Парушэнні оптам і ў розніцу

Тэма адна, хоць і не без адценняў: на парадку дня апаратнай нарады ў райвыканкаме значылася пытанне аб мерах па спыненні гандлю ў неўстаноўленых месцах, навядзенні і падтрыманні санітарна-гігіенічнага парадку на аб’ектах гандлю, рынку райпо.

Што да першай часткі пытання, то, як адзначалася за перыяд з пачатку года ў раёне выяўлена ўсяго два выпадкі гандлю ў неўстаноўленых месцах. Вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Актуальнасць жа захавання санэпідзаканадаўства на аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання раёна, як паказала нарада, відавочна.
Са 117 аб’ектаў гандлю прадуктамі і грамадскага харчавання 69 – райпоўскія.
Як адзначыў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, за 10 месяцаў года райЦГіЭ правёў маніторынгі 88 працэнтаў гандлёвых аб’ектаў розных форм уласнасці. Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання выдадзена 98 рэкамендацый па выпраўленні выяўленых парушэнняў. Накіравана 22 прадпісанні аб канфіскацыі з абарачэння 128 кілаграмаў харчовай прадукцыі. Кіраўніцтву райпо накіраваны пісьмы з прапановай аб спыненні дзейнасці двух аб’ектаў.
Парушэнні патрабаванняў санэпідза-канадаўства ўстаноўлены на 83 працэнтах праманітораных аб’ектаў прыватнай формы ўласнасці.
Так у райпо пастаянна выяўляюцца аднатыпныя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства. Напрыклад, што тычыцца прывядзення ў належны санітарна-тэхнічны стан памяшканняў: несвоечасова выконваецца рамонт гандлёвых залаў, дапаможных, складскіх, бытавых памяшканняў. На многіх аб’ектах гандлю харчовымі таварамі адсутнічае водазабеспячэнне.
Да рэалізацыі прапануюцца тавары з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, без дакументаў, па якіх можна было б адсачыць іх шлях да прылаўка і ўпэўніцца ў якасці. Не выконваюцца правілы таварнага суседства, парушаюцца тэмпературныя ўмовы захоўвання і рэалізацыі прадукцыі. Нярэдка на тавары адсутнічае этыкетка з неабходнай інфармацыяй. Ёсць выпадкі несвочасовасці ў правядзенні ўборкі памяшканняў магазінаў і аб’ектаў грамадскага харчавання. Нямала прэтэнзій да гарадскога рынка. Тэрыторыя аб’ектаў ўтрымліваецца ў чысціні далёка не заўсёды, часам несвоечасова падкошваецца. І некаторыя другія моманты, у той ці іншай ступені характэрныя як для аб’ектаў райпо, так і іншай формы ўласнасці.
Галоўны дзярсанурач раёна канстатаваў з боку кіраўніцтва райпо не наладжаны належны кантроль за функцыянаваннем аб’ектаў.
У той жа час было заяўлена, што мерапрыемствы, запланаваныя на 2018 год праграмай па паляпшэнні санітарна-гігіенічнага і тэхнічнага стану рынкаў спажывецкай кааперацыі на 2018-2020 гады выкананы. Старшыня райпо Васілій Некрашэвіч, у прыватнасці, паведаміў, што на тэхнічнае дааснашчэнне, мадэрнізацыю, рамонт, будаўніцтва і іншае падобнае мяркуецца выдаткаваць больш за 288 тысяч рублёў. Сярод іншага, запланавана будаўніцтва магазіна па вуліцы Пташука ў райцэнтры.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *