Прышчапіцца значыць папярэдзіць

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня, галоўны ўрач райЦГіЭ Віталій Ціханаў – адны з першых зрабілі прышчэпку супраць грыпу.

Лістапад – самы час прышчапіцца супраць грыпу. Зрабіць гэта можна не толькі ў медустановах раёна, але і непасрэдна па месцы работы.
6 лістапада брыгада медыкаў райбальніцы на чале з загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Віктарам Мацейчыкам правяла чарговы выязны дзень вакцынацыі – на гэты раз у будынку Дома Саветаў. Каля сотні супрацоўнікаў розных аддзелаў райвыканкама атрымалі прышчэпку супраць грыпу. Віктар Мацейчык адзначыў высокую актыўнасць грамадзян і добрую арганізацыю. Многія з тых, хто ў гэты дзень прыйшоў на вакцынацыю, такі медыцынскі дэсант назвалі надзвычай зручным, і з задавальненнем скарысталіся прадастаўленай магчымасцю: хутка і бясплатна (праводзілася за кошт мясцовага бюджэту) прышчапіліся.

Летась 55 працэнтаў работнікаў ТБЗ «Ляхавіцкі» зрабілі прышчэпку супраць грыпу. Як вынік, у мінулым годзе захваральнасць на ВРВІ на прадпрыемстве была мінімальнай. І сёлета торфабрыкетчыкі адны з
першых пачалі прышчапляцца, прычым за кошт завода.
За сродкі прадпрыемстваў вакцынацыю пройдуць 2000 работні-каў мясцовых прадпрыемстваў (па стане на 5 лістапада пры-шчапіліся 630 чалавек). Актыўна ўключыліся ў працэс камунгас, ААТ «Жарабковічы», райаграсэрвіс, райпо, ЗАТ «Белпрампрыбор», КСУП «Востраў-Агра», «Тальмінавічы», «Мясакамбінат «Ляхавічы», «Гандлёвы дом «Уладзімір» і іншыя прыватныя прадпрыемствы. Прычым, прышчэпку можна атрымаць непасрэдна па месцы працы. Медыкі ідуць насустрач і ўвялі ў практыку выезды на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
Загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова паведаміла, што ў гэтым годзе медустановы раёна атрымалі расійскую вакцыну «грыпол плюс». Запланавана прышчапіць ад грыпу 10092 чалавекі –  40 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва нашага раёна.
Пераважная колькасць грамадзян праходзіць імунізацыю супраць грыпу за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Бясплатна атрымліваюць вакцыну тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі:  дзеці, школьнікі, навучэнцы ЛДАКа, дарослыя з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, з парушэннямі функцыі нырак, людзі ва ўзросце за 65 гадоў, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання і інш. Па стане на 5 лістапада прышчапіліся 22,5 працэнта землякоў.
Атрымаць прышчэпку можна і за ўласныя сродкі. Для гэтых мэт райбальніца набыла 31 дозу вакцыны: 15 – расійскай вытворчасці, 16 – французскай. Калі ў мінулым годзе такім чынам прышчапіліся чацвёра землякоў, то сёлета ўжо 13. Платная прышчэпка абыдзецца ў 16 рублёў.
Медыкі ў сваім меркаванні адзіныя: вакцынацыя – самы эфектыўны сродак прафілактыкі грыпу. Статыстыка сведчыць, што 85-98 са 100 прышчэпленых пазбягаюць захворванняў на грып і ВРІ. А гэта яшчэ і істотны эканамічны эфект для канкрэтных прадпрыемстваў і дзяржавы ў цэлым.
Калі ж інфекцыі пазбегнуць не ўдасца, хвароба пройдзе ў лёгкай форме і без ускладненняў для здароўя. Супрацьпаказаннем для прышчэпкі медыкі называюць папярэднія алергічныя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны ці алергію на бялок курынага яйка. Пры вострай фазе рэспіраторных захворванняў ці абвастрэнні хранічных хвароб вакцынацыя адкладваецца да выздараўлення.
Наталля Гарбачова адзначыла, што традыцыйны ўздым захворвання ВРІ і грыпам адзначаецца ў студзені-лютым, таму кастрычнік і лістапад – аптымальныя месяцы для прышчэпкі. Прэпарат пачынае дзейнічаць праз 2-3 тыдні і абараняе арганізм на працягу наступных 6-9 месяцаў. У 2018 годзе масавая вакцынацыя прадоўжыцца да 25 лістапада.

Галіна КАНЬКО.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *