемства была арганізавана паездка ў Мінск, у Нацыянальны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. ТБЗ забяспечыў транспартам, аказаў арганізацыйную падтрымку, як і ў паездцы ў райцэнтр на святочны канцэрт, прысвечаны Дню пажылых людзей.
У свой сорак пяты брыкетны год завод працуе з поўнай загрузкай.
– З верасня перайшлі на работу ў чатыры змены. Гэта значыць, што без выхадных, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько. – Сыравінай, а ў якасці апошняй выступае фрэзторф, брыкетчыкі забяспечаны празмерна, з запасам. З пачатку года выпушчана ўжо амаль 90 тысяч тон прадукцыі. Пры тым, што ў планавых абавязках крыху больш за 115 тысяч тон.
Усё вырабленае знаходзіць свайго пакупніка. Нядрэннымі тэмпамі ажыццяўляюць выбарку брыкетаў райпалівазбыты Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей. Наладжана работа з замежжам, сярод партнёраў – Расія, Славакія, Украіна, Эстонія, Літва, Польшча, Швецыя, Фінляндыя і г.д. У лістападзе будзе прадоўжана і працягнецца супрацоўніцтва са Швецыяй. Скандынаўская краіна – даўні партнёр тухавіцкіх брыкетчыкаў. Тухавічане працуюць з цэментнымі заводамі краіны: каму сушонку, каму брыкет. І знаходзяць магчымасць абнаўляцца. Каб быць запатрабаваным на рынку, мадэрнізацыйнае абнаўленне павінна весціся бесперапынна, перакананы дырэктар Гунько, які сёлета ў ганаровым і заслужаным статусе «Чалавек года» Брэстчыны і Ляхавіччыны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Экс- і дзеючы інжынеры вытворча-тэхнічнага аддзела  ТБЗ «Ляхавіцкі» Людміла Дыдышка і Яўгенія Адамовіч.

За пультам кіравання апаратчык Генадзій Бабарэка.

Прыгажосць – рукамі прыгажунь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *